Бойкі быў куток
02.06.2018
—
Новости Общества
|
Гісторыкі кажуць, што старажытныя людзі нездарма сяліліся на берагах рэк — так было зручней гандляваць. Вось і ў Глуску местачкоўцы гандлявалі з даўніх часоў. Месцы, дзе адбываўся гандаль ці праводзіліся вялікія кірмашы, з часам, канешне ж, мяняліся. Напрыклад, да вайны базар быў там, дзе зараз стаіць мемарыяльны комплекс Воінскай Славы, доўгі час гандляры з усёй акругі з’язджаліся на базарную плошчу, дзе зараз будынак райвыканкама… Сталыя глушчане, напэўна, могуць назваць яшчэ шмат мясцін у Глуску, дзе сяляне і местачкоўцы прадавалі лішкі са свайго агарода ды сада. А вось гадоў трыццаць назад такіх гандляроў кожны дзень можна было сустрэць каля кіёска “Саюздрук”, які размяшчаўся на рагу цэнтральнага парку, недалёка ад “дзяжурнага” магазіна (зараз “Глушчанка”). Шмат гадоў назад, дзесьці ў 1980-я, аб’ектыў фатографа захаваў для гісторыі адзін дзень з жыцця нашага мястэчка, і спыніўся ён менавіта ў тым самым месцы на рагу парку. Бачым, што ў кіёску нешта зацікаўлена выбіраюць падлеткі (напэўна, часопіс “Юны тэхнік” разглядвалі, які ў той час быў вельмі папулярны сярод савецкіх хлапчукоў). А побач, з маленькімі і вялікімі вёдрамі, напоўненымі ягадамі, стаяць бабулі і дзядулі. Занятыя цэлы дзень на працы глушчане набывалі першыя суніцы, клубніцы ці чарніцы каля “Саюздруку” ў тых самых бабуль ды дзядуль, якія, дарэчы, выбралі для гандлю вельмі зручнае месца: цэнтр гарадскога пасёлка, ды і газетны кіёск пакупнікоў прывабліваў. Зараз аб былой гандлёвай кропцы нагадвае толькі пустое месца, прагаліна даўжынёй у некалькі крокаў у каменнай агароджы парку. Але я ўпэўнена, што шмат глушчан, праходзячы міма гэтага месца, нярэдка ўспамінаюць і стары кіёск, і тых бабуль, якія працягвалі сваім пакупнікам духмяныя ягады ў кульку, зробленым з ліста газеты… Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ Фота Ігара КІРЫНА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гісторыкі кажуць, што старажытныя людзі нездарма сяліліся на берагах рэк — так было зручней гандляваць. Вось і ў Глуску местачкоўцы гандлявалі з даўніх часоў.... |
|