В Кореличском районе требуются газосварщики и операторы котельной. 21.by

В Кореличском районе требуются газосварщики и операторы котельной

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Полымя

У Карэлічах на бягучым тыдні адбылося пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва пад кіраўніцтвам старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Віктаравіча Шкадава.

В Кореличском районе требуются газосварщики и операторы котельной

— У кожным раёне створана камісія па працаўладкаванні ў рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.04.2015 г. № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», — сказаў А. В. Шкадаў. — У яе склад уваходзяць дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнікі розных структурных падраздзяленняў і службаў раёна, прадпрыемстваў, арганізацый. Асноўная задача — дапамагчы чалавеку працаўладкавацца, у выпадку неабходнасці атрымаць новую запатрабаваную спецыяльнасць.

➦ Па аднаму ў залу пасяджэнняў заходзілі беспрацоўныя. Першую наведвальнiцу завуць Марыя Аляксандраўна, на выгляд ёй гадоў 30.

— Па прафесіі я садавод-агароднік, некаторы час працавала ў паляводстве, — расказала жанчына. — Не працую ўжо 4 гады.

Тут жа Марыі Аляксандраўне прапаноўваюць уладкавацца ў СВК «Маяк-Заполле» жывёлаводам або аператарам машыннага даення. Аднак жанчына запэўнівае, што не справіцца, а вось паляводам або дворнікам працавала б з задавальненнем. Члены камісіі прапанавалі Марыі Аляксандраўне звярнуцца ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама і зарэгістравацца беспрацоўнай для працаўладкавання ў далейшым.

➦ Другога саіскальніка завуць Аляксандр Мікалаевіч, яму няма яшчэ і 30. Перыядычна ён працуе на расійскіх будоўлях, неафіцыйна. Паводле яго слоў, авалодаў амаль усімі будаўнічымі спецыяльнасцямі, толькі дыплома няма.

— Прапануем вам прайсці перападрыхтоўку і атрымаць спецыяльнасць, — кажа А. В. Шкадаў. — У нашым раёне патрэбныя электрагазазваршчыкі і аператары кацельні. Навучанне і пражыванне на час курсаў для беспрацоўных бясплатнае, пасля заканчэння гарантавана працоўнае месца.

Малады чалавек абяцае прыйсці ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і зарэгістравацца беспрацоўным.

➦ Наступны наведвальнік — 38-гадовы Дзмітрый Генадзьевіч. Апошняе афіцыйнае месца працы — хлебапякарня ў г.п. Карэлічы, якая зачынілася шмат гадоў таму. З тых часоў мужчына працуе ў прыватных арганізацыях, хоць адзнак пра гэта ў яго працоўнай кніжцы няма.

— Калі будзеце працягваць працаваць неафіцыйна, то з 1 студзеня 2019 года будзеце аплачваць камунальныя выдаткі ў памеры 100%, — папярэджвае намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, намеснік старшыні камісіі Р. Ю. Абрамчык.

Дзмітрыя гэта ўразіла — ён прызнаўся, што не ведаў аб новаўвядзенні. У бліжэйшы час зоймецца пошукам афіцыйнай працы.

— Служба занятасці аказвае бязвыплатную фінансавую падтрымку ў памеры ад 11 да 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму беспрацоўным, якія жадаюць адкрыць сваю справу, — патлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Н. С. Гоцка. — На гэтыя грошы, напрыклад, можна набыць абсталяванне або частку матэрыялаў для працы.

➦ Яшчэ аднаго саіскальніка завуць Дзмітрый Фёдаравіч. Яму 44 гады.

— Нядаўна вярнуўся з Расіі, — расказаў сваю гісторыю мужчына. — Заробкі там цяпер невялікія, так што паеду ў Мінск на будоўлю. Брат абяцаў дапамагчы.

Развітваючыся, мужчына дзякуе камісіі за растлумачэнне нормаў Дэкрэта №3.

— Мы праводзім вялікую работу па працаўладкаванні беспрацоўных, — адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама І. А. Богуш. — Напрыклад, кожны тыдзень запрашаем усіх жадаючых на міні-кірмашы вакансій, на якіх можна напрамую пагутарыць з наймальнікамі, даведацца аб памеры заработнай платы, умовах працы. У Карэліцкім раёне на 1 верасня налічваецца 193 вакансіі. Патрабуюцца прадаўцы, трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці, аператары машыннага даення, электрагазазваршчыкі, токары, кантралёры-касіры, сацыяльныя работнікі, жывёлаводы, ветэрынарныя фельчары, урачы, медсёстры, заатэхнікі. У выпадку неабходнасці накіроўваем на навучанне, у тым ліку пад заказ наймальніка.

Як паведамілі ў адміністрацыі Карэліцкага раёна, на пасяджэнні камісіі прыходзяць розныя людзі з рознымі жыццёвымі абставінамі. У гэты раз было 5 наведвальнікаў.

Такія мерапрыемствы ў Карэліцкім раёне праводзяцца не радзей, чым два разы ў месяц.

Іна ЛЕЙКА
*Фота мае ілюстратыўны характар

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Карэлічах на бягучым тыдні адбылося пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва пад кіраўніцтвам старшыні Карэліцкага раённага Савета...
 
 
 


Архив (Новости Общества)

21.by в социальных сетях



Партнёры

© 2004-2019 21.by
Яндекс.Метрика