Сустрэча старых сяброў
22.06.2018
—
Новости Общества
|
У грамадскіх арганізацыях 15 чэрвеня воіны-інтэрнацыяналісты, якія працуюць у Асіповіцкім упраўленні магістральных газаправодаў, сустракалі сваіх сяброў-калег з Крупак. Умацоўвацца гэтыя сувязі пачалі па ініцыятыве начальніка Крупскага філіяла УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” Iгара Сапегіна, які сам ваяваў у Афганістане, а потым працаваў у калектыве лапіцкіх газавікоў. Цяпер кантакты суполак БСВВА абодвух структурных падраздзяленняў газатранспартнай кампаніі рэгулярныя, дастаткова рознапланавыя і насамрэч блізкія. У прыватнасці, крупскія “афганцы” дапамагалі асіпаўчанам у выданні кнігі “Без лініі фронту” — сабралі дзеля гэтай важнай справы 500 рублёў. Масавыя ж сустрэчы арганізоўваюцца звычайна раз у два гады, яны праходзяць папераменна, і сёлета — чарга Асіповічаў. Гаспадары сустрэлі дэлегацыю ля помніка загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам на Алеі Герояў, да якога ўсклалі кветкі памяці, а потым у СШ № 3 адбылася цырымонія ўзнагароджання медалямі “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” і “За заслугі” ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Сярод адзначаных узнагародай грамадскага аб’яднання і землякі — Леанід Купрэйчык, Сяргей Жук, Уладзімір Вашчанскі. Госці з задавальненнем агледзелі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, які створаны на базе школы, і папоўнілі яго фонды майстэрскі зробленым макетам. Ён дэталёва адлюстроўвае звычайны эпізод афганскай вайны — рух транспартнай калоны, якую ахоўвае савецкі блокпост і за якім пільна сочыць засада маджахедаў. У Крупках пра стварэнне музея ведалі. Раней сюды ўжо былі перададзены цікавыя прадметы: рэдкая карта Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан і меч дружбы. Аднак гатовую экспазіцыю госці ўбачылі ўпершыню, і яна пакінула моцнае ўражанне. Агульную думку выказаў “камандзір” крупскіх афганцаў Iгар Сапегін: — Кожны экспанат выклікае эмоцыі, ажыўляе памяць пра адну з найбольш яркіх падзей у жыцці. I яшчэ больш умацоўваецца перакананасць, што на хлопцаў, якія бачылі тую вайну на свае вочы, можна спадзявацца ва ўсім. Для тых, хто ведае цану сапраўдным каштоўнасцям — жыццю сяброў, кроплі вады, калі пакутуеш ад смагі, — ніякія цяжкасці мірнага жыцця не здаюцца складанымі. Напэўна, мы, “афганцы”, таму і трымаемся разам, што адчуваем такую глыбінную еднасць. Старшыня асіповіцкай райарганізацыі ГА «БСВВА» Юрый Корбан з падобным вызначэннем баявога братэрства і яго каштоўнасці цалкам згодны і падчас сустрэчы з крупскімі сябрамі падзяліўся “сакрэтнымі” планамі аб выкарыстанні вопыту сувязей воінаў-інтэрнацыяналістаў з розных філіялаў ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” для арганізацыі кантактаў паміж падраздзяленнямі іншых прадпрыемстваў, маючых разгалінаваную тэрытарыяльную структуру. У першую чаргу — гэта нашы завод аўтаагрэгатаў, які ўваходзіць у холдынг “Белаўтамаз”, і прадпрыемствы чыгуначнага вузла Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі. I, здаецца, такая задума будзе мець рэальны працяг. Дзмітрый САЎРЫЦКI. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У грамадскіх арганізацыях 15 чэрвеня воіны-інтэрнацыяналісты, якія працуюць у Асіповіцкім упраўленні магістральных газаправодаў, сустракалі сваіх сяброў-калег з...
|
|