Паседжанні ў ратушы і невялікі штат. Як кіравалі Полацкам 500 гадоў таму. 21.by

Паседжанні ў ратушы і невялікі штат. Як кіравалі Полацкам 500 гадоў таму

12.11.2017 12:08 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Полацку, самым старажытным горадзе краіны, сёлета год юбілеяў. Ужо адсвяткавалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і ўласна 1155-годдзе. Яшчэ адна юбілейная дата — 1025-годдзе Полацкай епархіі. А налета споўніцца 520 гадоў надання гораду магдэбургскага права. У рубрыцы, прысвечанай гісторыі мясцовага самакіравання, сёння распавядаем пра мясцовы магістрат тых часоў.


Полацк, малюнак Наполеона Орды, XIX ст.

Скардзіліся «па вертыкалі»

— У Полацку магістрат стварылі пасля надання гораду 7 кастрычніка 1498 года магдэбургскага права. На жаль, вельмі мала дакументаў, па якіх дакладна можна было б меркаваць пра першыя дзесяцігоддзі дзейнасці органа мясцовага самакіравання. Добра, што засталося значна больш крыніц пра яго функцыянаванне ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях. Што да іерархіі, як у наш час сказалі б, «гарвыканкама» — магістрат не падзяляўся на бурмістраўска-радзецкую і войтаўска-лаўнічую часткі. Лаўнікі падпарадкоўваліся бурмістрам і райцам. Бурмістры, райцы і лаўнікі засядалі ў ратушы. На «пасяджэннях» прысутнічалі лайнтвойт ці яго намеснік, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў.

Бурмістры праводзілі пасяджэнні, выносілі прысуды. Яны ж прымалі самыя важныя рашэнні, у тым ліку і фінансавыя. Райцы былі іх дарадцамі, спецыялістамі ў вобласці права, знаўцамі і абаронцамі правоў і прывілеяў. Яны мелі пячатку, ключы ад ратушы і скрынкі з гарадскімі прывілеямі.

Лаўнікі («прысяжнікі») праводзілі следчыя дзеянні ў судовых справах. Яны вывучалі сітуацыі на месцах здарэнняў, аглядвалі целы забітых, раны, ацэньвалі маёмасць і г. д.

Дзейнічала ў той час і «схема» абскарджвання.

— У прыватнасці, калі вынікі ацэнкі маёмасці ці вызначэння меж зямлі, праведзеных лаўнікамі, не задавальнялі чалавека, ён мог запатрабаваць паўтарэння тых жа дзеянняў камісіяй райцаў. А мог і ў апошнюю інстанцыю звярнуцца — да бурмістраў, — працягвае гісторык.

У подпісах пад дакументамі чыноўнікі нярэдка павышалі свой статус. Ды з такім размахам гэта адбывалася, што адзін з райцаў у 1682 годзе склаў пратэст супраць адпаведных дзеянняў лаўнікаў.

Скарачалі штатны расклад

У ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях, як, верагодна, і ў ХVІ стагоддзі, магістрат складаўся з трох сесій бурмістраў, райцаў і лаўнікаў. Кожная з іх засядала ў ратушы па чарзе — праз два гады на трэці.

Іх змена адбывалася ў дзень новага года па грыгарыянскім календары. Толькі ў 1654−1667 гадах, калі Полацк падпарадкоўваўся Маскоўскай дзяржаве, магістрат мяняўся 1 верасня — па сістэме летазлічэння ад стварэння свету.

— Можна меркаваць, што колькасць бурмістраў і райцаў на працягу двух стагоддзяў заставалася нязменнай — па двое. А штат гадавых лаўнікаў паступова змяншаўся: спачатку з шасці да чатырох, потым да двух. Верагодна, гэта было выклікана паступовым — прыблізна трохразовым, скарачэннем насельніцтва горада з сярэдзіны ХVІІ да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Яшчэ больш скарачаць было нельга, бо пры магдэбургскім праве гарантавалася аднолькавае прадстаўніцтва ў магістраце асоб «рымскай» і «грэчаскай» веры, — канстатуе Максім Макараў.

Але часам ураднікаў (членаў магістрата) не хапала. І прыходзілася працаваць у «няпоўным складзе». У прыватнасці, 1 студзеня 1732 года бурмістр Тэадор Камковіч заняў месца ў ратушы, як адзначана ў гістарычнай крыніцы: «сам толькі, без калегі („рымскага“ бурмістра) і без паноў райцаў».

Пры дзвюх уладах

Даследчык паспрабаваў прасачыць ратацыю сесій полацкага магістрата ў згаданыя вышэй два стагоддзі.

Дакладна вядома, што ў 1602 і 1608 гадах у ратушы засядала адна і тая ж сесія магістрата. Напэўна, яна выконвала свае абавязкі і ў 1605 годзе. А «адпачывала» ў 1603−1604 і ў 1606−1607 гадах.

— Можна ўпэўнена сцвярджаць, што адбывалася рэгулярная ратацыя «кадраў» трох устойлівых па складзе сесій магістрата. У 1654 годзе Полацк занялі маскоўскія войскі. Персанальны склад магістрата моцна змяніўся. Але прынцыпы дзейнасці засталіся ранейшымі. У 1662 годзе маскоўскі гарнізон быў не ў стане надзейна забяспечыць абарону горада. Войска спаліла горад з умацаваннямі і схавалася ў замку. Большасць мяшчан перасялілася ў Дзісну або збегла. А мясцовы магістрат, відавочна, увогуле перастаў функцыянаваць, — працягвае суразмоўца.

У 1667 годзе Полацк зноў увайшоў у склад Рэчы Паспалітай. І магістратам сталі кіраваць прадстаўнікі той сесіі, якая дзейнічала перад вайной (амаль усе тады збеглі на тэрыторыю ВКЛ). Гісторык мяркуе, што гэтыя ж людзі працавалі і ў наступным годзе.

У першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя рэгіён знаходзіўся ў катастрафічным стане. Падчас Паўночнай вайны (1700−1721 гады) колькасць жыхароў паменшылася ў разы. У спісе супрацоўнікаў магістрата за 1704−1709 гады зусім мала прозвішчаў.

— Гэта наводзіць на думку пра недахоп ураднікаў і хранічны кадравы голад. Сітуацыя палепшылася толькі ў канцы другога дзесяцігоддзя ХVІІІ стагоддзя, — працягвае Максім Макараў.

У прыватнасці, у 1750−1772 гадах колькасць бурмістраў павялічылася. Цікава, што гадавыя лаўнікі, якія занялі пасаду ў 1762 годзе — Ян Мірановіч і Рыгор Касабуцкі, — выконвалі абавязкі на працягу ажно 7 гадоў.

Чытайце таксама:

Віцебская «вольніца». Як продкі кіравалі горадам у XVІ стагоддзі

Малавядомая гісторыя. Як жыхары «прыпісалі» Суражу магдэбургскае права

Аграгарадок Ула Бешанковіцкага раёна ў часы Рэчы Паспалітай быў моцнай крэпасцю

Мелі замак і ратушу. Як жылі ў цяперашнім расійскім Веліжы ў часы ВКЛ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Полацку магістрат стварылі пасля надання гораду 7 кастрычніка 1498 года магдэбургскага права.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика