Упершыню ў краіне шасцігадовая дзяўчынка перанесла інсульт. 21.by

Упершыню ў краіне шасцігадовая дзяўчынка перанесла інсульт

30.05.2017 07:06 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кровазліццё ў галаўны мозг, чэргі найскладаных аперацый, субкома, курс медыкаментознага лячэння, доўгі шлях рэабілітацыі… Яшчэ ўчора Васіліса Армянінава па мянушцы Васілёк, 6-гадовая дзяўчынка з Оршы, прафесійна займалася спартыўнымі бальнымі танцамі і вакалам. Сёння яе жыццё цяжка ўявіць без арсенала «меддапаможнікаў»: супрацьпролежневага матраца, трахеастамічных трубак, пульсаксіметра, лангетак на ногі. Што здарылася са здаровым дзіцём? Чаму камісія адмовіла ёй у рэабілітацыі за мяжой? Якія прагнозы даюць спецыялісты і на што спадзяюцца бацькі? Пра гэта даведалася карэспандэнт «Рэспублiкi».


Васіліса Армянінава

Васіліса Армянінава нічым спецыфічным не хварэла, толькі прастуда часам здаралася. Ніякіх перадумоў да, мякка кажучы, такой нечаканасці не было.

Напярэдадні Новага года дзяўчынка забаўлялася дома са стрыечнай сястрой. Раптам — ірвота, млявасць. У аршанскай бальніцы паставiлi дыягназ: кровазліццё ў галаўны мозг.

Віцебскі нейрахірург у гэтую ж ноч правёў аперацыю па трэпанацыі чэрапа. Працягнула барацьбу за жыццё Васілёк ужо на наступны дзень у мінскім РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Пасля шэрагу аперацый стан дзяўчынкі стабілізаваўся, яе перавялі ў Віцебскую абласную дзіцячую бальніцу. Праз некалькі дзён — зноў тэмпература, зноў аперацыя ў Мінску.

Прайшоўшы медыкаментозны курс лячэння ў дзіцячым неўралагічным аддзяленні РНПЦ і двухтыднёвую рэабілітацыю ў Беларускім дзіцячым хоспісе, Васіліса апынулася з матуляй і бабуляй у здымнай кватэры ў пасёлку Лясны. Бацька заняты на працы ў Оршы, прыязджае да родных у выхадныя.

На сёння стан дзяўчынкі стабільны, аднак пашкоджанні мозга закранулі шмат структур.

— Яна ляжыць, гаварыць не можа, толькі вачыма міргае: адзін раз — так, два — не, дыхае праз трахеастому, — Канстанцін Армянінаў дзеліцца апошнімі звесткамі пра дачушку. — Але ёсць і станоўчыя моманты. Пасля рэанімацыі ёй паставілі атрафію зрокавага нерва, але праз некалькі дзён Васілёк пачала рухаць вочкамі. Раней яна важыла 13 кілаграмаў, зараз — 16,3. Глытальнай функцыі не было, цяпер яна можа праглынаць крыху вадкасці і няцвёрдай ежы. Умудраецца нават ручкамі і ножкамі варушыць, ужо амаль самастойна трымае галоўку.

Урачы спрацавалі на ўсе 100%. Яны не да канца ўяўляюць, якім чынам дзяўчынка вытрымала столькі аперацый і выжыла. Таксама загадкай застаецца прычына кровазліцця і верагоднасць яго паўтарэння.

— Мяркуюць, што гэтаму магла паспрыяць якая-небудзь анамалія. Магчыма, нейкая сценка сасуда недаразвіта з самага нараджэння. Здарыцца гэта яшчэ раз ці не — ніхто не ведае. Адзін са спецыялістаў сказаў, што неабходна штосьці рабіць, пакуль працуе спінны мозг. У ляжачым стане ён з часам касцянее.

Бацькі вырашаюць праблемы з рэабілітацыяй. Часам да Васілька завітваюць супрацоўнікі хоспіса, аднак асноўная частка рэабілітацыйных мерапрыемстваў кладзецца на плечы маці. Яна не адыходзіць ад малой 24 гадзіны ў суткі. У хоспісе жанчыне далі інструкцыі па правільным доглядзе. Гэта ўкладванне ў фізіялагічна правільных позах, гімнастыка і масаж цела, своеасаблівы рэжым харчавання. Заўсёды неабходна сачыць за станам Васілісы: тэмпературай, ціскам, пульсам, трахеастомай… Маці давялося самой навучыцца ставіць малой зонд: асноўную частку ежы дачка атрымлівае праз яго.

— Такая штодзённая праца выціскае ўсе сілы да кроплі. А знайсці вузкіх спецыялістаў, якія працуюць с настолькі «цяжкімі» дзеткамі, няпроста. Тым больш прывабіць іх да працы ў дамашніх умовах, — выкладае сутнасць праблемы Канстанцін. — У нас на рэабілітацыю бяруць стабільных дзяцей, якія самі дыхаюць, сядзяць. Васіліса пакуль гэтага не можа.

