Долары могуць плеснець, а еўра – іржавець…...
03.08.2018
—
Новости Общества
|
Калі вы захоўваеце іх недзе ў хованках свайго дома Звярнуўся ў рэдакцыю са сваім пытаннем жыхар в. Заполле М. Б. І вось што ён расказаў сумнага. Надарылася такая сітуацыя, калі тэрмінова трэба было разлічыцца за набыты тавар. А грошай, як на тое, у хаце – не хапае. Пенсія праз тыдзень. Ну, на такі выпадак у многіх прыхованыя долары ці еўра ляжаць. Вось і ў М. Б. была адна паперка зялёная, соценная….
З той доларавай купюрай заспяшаўся гаспадар у мясцовае аддзяленне банка. Шчаслівы ад прадчування добрага абмену, працягнуў купюру. І раптам, як гром сярод яснага неба: “Не можам вашу купюру прыняць. Яна з цвіллю. Можам яе ўзяць на абмен, але вам давядзецца чакаць тыдні два, і вы згубіце 5 працэнтаў ад кошту…”
Вось дык навіна… Мусіў згадзіцца гаспадар са словамі аператара, бо паказалі яму сляды цвілі на доларах, патлумачылі ўсё. Але сумненні засталіся: ці правільна, чакаць столькі часу ды яшчэ і губляць працэнты?
Аказалася, усё правільна.
Як патлумачылі нам у ААТ “ААБ Беларусбанк”, правілы з абыходжаннем замежных валют у краіне вельмі строгія. І яны абавязковыя для выканання. У кожным аддзяленні банка на інфармацыйным стэндзе знаходзіцца пералік прыкмет плацежнасці банкнот у замежнай валюце, з ім можна пазнаёміцца.
Банкі выконваюць некалькі аперацый з замежнай валютай. Акрамя куплі-продажу, ёсць аперацыя размену, замены і аперацыя інкаса. Купля, продаж, размен нам добра вядомыя, спынімся на двух апошніх.
Замена. Зношаныя, часткова пашкоджаныя купюры замежнай валюты, які не згубілі прыкмет плацежнасці, сапраўднасць якіх не выклікае сумненняў, банк замяняе на купюры такой жа вартасці. Гэта аперацыя платная для кліента, банк бярэ 3 працэнты ад сумы замены, не менш за 1 долар ЗША.
Інкаса. Гэта аперацыя прадугледжвае прыём банкам ад кліента купюр, якія выклікаюць сумненні ў плацежнасці, і накіраванне іх на даследаванне. Даследаванні праводзіць асобны банк, які мае на гэта паўнамоцтвы. Гэта аперацыя таксама платная для кліента – 5 працэнтаў ад сумы.
Якія купюры не могуць быць проста замененыя, а ўзятыя на інкаса?
1. Купюры, якія страцілі вуглы, краі плошчай больш за 2 см, асобныя фрагменты, але захавалася больш за 55 працэнтаў першапачатковай плошчы.
2. Разарваныя на часткі купюры (але не больш за тры) і склееныя празрыстай лентай пры безумоўнай прыналежнасці фрагментаў да адной купюры.
3. Купюры, якія змянілі свае памеры ў той ці іншы бок больш, чым на 3 міліметры.
4. Купюры, якія маюць пашкоджанні (змененыя асноўныя рысункі, пашкоджана ахоўная нітка, ёсць вялікія надпісы, праколы…).
5. Залітыя маслам купюры не больш за 50 працэнтаў плошчы і іншыя (паўторымся, гэты пералік будзе ў любым аддзяленні банка).
Што тычыцца цвілі, то гэта ў Беларусі не першы выпадак, сапраўдны бум з-за плесні на доларах быў гады чатыры назад – тады банкі выяўлялі многа фактаў наяўнасці грыбка на купюрах, гэта лёгка было відаць у святле ультрафіялета. Такія купюры, з грыбком, прымаліся на інкаса.
Дададзім неабходнае: аперацыя інкаса патрабуе часу. Іншым разам чакаць давядзецца каля месяца. Такія закладзены нормы.
Як кажуць у банку, захаванне купюр у іх адбываецца ў спецыяльным памяшканні з вызначаным мікракліматам, купюры змяшчаюцца ў вакуумную ўпакоўку. А дома? Часам купюры загортваюцца ў паперу, кладуцца ў металічныя бляшанкі, кладуцца між тканінай… У нашых дамах можа быць то вельмі холадна і сыра, то горача і вільготна. Папера купюр зроблена з раслінных валокнаў, значыць, на ёй можа пасяліцца грыбок і рэальна сапсаваць купюру.
Вельмі далікатныя ў адносінах да свайго захавання цяперашнія еўра. Справа ў тым, што купюры гэтыя ўтрымліваюць шмат металу: гэта і вялікая ахоўная ніць, і мноства дробных іншых. І вось пры неспрыяльных умовах захоўвання гэты метал у купюры можа элементарна іржавець, раз’ядацца ад актыўных хімічных рэчываў, акісляцца. І купюра на вачах губляе сваю плацежнасць.
Кароткі вывад, які вы можаце зрабіць і без падказкі: захоўванне дома вялікай сумы грошай у купюрах замежнай валюты, акрамя рызыкі крадзяжу, мае яшчэ адну рызыку – купюры могуць сапсавацца. Згадзіцеся, захоўваць у банку ўсё ж куды надзейней.
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звярнуўся ў рэдакцыю са сваім пытаннем жыхар в. Заполле М. Б. І вось што ён расказаў сумнага. Надарылася такая сітуацыя, калі тэрмінова трэба было разлічыцца за...
|
|