Хакейная пляцоўка стадыёна “Колас” у Дзятлаве стала адной з кропак правядзення рэспубліканскага суботніка. Ужо ў 10 гадзін раніцы тут кіпела работа. Кіраўніцтва раёна, трэнеры, юныя спартсмены, прадстаўнікі арганізацый горада рамантавалі драўляныя панэлі борта хакейнай каробкі. Нагадаю, што Дзятлаўскі раён з’яўляецца адным з вядучых у хакейным турніры «Залатая шайба», раённыя каманды неаднаразова станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, таму хакейная пляцоўка ў райцэнтры – важны аб’ект, які павінен быць прыведзены ў парадак. У работах прыняў удзел і наш зямляк, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.


— Любога чалавека цягне ў тыя мясціны, дзе ён нарадзіўся, дзе адбылося яго фарміраванне. Малая радзіма, як маці, заўсёды чалавеку дапаможа і сагрэе яго. Безумоўна, вельмі важна памятаць і клапаціцца пра тыя месцы, якія з’яўляюцца для нас роднымі. Год малой радзімы нас як раз да гэтага накіроўвае. Мне вельмі прыемна сёння працаваць разам з маімі землякамі. Я ніколі не перапыняў сувязь з дзятлаўчанамі і заўсёды стараюся дапамагчы, падтрымаць іх у многіх справах, — падзяліўся Міхаіл Орда.

— Менавіта на гэтай пляцоўцы я пачынаў сваё спартыўнае жыццё і трэніраваўся. Выдатна, што Дзятлаўская хакейная каманда стараецца перамагаць, у яе ёсць значныя вынікі і поспехі.




