Здача збожжа ў засекі дзяржавы ідзе праз Столінскае збожжапрыёмнае прадпрыемства. Менавіта тут робяць аналіз культур, адказваюць за яго адпраўку, частку збожжа захоўваюць на тэрыторыі прадпрыемства.
Аб асноўных напрамках работы прадпрыемства сёлета расказаў яго дырэктар Георгій Барысавіч ЖЫЛКО:
– Згодна з планам Пінскі камбінат хлебапрадуктаў сёлета павінен закупіць 8230 тон збожжа. У нашым раёне гэта 7 тысяч тон пшаніцы, 1 тысяча тон жыта, 230 тон грэчкі. Непасрэдна на Давыд-Гарадоцкі філіял “Берасцейскі пекар” адправім 700 тон жыта. 1400 тон піваварнага ячменю адгрузім на “Белсолад”.
На перавозцы збожжа будуць задзейнічаны 15 транспартных адзінак – непасрэдна збожжапрыёмнага прадпрыемства, сельгастэхнікі, аўтабазы № 12, фермерскай гаспадаркі “Алеша КМІ” і індывідуальнага прадпрымальніка Шынкарэвіча.
Нягледзячы на салідны пералік арганізацый, якія даюць тэхніку, магчымы перабоі менавіта з транспартам. Бо некаторым КамАЗам ужо па 30-40 гадоў. Калі да тэхнікі збожжапрыёмнага прадпрыемства, транспарту фермерскай гаспадаркі і індывідуальнага прадпрымальніка няма пытанняў, то гэтага не скажаш пра астатнюю тэхніку.
У першы дзень прадпрыемства забрала жыта ў ААТ “Церабяжоў-Агра” і пшаніцу ў КСУП “АграГлінка”. Гэтыя гаспадаркі сталі першаадкрывальнікамі паставак.
І ўжо сёння пачынаецца масавая закупка збожжа ва ўсіх гаспадарках раёна. Працягнецца яна прыкладна тры тыдні.
– У дзень мы можам прымаць 800 тон збожжа, – гаворыць Георгій Барысавіч Жылко. – Праблемы з транспартам будзем вырашаць па меры ўзнікнення. Але прыкладзём усе намаганні, каб пастаўкі ў засекі дзяржавы ішлі згодна з планам.
На прадпрыемстве працуе зладжаны калектыў. Большасць работнікаў не адзін дзясятак гадоў вядзе свой напрамак работы. Сярод іх майстар Ганна Антонаўна Гузіч, якая працуе з 1979 года. Ведае сваю справу радыёлаг, ён жа па сумяшчальніцтве і лабарант – Сяргей Уладзіміравіч Міхайлаў. Пад пільным кантролем электрыка Уладзіміра Дзмітрыевіча Асауленкі і электразваршчыка Андрэя Сцяпанавіча Мельніка знаходзяцца ўсе тэхналагічныя працэсы і тэхніка.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара