Ганна Царанкова з сям’ёй і самым маленькім жыхаром Пенчына – Сярожам
«Гонар вёскі» Марыя Васільеўна Немцава
У мінулую пятніцу ў Пенчыне панавала небывалае ажыўленне: жыхары аграгарадка сабраліся, каб разам адзначыць незабыўны і ўрачысты дзень – свята вёскі, свята роднага, мілага кутка.
– Сёння ў вас выдатнае, усімі любімае свята – Дзень вёскі, месца, дзе вы нарадзіліся, дзе многія жывуць і працуюць. Дарагія жыхары аграгарадка Пянчын, памятайце: пакуль жыве наша малая радзіма, разам з ёю жывем і мы, – адзначыла ў сваім віншаванні намеснік старшыні Гусявіцкого сельскага Савета дэпутатаў Наталля Коўш.
Па традыцыі, ад усіх хлебаробаў ААТ «Эксперыментальная база «Пянчын» гасцям хлебасольнай пянчынскай зямлі быў уручаны святочны каравай. А працягнулася свята, вядома ж, ушаноўваннем людзей, для якіх родная вёска, свой дом і сям’я важней за ўсё. Так, аграгарадок Пянчын ў гэтым годзе стаў багацей на аднаго чалавека: на свет з’явіўся Сярожа Царанкоў, які стаў самым маленькім жыхаром населенага пункта. Самым мудрым жыхаром Пенчына з’яўляецца Кацярына Феакцістаўна Кавалёва. Сям’я Аляксандра Дзмітрыевіча і Марыі Ягораўны Берднікавых па праве названая самым моцным саюзам аграгарадка. Бурнымі апладысментамі віталі і самую маладую сям’ю – Багдана і Наталлі Кавалёвых. Лепшай шматдзетнай сям’ёй названая сям’я Аляксандра і Кацярыны Грыб. Званне «Гонар вёскі» прысвоена выдатнай жанчыне, працаўніцы і ветэрану працы, маці васьмярых дзяцей, уладальніцы ордэна Леніна Марыі Васільеўне Немцавай.
Пагадзіцеся, заўсёды прыемна бачыць, як людзі сваёй працай упрыгожваюць малую радзіму і з кожным годам яна прыгажэе. Радуе, што многія сем’і імкнуцца, каб у іх дамах панавалі парадак і ўтульнасць, каб у дварах і каля дамоў была чысціня, раслі кветкі і дрэвы. Вось і на Дне вёскі быў названы дом, які сапраўды ўпрыгожвае Пянчын: гэта двор Аляксандра і Раісы Котыхавых. Камісіяй Гусявіцкага сельскага Савета менавіта ён быў прызнаны лепшым у аграгарадку на сённяшні дзень. А свята роднай вёскі – чым не падстава яшчэ раз выказаць словы падзякі беражлівым гаспадарам за іх працу, фантазію і любоў да свайго роднага кутка.
Дарэчы, на працягу свята прысутных радавалі выдатныя кветкавыя кампазіцыі і сталы, падрыхтаваныя прадстаўнікамі арганізацый, размешчаных на тэрыторыі аграгарадка: сярэдняй школы, дзіцячага садка, амбулаторыі, сельгаспрадпрыемства.
Пасля ўшанавання мясцовых жыхароў свята не скончылася: мерапрыемства працягнула канцэртная праграма, падрыхтаваная цэнтральным раённым домам культуры, і маладзёжнай дыскатэкай.
Марына ЛУСЕВІЧ.
Фота Рамана Вежнаўца.