"Трэба палюбіць неба". Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк з Чырвонага касцёла атрымаў пасведчанне пілота. 21.by

"Трэба палюбіць неба". Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк з Чырвонага касцёла атрымаў пасведчанне пілота

13.03.2018 14:11 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк атрымаў пасведчанне пілота-аматара. Ён стаў першым каталіцкім святаром у Беларусі, які стаў пілотам грамадзянскай авіяцыі, паведамляе сайт Сatholic.by

Неба, самалёт… і пробашч

Падчас першага лётнага занятку на маламерным самалёце ён зусім не хваляваўся. Маўляў, проста назірай за інструктарам і запамінай. Але ўсё пайшло не так…

— Інструктар даў мне ў рукі ключы і кажа: вы — першы пілот. Сядайце, а я буду расказваць, што тут і як працуе. Часу для роздуму не было, у лётнай школе трэба залічыць 40 гадзін: чым раней пачнеш лятаць, тым лепш.

Ксёндз Уладзіслаў упэўнены, што авіяцыя — новыя магчымасці для Касцёла і патрабаванне часу, на якое трэба адказваць.

— Летась мы распачалі верталётныя пілігрымкі у Будслаў, у Жыровічы. У кабіну можа змясціцца да сямі чалавек, таму гэта больш турыстычны тур, але і ён павінен мець сваіх душпастыраў, — зазначае святар.

— Я пабачыў зацікаўленасць такімі турамі ў прадстаўнікоў дзяржавіяцыі і адчуў, што справа мне вельмі блізкая і я гатовы яе папулярызаваць, — дадае пробашч з Чырвонага касцёла.

Цяпер ксёндз Уладзіслаў мае права на кіраванне маламернымі самалётамі і занядбоўваць лётную практыку не збіраецца. На самалёце, прызнаецца ён, можна пабачыць палову Беларусі за дзве-тры гадзіны:

— Гэта эканоміць час і адкрывае вялікія магчымасці, таму што ў самыя аддаленыя санктуарыі Беларусі больш не трэба ехаць аўтамабілем: туды можна даляцець. Атрымаецца паветраная пілігрымка, якую асабліва важна прапанаваць турыстам з-за мяжы, якія прыбываюць да нас без візы на пяць дзён.

Правы на асноўныя катэгорыі наземнага транспарту ў святара ўжо былі. Каб атрымаць пасведчанне пілота-аматара, ён спачатку наведваў заняткі па тэорыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, а пасля праходзіў лётную практыку.

— Вучыцца мне падабалася. Галоўнае — палюбіць неба, астатняе прыйдзе. Там такі прастор! Гэта незабыўна! — не хавае эмоцый ён.

Як становяцца пілотамі-аматарамі

Як расказалі ў Авіяцыйным вучэбным цэнтры «Дайманд», які праводзіць заняткі на базе аэрадрома Мачулішчы, будучым пілотам-аматарам спачатку трэба прайсці ўрачэбна-лётную медкамісію.

Адзінай установай у Беларусі, якая пацвярджае здароўе пілотаў, з’яўляецца «Медыцынская служба грамадзянскай авіяцыі». Каштуе гэта паслуга каля 100 рублёў.

Для людзей, старэйшых за 55 гадоў, камісію трэба пацвярджаць кожны год.

Для пілотаў-аматараў прадугледжана 2-я ступень годнасці, для якой патрэбна добрае здароўе: з артэрыяльнай гіпертэнзіяй (павышаным ціскам) стаць пілотам не атрымаецца, высокія патрабаванні і да зроку — пры праверцы ў акуліста трэба бачыць шэсць радкоў.

Калі пілот плануе лятаць толькі ў Беларусі і рускамоўных краінах, яму неабавязкова ведаць англійскую мову. Калі запланаваны палёты ў Заходнюю Еўропу, у Акадэміі авіяцыі Беларусі трэба прайсці адмысловы курс «англійскай мовы для пілотаў».

Пасведчанне пілота-аматара выдаецца толькі на той тып самалёта, на якім чалавек вучыўся. Калі пілот хоча кіраваць двума відамі самалётаў, ён праходзіць перападрыхтоўку.

Навучанне складаецца з тэорыі і практыкі. Тэарэтычны курс можа быць вочным і завочным. Завочны курс — каля паўтара месяца, вочны — каля месяца.

У Авіяцыйным вучэбным цэнтры «Дайманд» практычная частка складаецца з 16 гадзін наземнай падрыхтоўкі (каля трох дзён), 17 гадзін заняткаў на трэнажоры і 41 гадзіны налётаў (каля 20 працоўных дзён). Пры паспяховай здачы выдаецца пасведчанне пілота-аматара.

Але без пастаяннай практыкі яно не дапаможа. Калі перапынак у палётах большы за месяц, давядзецца праходзіць абавязковую лётную праверку з інструктарам

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк атрымаў пасведчанне пілота-аматара. Ён стаў першым каталіцкім святаром у Беларусі, які стаў пілотам грамадзянскай авіяцыі, паведамляе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика