Добры настрой пекара – смачны хлеб
21.07.2018
—
Новости Общества
|
Прыемна, калі праца людзей заўважаецца, заахвочваецца шматлікімі ўзнагародамі. Так і павінна быць. Вось і майстар-пекар участка кааператыўнай прамысловасці нашага райспажыўтаварыства Ала Матрас была адзіная запрошана на нядаўняе ўрачыстае мерапрыемства ў Гомель, прысвечанае 80-годдзю стварэння сістэмы спажыўкааперацыі. Валявая, адказная, ведаючая справу хлебапёкаў жанчына атрымала грамату абласнога Савета дэпутатаў. Днямі я дамовілася на сустрэчу з Алай Аляксандраўнай, каб спытаць пра некаторыя дэталі яе прафесіі. Як аказалася, справу асвойвала тут, на месцы, на хлебазаводзе. Навучала ўсім тонкасцям загадчыца вытворчасці Ніна Татарыновіч яшчэ дзевяць гадоў таму. Менавіта столькі Ала Аляксандраўна занята на выпечцы хлеба і белабулачных вырабаў. Да гэтага, пасля заканчэння былога Гомельскага тэхнікума кааператыўнай прамысловасці, працавала ў сістэме гандлю прадаўцом. Агульны працоўны стаж – 38 гадоў. Пра свае заслугі жанчына распавяла сціпла. Сказала хіба толькі тое, што цеста любіць добры настрой пекара. Тады хлеб і булкі атрымліваюцца надзвычай смачнымі і пульхнымі. А настрой гэты ствараюць жанчыны, якімі і кіруе майстар. На загрузцы мукі занята Анжэла Занкевіч. Цестамесам працуе Таццяна Карась. Фармуе будучыя мучныя вырабы Зоя Сокал. Алеся Рушалюк – пекар, а Галіна Чорная ўкладвае гатовы хлеб, батоны і булачкі, асартымент якіх на заводзе даволі шырокі. Як бачна, кожны адказвае за даручаны ўчастак работы і гэта добра атрымліваецца ў каманды жанчын. Завод працуе круглыя суткі. Ала Аляксандраўна прызнаецца, што ўжо прызвычаілася працаваць па 12 гадзін. Работа забірае большасць часу жыцця, таму і сваёй моцы жанчына аддае ёй больш. Дочкі дарослыя: Наташа працуе майстрам на дрэваапрацоўчым цэху ў Ляскавічах. Марыя пражывае ў Мазыры. Яна – бармэн. Да размовы далучылася дырэктар участка Людміла Прысада. Людміла Уладзіміраўна адзначыла, што ўзнагарода знайшла свайго героя: Ала Аляксандраўна заслужана была вызначана. Праца, вядома, цяжкая, але людзі, што працуюць на ўчастку кааператыўнай прамысловасці, укладваюць у яе сваю душу і цеплыню рук. Што датычыць вытворчасці, то нашы хлебапёкі “працуюць” з пінскай мукой. Менавіта таму наш хлеб такі смачны і карыстаецца попытам не толькі ў жыхароў Петрыкаўшчыны. Штодзень вырабляецца да 7-8 тон мучной прадукцыі. Яна ідзе на рэалізацыю ў суседнія Жыткавіцкі, Калінкавіцкі і Мазырскі раёны. Сёлета, са слоў Людмілы Прысады, калектыў зноў будзе прымаць удзел у рэспубліканскім конкурсе якасці хлебнай прадукцыі “Смаката”. Для ўдзелу плануюць прадставіць хлеб падавы з семкамі “сялянскі”, фармавы хлеб “цаглінка”, пернік “Петрыкаўскі” і булачку з павідлам. Пажадаем нашым майстрам-хлебапёкам здароўя і добрага настрою. А Алу Матрас віншуем з узнагародай! Інга ГІЛЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыемна, калі праца людзей заўважаецца, заахвочваецца шматлікімі ўзнагародамі. Так і павінна быць. Вось і майстар-пекар участка кааператыўнай прамысловасці...
|
|