Людзі Смаргоншчыны: Аліцыя Гедройц
08.10.2018
—
Новости Общества
|
9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты
Начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Аліцыя Гедройц працуе крыху больш за паўгода. Раней працяглы час з’яўлялася намеснікам кіраўніка гэтай установы. А ўвогуле, прайшла ўсе прыступкі: была аператарам сувязі ў цэнтральным аддзяленні, аператарам па якасці, галоўным эканамістам. А пачала працоўную дзейнасць бухгалтарам на маладзечанскім вузле сувязі. У гэты горад трапіла па накіраванні пасля заканчэння галіновага тэхнікума. У школе Аліцыя Гедройц марыла стаць юрыстам, паступала на юрыдычны факультэт, але ёй не пашанцавала. Яшчэ заставалася крыху часу, каб падаць дакументы ў якую-небудзь сярэднюю спецыяльную ўстанову. І родны брат прапанаваў сястры тэхнікум сувязі, дзе вучыўся сам. Там яна выбрала для сябе бухгалтарскі ўлік. Напэўна, таму, што бухгалтарам працавала яе маці на мэблевай фабрыцы ў Смаргоні. Потым была вучоба ў Маскоўскім інстытуце сувязі на інжынерна-эканамічным факультэце. Аж цэлых 6 гадоў, паколькі вучылася Аліцыя Вітольдаўна без адрыву ад вытворчасці. За гэты час яна выйшла замуж і нарадзіла дваіх дзяцей. Вельмі ўдзячна сваім бацькам і мужу за тое, што даглядалі іх, калі ездзіла на сесіі. Аліцыя Гедройц працавала не толькі ў раённым вузле сувязі, па шэрагу прычын вымушана была перайсці ў іншую сферу дзейнасці. Дзесяць гадоў свайго жыцця аддала банку. Нават не аднаму, а двум, дзе была вядучым спецыялістам. Калі “Комплекс-банк” расфарміравалі, нейкі час шукала сабе работу. Тагачасны дырэктар камбікормавага завода Міхаіл Чуковіч прапанаваў Аліцыі Гедройц пасаду спецыяліста на гэтым прадпрыемстве, займалася пытаннямі крэдытавання. Справа была знаёмая. Але для Аліцыі Вітольдаўны прызваннем была, напэўна, паштовая дзейнасць. Таму ў 2002 годзе жанчына вярнулася ў раённы вузел сувязі, працавала ў бухгалтэрыі. І калі праз нейкі час яе кандыдатуру вылучылі на пасаду намесніка начальніка гэтай установы, то пры зацвярджэнні сказала, што пачне работу на новым месцы з дакладнага вывучэння паштовых правілаў, усіх вытворчых працэсаў. Усё гэта дапамагае Аліцыі Гедройц і цяпер, калі яна ўзначаліла калектыў паштавікоў раёна. Яна ведае, як працуе пошта ў сельскай мясцовасці, усіх начальнікаў і радавых работнікаў аддзяленняў сувязі. Работу паштальёна лічыць нялёгкай і адказнай, бо яму прыходзіцца, нягледзячы на пагодныя ўмовы, дастаўляць карэспандэнцыю і пенсіі людзям. Па просьбе адзінокіх і састарэлых жыхароў ён купіць і прынясе лякарствы, харчовыя прадукты, раскажа пра мясцовыя навіны, выслухае адзінокага чалавека, якому хочацца з кім-небудзь пагутарыць. Начальнік раённага вузла паштовай сувязі Аліцыя Гедройц – чалавек адкрыты, прыветлівы, з усмешкай на твары. Яна і аператарам, якія працуюць на касах, абслугоўваюць наведвальнікаў, кажа: “Заўсёды ўсміхайцеся кліентам. Трэба працаваць так, каб чалавеку хацелася прыходзіць на пошту”. Дзеці Аліцыі Вітольдаўны даўно выраслі і таксама атрымалі вышэйшую адукацыю. Дачка жыве ў Смаргоні, працуе архітэктарам у архітэктурнай майстэрні, а сын вырашыў прадоўжыць маміну справу. Пасля заканчэння ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ён працуе ў Гродне, у “Белтэлекаме”. Юрый ЯНУШКЕВІЧ. Фота Валянціны БУЖЫНСКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты |
|