Падчас апошняй «прамой лініі” ў рэдакцыі працавала дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №225 ААТ “ААБ Беларусбанк” Вольга Масько. У рэжыме анлайн Вольга Юр’еўна адказала на ўсе пытанні нашых чытачоў.
? Вольга Юр’еўна, ці магу я зняць частку грошай з укладу без страты працэнтаў? Тэрмін вяртання яго яшчэ не надышоў.
– А які ў вас аформлены ўклад?
– “Ашчадны”.
– Так, па гэтым відзе ўкладу можна.
– А магу я ў банку на ўклад аформіць завяшчальнае распараджэнне і колькі гэта будзе каштаваць?
– У нас можна аформіць і завяшчальнае распараджэнне, і даверанасць. Кошт да-дзеных паслуг невялікі – усяго 2 рублі 50 капеек.
? Я забыла картку ў банкамаце БПС-Ашчадбанк у Віцебску. Што мне зараз рабіць?
– Не хвалюйцеся. Вашу картку перададуць па месцы адкрыцця карт-рахунка, г. зн. нам, але праз пэўны час. Таму хачу даць слушную параду – абавязкова выпусціце сабе другую картку да свайго рахунка. Такім чынам вы пазбавіце сябе ад непрадбачаных абставін і сапсаванага настрою. Гэта сусветная практыка – на асабістым рахунку мець некалькі картак.
?У мяне яшчэ ёсць чэкі “Маёмасць”. У акцыі якога прадпрыемства мне іх можна ўкласці?
– Выбар толькі за вамі. Атрыманне дывідэндаў і іх памер залежыць ад фінансавага дабрабыту прадпрыемства, а вось з пералікам прадпрыемстваў вы можаце азнаёміцца на сайце нашага банка ці звярнуўшыся непасрэдна ў банк.
? Хочам купіць кватэру. Ці выдае ваш банк крэдыты на такія патрэбы? Калі так, на якіх умовах?
– Такі крэдыт ёсць, і ў апошні час попыт на яго значна расце. Тэрмін такога крэдыту 20 год з працэнтнай стаўкай 13,5% (стаўка рэфінансавання+3%). Перавагі такога крэдыту відавочныя. Па-першае, першыя 18 месяцаў вы будзеце плаціць толькі працэнты, і толькі, пачынаючы з 19 месяца – і асноўны доўг. Па-другое, немалаважны факт, што пры разліку сумы крэдыту можна ўключыць у сукупны даход крэдытаатрымальніка даходы паручыцеляў – мужа (жонкі), бацькоў, паўналетніх дзяцей, іншых родных і фізічных асоб. Акрамя таго, можа ўлічвацца не толькі заработная плата, але і іншыя пастаянныя крыніцы даходу, пацверджаныя дакументальна. Па-трэцяе, набыць кватэру можна ў любым горадзе Беларусі.
? У мяне картка Беларусбанка. Падкажыце, калі ласка, у якіх банкаматах не вашага банка можна здымаць наяўныя грошы без камісіі.
– У банкаматах партнёраў Беларусбанка. Гэта буйныя беларускія банкі з мноствам банкаматаў па ўсёй краіне: ААТ “Белаграпрамбанк”, ААТ “БПС-Ашчадбанк”, ААТ “Белінвестбанк”.
– Дзякуй.
? Выбралі ў інтэрнэт-магазіне тэлевізар, які хочам набыць у растэр-міноўку праз Беларусбанк. Вольга Юр’еўна, падкажыце, ці можна менавіта ў Беларусбанку Шуміліна яе аформіць?
– Так, зараз актыўна людзі сталі карыстацца паслугамі інтэрнэт-магазінаў і ўсё часцей набываюць тавары ў растэрміноўку праз Беларусбанк. Не важна, дзе знаходзіцца гандлёвая арганізацыя, з якой заключаны дагавор аб прадастаўленні растэрміноўкі нашым банкам. Атрымаўшы рахунак-фактуру, вы можаце прыйсці да нас і аформіць растэрміноўку.
Тэкст і фота Алены КАРПУШЭНКІ.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2018 г.
Пра ўклады, карткі і крэдыт на жыллё Падчас апошняй «прамой лініі” ў рэдакцыі працавала дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №225 ААТ “ААБ Беларусбанк” Вольга...