Акцыя «Збяром дзяцей у школу» прынесла светлыя хвіліны маленькім пацыентам Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Як паведаміла галоўная медсястра ўстановы, і па сумяшчэнні адказная за ідэалагічную працу, Ганна Чаславаўна Радзецкая, тутэйшыя грамадскія актывісты зрабілі ўсё, каб хлопчыкі і дзяўчынкі нават у лякарні адчулі надыход школьнай пары.
Прадстаўнікі арганізацый “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын” завіталі ў педыятрычнае аддзяленне і падарылі дзеткам сшыткі, фарбы, алоўкі і іншыя канцылярскія прыналежнасці.
А як вядома, увага, дабрыня і любоў да бліжняга – лепшыя лекі. Таму, спадзяёмся, што маленькія пацыенты хутка набяруцца моцы і ў час пойдуць у школу з падарункамі ад медыцынскіх работнікаў.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Карэліцкай ЦРБ