Гандляваць там, дзе можна гандляваць
15.06.2018
—
Новости Общества
|
Думаю, усім даводзілася бачыць, як той ці іншы чалавек у тым ці іншым людным месцы, што называецца, з зямлі або з аўтамабіля прадае нейкі тавар, як правіла, сезонную садавіну або агародніну. Некаторыя, магчыма, і самі куплялі тавар у такіх прадаўцоў і пры гэтым не асабліва задумваліся, што такім чынам падтрымліваюць несанкцыянаваны гандаль. “А што тут такога? — скажа нехта. — Нават зручна: ішоў міма, убачыў, купіў…” Але ж ці насамрэч так усё проста і зручна? Пра гэта мы запыталіся ў начальніка аддзела эканомікі Глускага райвыканкама Людмілы Васіленкі. Вядома ж, не, патлумачыла спецыяліст. Па-першае, несанкцыянаваны гандаль харчовымі таварамі небяспечны для пакупнікоў, таму што такія прадаўцы не даюць свой тавар для праверкі на нітраты, а значыць, не гарантавана яго якасць. Да таго ж невядома паходжанне такой прадукцыі, бо ўсе, хто на базары прадае вырашчанае на прысядзібным участку, маюць адпаведную даведку, што ён (участак, агарод) у іх насамрэч ёсць. Па-другое, несанкцыянаваны гандаль — гэта недаплачаныя ў бюджэт падаткі ў выглядзе збору за месца, скажам, на тым жа базары. Дарэчы, сумы для фізічных асоб, адзначае Людміла Васіленка, даволі прымальныя: ад 2 рублёў 82 капеек да 69 капеек, калі хтосьці прадае, скажам, вядро ягад або бульбы і не займае абсталяванага крытага месца. Ну і па-трэцяе, ёсць такое паняцце, як правілы добраўпарадкавання, якія несанкцыянаваным гандлем парушаюцца. (Ад сябе ж дадам яшчэ і пра небяспеку траўматызму, бо сама бачыла, як прадавалі клубніцы прама на аўтамабільнай стаянцы каля аднаго з папулярных местачковых магазінаў.) Дарэчы, складаць пратаколы за такое адміністрацыйнае парушэнне могуць упаўнаважаныя асобы райвыканкама, у прыватнасці, аддзела эканомікі, а таксама сельвыканкамаў (іх старшыні). — Факты несанкцыянаванага гандлю ў нашым райцэнтры і ў сельскай мясцовасці маюць месца, — распавядае Людміла Васіленка, — але іх не так шмат, як у буйных гарадах. У мінулым годзе быў складзены адзін адмі-ністрацыйны пратакол з накладаннем штрафу ў дзве базавыя велічыні. Сяголета папярэджаны два прадпрымальнікі і тры фізічныя асобы. У бліжэйшы час меры па недапушчэнні несанкцыянаванага гандлю будуць узмоцнены: для гэтага ў раёне ствараецца мабільная група, у якую ўвойдуць прадстаўнікі райвыканкама, міліцыі, падатковай і санітарнай службаў. Гэта група якраз і будзе сачыць за тым, каб усе ахвотныя гандляваць рабілі гэта там, дзе патрэбна: у магазінах, павільёнах, палатках, якія ўключаны ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь, на рынку “Цэнтральны” і на міні-рынку Глуска, а таксама ў некаторых іншых устаноўленых раённым выканаўчым камітэтам месцах, іх пералік на сайце райвыканкама ёсць. І тым, хто самастойна ўтварае стыхійныя гандлёвыя кропкі, і тым, хто падтрымлівае незаконна гандлюючых прадаўцоў, купляючы ў іх тавар, трэба ўсведамляць, што ў гандлі, як і ў любой іншай сферы дзейнасці, ёсць свае правілы, іх неабходна выконваць — каб быў парадак, а непрыемных наступстваў не было. Таццяна ЛУКАШЭВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Думаю, усім даводзілася бачыць, як той ці іншы чалавек у тым ці іншым людным месцы, што называецца, з зямлі або з аўтамабіля прадае нейкі тавар, як правіла, сезонную...
|
|