Сцеражонага правілы сцерагуць
03.04.2018
—
Новости Общества
|
На мінулым тыдні тэму пажарнай бяспекі не абмяркоўваў хіба толькі нямы і не маючы доступу да сацыяльных сетак. У нашай рэдакцыі з яе пачыналася кожная раніца. Найперш з-пад скрынак з макулатурай мы выцягнулі вогнетушыцель, зладзілі “мазгавы штурм”, як ім правільна карыстацца. Аказалася, ніхто ніколі не бачыў, не тое што спрабаваў, дзе тут рваць пломбу, дзе тут ціснуць. Прадумалі шляхі эвакуацыі: праз закрытыя на ключ дадатковыя выхады і гарышча ці праз неіснуючую пажарную лесвіцу? Прадумалі нават, дзе выбіваць дзверы і з якога кабінета на другім паверсе на які брылёк скакаць. Засталіся незадаволенымі. Дамовіліся кожны сам сабе прынесці вяроўчыну для эвакуацыі праз акно і адзін лом на ўсіх – зламаць дзверы гарышча і чакаць эвакуацыі верталётам. Зразумелі, бяды нам на нашым чацвёртым паверсе пры надта ж змрочных абставінах і пры недастатковай інфармаванасці не мінуць бы. Хай Бог не дае. Як кажуць: выратаванне тапельцаў (варыянты могуць быць іншыя) – справа рук саміх тапельцаў. У гэтыя ж дні ў раёне, як і па ўсёй рэспубліцы, праводзіўся маніторынг пажарнай бяспекі на аб’ектах з кругласутачным і масавым знаходжаннем людзей: на ўвагу браліся гасцініцы і інтэрнаты. Разам з інспектарамі РАНС мне пашчасціла прыняць удзел у маніторынгу. Менавіта пашчасціла, бо адначасова можна было шмат карыснага і для сябе ўзяць: як дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі, на якія ўказальнікі звяртаць увагу, куды бегчы, ад каго чакаць дапамогі. У гарадской школе-інтэрнаце супрацоўнікам РАНС прадэманстравалі спраўнасць пажарнай сігналізацыі, выдатныя веды дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі вартаўніка. Не было заўваг да планаў эвакуацыі, указальнікаў. Праблемнымі аказаліся пажарныя краны. Высветлілася, што два з трох стаякоў трубаправодаў прагнілі і не працуюць. Не адпавядае патрабаванням і пакрыццё падлогі – пакладзены лінолеум. Падлога і сцены калідораў у гасцініцы “Петрыкаў” – з гаручых матэрыялаў. Запасныя выхады “ахоўваюць” навясныя замкі, прычым, адна з пажарных лесвіц увогуле спілавана, другая – у аварыйным стане. Не ўсе ўказальнікі шляхоў эвакуацыі знаходзяцца на сваіх месцах. Пажарнай сігналізацыі тут няма. У выпадку надзвычайнай сітуацыі яе заменіць гучны голас адміністратара гасцініцы. У адным з дапаможных памяшканняў сціпла стаялі чатыры вогнетушыльнікі, тэрмін прыдатнасці якіх скончыўся некалькі гадоў таму. Як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, у час маніторынгу асаблівая ўвага надавалася стану шляхоў эвакуацыі, спраўнасці сістэм бяспекі, аўтаматыкі, пажаратушэння, а таксама ўзроўню ведаў правілаў пажарнай бяспекі працаўнікамі правераных аб’ектаў. Была выяўлена эксплуатацыя дыманепранікальных дзвярэй без шчыльнага іх закрыцця і з дэманціраванымі ці непрацуючымі даводчыкамі, устаноўлены факты закрыцця дадатковых выхадаў на ключ. Адначасова супрацоўнікі РАНС нагадвалі кіраўнікам аб’ектаў пра патрабаванні пажарнай бяспекі, дзеянняў у выпадках спрацоўвання сістэм апавяшчэння пра ўзгаранне, кіравання эвакуацыяй. Ім накіраваны пісьмовыя рэкамендацыі. Ці ведаеце вы, што на планах эвакуацыі абавязкова павінен быць жоўты яркі значок “Вы знаходзіцеся тут”? Будзеце ісці міма гэтай шыльды, спыніцеся, вывучыце, запомніце, прадумайце. Алена БРУЦКАЯ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінулым тыдні тэму пажарнай бяспекі не абмяркоўваў хіба толькі нямы і не маючы доступу да сацыяльных сетак. У нашай рэдакцыі з яе пачыналася кожная раніца....
|
|