Пад’язджаю да Міра, дзе сёння жывуць адны з нямногіх сведкаў ваеннага ліхалецця, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Данілавіч Буй і Клара Аляксандраўна Нянашава, і адчуваю лёгкае хваляванне. Адна справа прачытаць сухі матэрыял аб падзеях 1941-1945 гадоў у падручніках па гісторыі, зусім іншая – пачуць успаміны і адчуць эмоцыі тых, для каго кожны дзень працяглых ваенных гадоў напоўнены жахам і болем, а 9 Мая – не проста свята, а своеасаблівы другі дзень нараджэння.
Уладзімір Данілавіч гасцінна сустракае на парозе свайго дома. Цяжка ўявіць, але не так даўно яму споўніўся 91 год. Сакрэтам свайго даўгалецця мужчына лічыць любоў да жыцця і працы, а яшчэ – пазітыўны настрой і пастаянная фізічная актыўнасць.
– Некалькі гадоў таму пастаянна выходзіў на прабежку. Сёння здароўе ўжо не тое, але, тым не менш, на месцы не сяджу. Сын прапаноўваў пераехаць да яго ў Мінск, але я адмовіўся, бо шумны горад – для маладых, а маё месца тут, на спакойнай мірскай зямлі, – адзначыў ветэран вайны.
Той дзень, калі цішыню і спакой Карэліччыны ў момант парушылі варожыя самалёты, Уладзімір Данілавіч не толькі дасканала памятае, але, здаецца, ён стаіць перад вачыма і сёння.
– З малых гадоў бацькі прывучалі да разумення, што праца – аснова ўсяго. У нядзелю, 22 чэрвеня 1941 года, разам з хлопцамі ў в. Даўгінава Ярэміцкага сельсавета, дзе я нарадзіўся, пасвілі кароў, якіх тады было не 10-15 у вёсцы, як сёння. Усяго на пашу выганялі больш сотні жывёл, – успамінае дзіцячыя гады Уладзімір Буй. – У момант на небе аднекуль з’явіліся велізарныя самалёты, якія кружылі так нізка, што здавалася закрануць кароў. Спытаеце, ці спалохаўся? Хутчэй не зразумеў, што адбываецца. Усведамленне таго, што мірнае жыццё скончылася, а пачалося ваеннае крывавае ліхалецце, прыйшло крыху пазней, калі бацька і старэйшыя браты адправіліся змагацца з нямецкімі акупантамі.
На пачатак вайны юнаку Валодзі Бую было 15 гадоў. У камсамольскі партызанскі атрад, які размяшчаўся ў раёне в. Антанёва Карэліцкага раёна, яго ўзялі ў 1944 годзе, калі хлопцу споўнілася 17.
— Менавіта тады я развітаўся з бесклапотным юнацтвам. Стала дакладна зразумела, што вайна нікога не шкадуе. Мяне назначылі другім нумарам кулямётчыка. Было цяжка не толькі маральна, але і фізічна: даводзілася несці з сабой 6 зараджаных дыскаў, у кожным з якіх было па 43 патроны. А дадайце да гэтага яшчэ торбу з патронамі, – успамінае былы партызан. – Мне давялося змяніць трох кулямётчыкаў. Бачыць, як на тваіх вачах паранілі альбо загінуў таварыш, нават ворагу не пажадаеш.
Нямецкая куля не пашкадавала і партызана Уладзіміра Буя. Летам 1944 года, калі яго атрад размяшчаўся непадалёк ад Рудзьмы, напароліся на нямецкую засаду. Атрымаў два складаных раненні і моцную кантузію, якія даюць аб сабе ведаць і сёння. Бясконцы галаўны боль пастаянна турбуе мужчыну, напамінаючы аб жудасных падзеях вайны.
– Кулямётчык загінуў, а я ўсю ноч праляжаў у канаве, толькі на раніцу мяне падабралі баявыя таварышы. Спачатку лячыўся ў партызанскай бальніцы, потым – у мясцовай у Міры. Праз месяц быў зноў у страі, – успамінае мужчына.
Ваенная біяграфія Уладзіміра Буя ўключае шмат гераічных старонак: начныя выкананні даручаных заданняў, удзел у групе па падрыву чыгункі, баявыя дзеянні ў складзе партызанскага знішчальнага батальёна. Апошняй кропкай, якая стала завяршэннем жудаснай ваеннай несправядлівасці, стаў День Перамогі, пры ўпамінанні якога слёзы радасці выступаюць на вачах былога партызана.