Бацькі ўпэўнены: дзіцяці патрэбна складаная нейрарэабілітацыя. Каб высветліць, якія функцыі парушаны, і пачаць з імі працаваць, паглядзець, як дзіця будзе рэагаваць на гэта.

Сёння ўжо тры еўрапейскія клінікі гатовы прыняць Васілісу. Бацькі дзяўчынкі настроены на Германію: там існуюць фонды, якія могуць узяць на сябе частку лячэння. Ёсць прапанова на 55 тысяч еўра за 30 дзён, але такіх грошай бацькі пакуль не сабралі.

Неабходныя рэквізіты для плацяжоў - УНП 300 460 375, МФО 150 801 647:

беларускія рублі - транзітны рахунак 3 819 382 102 020 на дабрачынны рахунак 000023 у аддзяленні 215/71, бестэрміновы

долары ЗША — транзітны рахунак 3 819 382 105 027 на дабрачынны рахунак 000034 у аддзяленні 215/71, бестэрміновы

еўра — транзітны рахунак 3 819 382 105 027 на дабрачынны рахунак 000003 у аддзяленні 215/71, бестэрміновы

расійскія рублі - транзітны рахунак 38 19 382 105 027 на дабрачынны рахунак 00015 у аддзяленні 215/71, бестэрміновы

Прызначэнне платы: для залічэння на рахунак на імя Армянінава Канстанціна Аляксандравіча для лячэння і рэабілітацыі дачкі Армянінавай Васілісы Канстанцінаўны.

Самы просты і зручны спосаб дапамагчы — папоўніць баланс мабільнага тэлефона Канстанціна Армянінава +375333045036.

Кампетэнтна

Ганна Гарчакова, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса:

— Васіліса прайшла ў нас двухтыднёвы курс рэабілітацыі. З ёй працавалі англічане. Потым да яе 10 дзён прыходзіў дадому рэабілітолаг. Насамрэч рэабілітацыйныя магчымасці ў яе ёсць, але трэба крыху пачакаць. Не рэкамендуецца праводзіць курс рэабілітацыі часцей чым раз у паўгода. Мы працавалі з дзецьмі пасля кровазліцця — ніводны з чатырох не аднавіўся. Аднак нашы супрацоўнікі вучыліся ў Польшчы па заходніх методыках. А Германія… Гэта называецца турыстычнай медыцынай: плаці грошы — мы адпрацуем. Яны адначасова выкарыстоўваюць некалькі метадаў. І часцяком дзіця спачатку паказвае выдатны вынік, а потым — рэзка адваротны працэс.

Людміла Бамберава, дырэктар Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям:

— Васіліса знаходзіцца ў цяжкім стане. Аднак усё залежыць ад магчымасцей арганізма, тым больш што яна мела пэўныя навыкі раней. Верагодна, атрымаецца што-небудзь аднавіць. Хутка яны будуць шпіталізавацца да нас у дзённае аддзяленне на два тыдні. Далей — паглядзім па абставінах. Пастаянна праводзіць рэабілітацыю таксама непажадана: арганізм павінен атрымліваць адпачынак. Паліятыўны догляд, які мы прапануем, не змяшчае актыўных працэдур, характэрных для звычайнай медыцыны. Гэта фізічная рэабілітацыя, якая ўключае ЛФК, масаж, водныя працэдуры. Ёсць працэдуры, якія ўздзейнічаюць на цяглічны тонус, кровазабеспячэнне, лімфаадтокі. З дзецьмі працуюць дэфектолагі, псіхолагі, фізіятэрапеўты, неўролагі, педыятры. Калі рабіць усё паступова і індывідуальна падыходзіць да кожнага дзіцяці, гэта можа даць пазітыўны эфект.

Віктар Белабосаў, загадчык неўралагічнага аддзялення № 1 Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы:

— У дзяцей, тым больш школьнага ўзросту, кровазліцці здараюцца вельмі рэдка. Бываюць у нованароджаных з-за гіпаксіі, выкліканай пры цяжарнасці, родах. У пажылым узросце кровазліцці адбываюцца на фоне артэрыяльнай гіпертэнзіі, атэрасклерозу ці трамбозу. Апошнім часам захворванне маладзее. У дзяцей, канешне, сасуды не будуць закаркоўвацца тлушчавымі бляшкамі. Але здаровымі гэтых дзяцей таксама назваць нельга. Прычынай кровазліцця ў малых могуць стаць траўмы сярэдняй і цяжкай ступеняў, антыфасфаліпідны сіндром, нейкія сасудзістыя паталогіі або спадчыннасць. Магчыма, у гэтай дзяўчынкі ёсць нейкае захворванне крыві ці сасудаў, рэўматычныя запаленні, стрэптакокавая інфекцыя, парок ці васкуліт. Усе гэтыя выпадкі не трэба выключаць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Урачы робяць усё магчымае, каб выратаваць жыццё шасцiгадовай дзяўчынкi, якая перанесла iнсульт.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика