Чым большы рэгіён – тым больш праблем
У мінулую суботу старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў правёў “прамую лінію” з насельніцтвам вобласці, на якую паступіла 19 званкоў. Пераважная большасць (11 чалавек) тэлефанавала з абласнога цэнтра. Звярнуліся да губернатара вобласці з Полацка, Оршы, Глыбокага, Сенненскага, Полацкага, Дубровенскага, Пастаўскага і Чашніцкага раёнаў. Ад жыхароў Шумілінскага раёна на “прамую лінію” званкоў не паступіла.
Як паведаміла служба па рабоце са зваротамі грамадзян, у папярэднюю “прамую лінію” паступіла 15 званкоў, па 13 з іх прыняты рашэнні, 2 знаходзяцца на кантролі. Наогул за 1 квартал назіраецца зніжэнне зваротаў прыкладна на чвэрць. Істотна знізілася колькасць зваротаў у тым ліку і па Шумілінскім раёне.
Па-ранейшаму асноўныя званкі тычацца недастатковай работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожнай службы і будаўніцтва. Адметна, што ў асноўным тэлефанавалі пенсіянеры.
Па заканчэнні “прамой ліні”, аналізуючы тэлефонныя званкі, “геаграфію” і характар зваротаў, Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што ўсё ж такі ў невялікіх рэгіёнах, дзе людзі адзін аднаго ведаюць, прасцей і аператыўней рашаць пытанні. А чым большы рэгіён – тым больш праблем і пытанняў, там улада не даходзіць да чалавека, не дужа ўнікае ў яго праблемы. Таму ў першую чаргу трэба сістэматызаваць работу, наводзіць парадак. А наогул радуе тэндэнцыя па зніжэнні колькасці складаных і сур’ёзных пытанняў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2018 г.
Чым большы рэгіён – тым больш праблем У мінулую суботу старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў правёў “прамую лінію” з насельніцтвам вобласці, на якую...