– Ведаеце, 9 мая – тое адзінае свята, якое я чакаю з нецярпеннем. Для мяне вельмі важна аддаць даніну павагі ўсім таварышам, якія цаной асабістага жыцця набліжалі доўгачаканы Дзень Перамогі, і сустрэцца з баявымі сябрамі, з якімі ў нас шмат агульных успамінаў, жудасных і страшных, але ад іх мы ўжо нікуды не дзенемся, – не стрымліваючы эмоцыі, адзначае Уладзімір Данілавіч.
Не хаваў шчырых пачуццяў радасці Уладзімір Буй пры сустрэчы з Кларай Аляксандраўнай Нянашавай. Так вітаюць адзін аднаго родныя людзі. І сапраўды, былы партызан і сувязная, якой на працягу ўсёй вайны была Клара Нянашава, родныя па духу, бо агульнага ў іх жыцці больш чым дастаткова. Безумоўна, галоўнае, што іх яднае, – Дзень Перамогі, якому папярэднічалі доўгія гады ваенных выпрабаванняў. Да таго ж разам працавалі на птушкафабрыцы “Чырвонаармейская”, якая на той момант была ў росквіце. Ды і дні нараджэння абодвух ветэранаў амаль што супадаюць і прыпадаюць на люты 1927 года.
Трагічную навіну аб пачатку вайны 14-гадовая Клара сустрэла ў в. Цімкавічы Капыльскага раёна, куда сям’я пераехала ў 1940 годзе. Сваяк Клары Аляксандраўны працаваў на пошце. Менавіта ён расказаў пра тэлеграму, з якой стала вядома, што пачалася вайна. Амаль адразу пачалася стральба непадалёк ад вёскі на дзяржаўнай мяжы СССР і Польшчы.
– У Цімкавічах немцы з’явіліся вельмі хутка. Сапраўдны жах ахапіў усіх, калі акупанты забілі мясцовага жыхара і працягнулі яго, прывязанага за нагу да матацыкла праз усю вёску. Да таго ж, праязджаючы па вуліцы, немцы бязладна стралялі па хатах. Тады мой дзед перавёз сям’ю ў вёску Бабоўня, якая таксама на Капыльшчыне, – дзеліцца ўспамінамі, пачутымі ад Клары Аляксандраўны, яе дачка Зоя Міхайлаўна.
Бацька Клары Нянашавай, Аляксандр Паўлавіч, пайшоў у партызанскі атрад імя Калініна. У гэтым жы атрадзе сувязной была старэйшая сястра Клары Аляксандраўны. У хуткім часе да іх далучылася і сама 14-гадовая дзяўчынка.
– Мама расказвала, як яны набіралі поўныя кошыкі маліны і ішлі ў Копыль, нібы яе прадаваць. На самой жа справе мэта была зусім іншая: даведацца аб раскладзе руху паяздоў і іх колькасці на станцыях Нясвіж, Гарадзея, Стоўбцы, – успамінае дачка ветэрана вайны.
Разбурэнне і нястача – тыя рэчы, якія суправаджалі ваенныя гады. Па словах Клары Аляксандраўны, асабліва не хапала солі. Але ўсё ж такі часамі яе атрымоўвалася вымяняць на самастойна звязаныя хусткі і шалі.
– Бабоўня знаходзілася ў акружэнні лесу, таму немцы тут баяліся затрымлівацца. Уцалелыя сяляне пакрысе саджалі бульбу, якую з’ядалі, а лупінне ізноў саджалі. Гучыць дзіўна, але яно прарастала, – расказвае Зоя Міхайлаўна.
Пасля вызвалення Беларусі бацька Клары Аляксандраўны працягваў ваяваць на фронце, загінуў пад Варшавай. Сама 18-гадовая Клара разам з 6 дзяўчатамі некаторы час працавала на Чалябінскім станкабудаўнічым заводзе, уносячы свой уклад у агульную справу барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Можна яшчэ шмат пералічваць гераічныя подзвігі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, але відавочна адно: дзякуючы іх стойкасці духу і патрыятызму наступныя пакаленні беларусаў жывуць у міры і згодзе, атрымліваючы асалоду ад блакітнага неба над галавой.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.