Навучыць гаспадарамі быць. 21.by

Навучыць гаспадарамі быць

30.04.2018 22:42 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тамара Чыжэўская па адукацыі тэхнік-электрык, скончыла Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, а працуе ў Ганцавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце настаўнікам прафесійнай падрыхтоўкі… сельскагаспадарчага профілю. Цікаўлюся, як так атрымалася.



– Па адукацыі ў першую чаргу я педагог, – тлумачыць Тамара Рыгораўна. – Скончыла каледж у 1986 годзе. Пры размеркаванні вакансій, звязаных з электрычнай сферай, не аказалася. Да таго ж я ўжо была замужам. Антона накіравалі майстрам вытворчага навучання ў Ганцавіцкі прафесійны ліцэй сельгасвытворчасці, мяне, ясная справа, разам з ім. Муж і цяпер працуе ў ліцэі інструктарам па ваджэнні аўтамабіляў. Я таксама нейкі час працавала ў ліцэі, а з 2007 года – у школе-інтэрнаце.
Спачатку яна была выхавальніцай. Але дырэктар школы Наталля Курылік заўважыла, што ў вольны час Тамара любіць вазіцца з раслінамі – па ўласнай ініцыятыве занялася дэкаратыўным афармленнем тэрыторыі, высаджвала дрэўцы, кветачкі, даглядала іх.
– Я вырасла ў вёсцы, – распавядае Тамара Чыжэўская, – у Рэчыцкім раёне на Гомельшчыне, з дзяцінства прывучана да сельскагаспадарчай працы, асабліва люблю кветкі, расліны розныя, садам займацца, агародам.
Прыгледзеўшыся да новай супрацоўніцы і ацаніўшы яе здольнасці, Наталля Барысаўна аднойчы і прапанавала ёй заняцца любімай справай – весці з дзеткамі прафесійную падрыхтоўку па сельгасвытворчасці. Тамара Рыгораўна з радасцю прыняла прапанову.
– Чыжэўская – адказны, энергічны, працавіты чалавек, – характарызуе жанчыну Наталля Курылік. – Яна шчыра зацікаўлена ў сваёй справе і захапляе ёю дзяцей.
Тамара Рыгораўна знаёміць са сваёй гаспадаркай:
– Тут вось, бачыце, дэкаратыўныя дрэвы і кусты растуць, потым мы іх будзем па ўсёй тэрыторыі перасаджваць. А справа ад дарожкі – буякі, яны яшчэ малодзенькія, але ягадкі ўжо даюць, дзецям пакаштаваць хапае. За цяпліцамі – малады сад, таксама ўжо пладаносіць. У ім яблынькі, грушы, чарэшні нават ёсць. А ў цяпліцах – расада: капуста, таматы, перцы, баклажаны. Сёння з рабятамі мы зоймемся яе пікіроўкай – дзве арачныя цяпліцы падрыхтаваны ўжо для гэтай мэты.
Дарэчы, з цяпліцамі асаблівая гісторыя. У «гаспадарцы» Тамары Чыжэўскай іх чатыры. Дзве апошнія, арачныя, за ўласныя сродкі і сваімі сіламі пабудавалі для школы італьянцы з гуманітарнага фонду «Дапаможам ім жыць». Гэта дабрачынная грамадская арганізацыя, з якой ганцаўчане супрацоўнічаюць з 2002 года, займаецца аздараўленнем беларускіх дзяцей. За гэты перыяд 250 вучняў і 26 суправаджаючых іх супрацоўнікаў школы-інтэрната пабывалі на аздараўленні ў Італіі.
– Дзякуй ім і за цяпліцы, – кажа Тамара Рыгораўна. – Дзвюх нашых старых ужо не хапала для нас, у іх не было дзе развярнуцца. Цяпер жа – прастора, ёсць дзе і памідоры пасадзіць, і нават кавуны і дыні вырошчваць. Частку прадукцыі выкарыстоўваем для ўласных патрэб, частку – прадаём. Асабліва вялікі попыт на расаду.
– Дзякуючы цяплічнай гаспадарцы, мы вырашаем асобныя ўнутраныя праблемы, – дадае Наталля Курылік. – Сродкі, выручаныя ад продажу прадукцыі, выкарыстоўваем на рамонт будынка школы, на іншыя патрэбы.
Дарэчы, клас прафпадрыхтоўкі, які вядзе Тамара Чыжэўская, мае гучную назву – бізнес-кампанія «Гаспадар». І сапраўды, тут вучаць дзяцей па-сапраўднаму гаспадарыць не толькі на ўласным падворку, але і ў грамадскай вытворчасці, у бізнесе. Тамара Рыгораўна ўспамінае аднаго былога вучня, які ўжо з сёмага класа пачаў праяўляць задаткі будучага бізнесмена. Ім ён у рэшце рэшт і стаў і цяпер паспяхова вядзе сваю ўласную справу.
– Далёка не ўсе вучні школы праяўляюць інтарэс да сельскагаспадарчага профілю прафпадрыхтоўкі, – распавядае Тамара Чыжэўская. – Некаторыя дзеці, хоць і нарадзіліся ў вёсцы, імкнуцца звязаць сваю будучыню з гарадскім жыццём. Я цярпліва і настойліва пераконваю іх, што ўменне працаваць на зямлі яшчэ нікому не пашкодзіла. І калі такія дзеці пасля карпатлівай працы ў цяпліцах ці на градках атрымліваюць свой першы ўраджай, яны рэзка мяняюць свае адносіны да сельскагаспадарчай вытворчасці. Вы б бачылі іх задаволеныя твары! І гэта мяне заўсёды радуе, калі разумею: дзякуючы і маім намаганням дзеці становяцца шчаслівымі.

Тэкст і фота
Вячаслава БУРДЫКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тамара Чыжэўская па адукацыі тэхнік-электрык, скончыла Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, а працуе ў Ганцавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце настаўнікам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика