У чацвер завяршылася жніво ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Па традыцыі, якая ўжо даўно замацавалася ў сельгасарганізацыі, усіх хлебаробаў віншавалі з заканчэннем сезону, з выдатнымі працоўнымі перамогамі.
Участак для віншаванняў “байцоў” хлебных палёў быў абраны каля маляўнічай ліпавай алеі побач з маладым садам і кукурузнымі пасевамі непадалёк ад Цейкавіч. І ў тым свая сімвалічнасць: скончылі ўборку адных культур, наперадзе — наступныя. Ну, а прыгожыя яблыневыя дрэвы сваімі багатымі пладамі яшчэ і радавалі вока работнікаў палёў і дадавалі каларыту свята.
Сімвалічны сноп з каласоў новага ўраджаю ад імя ўсіх хлебаробаў ўручылі дырэктару сельгасарганізацыі Аляксандру Багелю лідары на жніве-2018 (не толькі у “Рассвеце”, а і на Кіраўшчыне ў цэлым) Мікалай Дрозд і яго сын Андрэй.
Аляксандр Багель, звяртаючыся да ўдзельнікаў жніва, адзначыў высокую ступень гатоўнасці людзей да працы, мэтанакіраванасць і самаадданасць усіх работнікаў, якія былі задзейнічаны на жніве, а таксама тых, хто выконваў папярэднюю карпатлівую работу, каб ураджай атрымаўся як мага больш важкім. Усе, адзначыў Аляксандр Багель, — спецыялісты агранамічнай і інжынернай служб, механізатары, вадзіцелі, работнікі сушыльных гаспадарак, тыя, хто рыхтаваў смачныя стравы для хлебаробаў — прыклалі намаганні, каб сабраць вырашчаны ўраджай. Чакаўся ён, зыходзячы з праведзеных папярэдніх работ і адпаведна ўкладзеных сродкаў, куды большым. Але і тое, што ў няпростых умовах было вырашчана, патрабавала, як і заўсёды, вялікіх намаганняў. З удзячнасцю за плённую працу ўсім, хто быў заняты на жніве, кіраўнік нізка пакланіўся.
Першы намеснік дырэктара “Рассвета” Аляксандр Жылінскі агучыў рэзультаты жніва ў сельгасарганізацыі. Валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 12270 т пры сярэдняй ураджайнасці 39 ц/га (вышэйшая ў раёне). Сярод камбайнераў першае месца заваявалі Мікалай і Андрэй Дразды, якія намалацілі на камбайне “Нью Холанд” 1680 т збожжа . Побач з флагманамі — Іван Салановіч і Аляксандр Кахновіч, Сяргей Міхалькоў з Сяргеем Рыдзеўскім.
Духмяны каравай галоўнаму спецыялісту ўручыў лідар сярод вадзіцеляў па перавозцы збожжа ад камбайнаў Валерый Шчэрбіч, які перавез 2227 т збожжа. Дарэчы, у лік тых, хто перавез найбольшую колькасць збожжа заслужана трапілі Іван Барысёнак і Дзяніс Сакабіцкі.
Усім хлебаробам былі ўручаны караваі з зерня новага ўраджаю — як сімвал таго, што хлеб, які быў вырашчаны сіламі працаўнікоў палёў — гэта яшчэ і сямейная рэліквія: ад бацькі-хлебароба эстафета павінна перадавацца сыну, а жонка і дзеці наогул радуюцца працоўным дасягнення бацькі!..
Усіх удзельнікаў жніва ў гэты дзень смачна частавалі. У іх адрас гучалі музычныя падарункі ў выкананні ўдзельнікаў народнага ансамбля “Мілавіца”. Свае музычныя нумары падрыхтавалі таксама маладыя вадзіцелі і камбайнеры “Рассвета”, і сваім выступленнем выклікалі дружныя апладысменты калег па цэху. А задаволенасць ад выкананых работ і віншаванняў бачылася ў вачах кожнага!..
Аднак, наперадзе яшчэ шмат работ. Даспявае кукуруза, агародніна… І з думкамі пра гэта рассветаўскія земляробы рушылі дадому. Назаўтра зноў у “бой”!…
Аляксандр ХАХЛОЎ.