Кіраўнік ФГ “Альшаны” — лепшы прадпрымальнік Беларусі у намінацыі “Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці”. 21.by

Кіраўнік ФГ “Альшаны” — лепшы прадпрымальнік Беларусі у намінацыі “Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці”

23.11.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

Иван ГРЫБ
У офісе кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Альшаны” Івана Васільевіча Грыба, як заўсёды, мнагалюдна. Там трэба падпісаць дакументы на водпуск, там заключыць дагавор на экспарт прадукцыі, а там будаўнікі, што займаюцца ўсталяваннем сучасных цяпліц, прыйшлі з пытаннямі. Ні хвіліны спакою. Па-іншаму ўжо Іван Васільевіч не зможа і наўрад ці атрымаецца.

 А пачыналася ўсё 18 гадоў таму. Іван разам з братам Міхаілам прыехалі на зямлю, якую ім выдзелілі для фермерскай справы. 15 гектараў аднаму і 24 – другому. Палямі гэта было цяжка назваць, адно балота. Зрабілі меліярацыю, прывялі ўгоддзі ў парадак. Хутка на месцы балот выраслі парнікі, пачалі садзіць агародніну. Тады ў пачатку 2000-х браты Грыбы былі аднымі з першых, хто вырашыў заняцца фермерскай справай. Многаму давялося вучыцца з нуля, нягледзячы на тое, што на зямлі звыклі працаваць з юнацтва.

А потым год за годам фермерская гаспадарка “Альшаны” пачала квітнець. За няпоўныя два дзясяткі гадоў яна ператварылася ў адну з самых буйных у нашай краіне. Паабапал дарогі растуць яблыневыя сады, а праязджаючых міма здзіўляюць высокія сучасныя цяпліцы. Безліч тэхнікі і пастаянны рух у двары.

Гандлёвыя сувязі гаспадарка трымае не толькі з рынкамі нашай краіны, большасць прадукцыі ідзе на экспарт у Расію, Малдову, іншыя краіны. Трымацца на плаву дапамагае не толькі працаздольнасць, але і ўменне ісці ў нагу з часам. Тут не баяцца ўкараняць новыя тэхналогіі, эсперыментаваць, у добрым сэнсе рызыкаваць. Усё гэта і стала падставай для прызнання кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Альшаны” Івана Васільевіча Грыба лепшым прадпрымальнікам Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці”. Да таго ж ён быў адзіным фермерам на цырымоніі ўзнагароджвання. Дыплом і Кубак пераможцы ўручыў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Мікалаевіч Румас.

– У першую чаргу хачу павіншаваць вас з такой значнай узнагародай! Што адчувалі ў гэты момант?

– Шчыра скажу, было вельмі прыемна разумець, што тваю работу ацанілі. Гэта ўжо трэці раз, калі мяне запрашаюць на падобныя мерапрыемствы для ўзнагароджвання. Ужо нават гальштук давялося купіць, хоць я да іх не звык. Дочкі пераканалі: трэба, сказалі, і ўсё тут (смяецца). Спадабаўся і прыём, і канцэрт, і сама атмасфера. Акрамя Кубка і Дыплома ўручылі падарунак – тэлевізар, а таксама падарунак ад нацыянальнай авіякампаніі Беларусі “Белавія” – білет у любую краіну.

– Значыць, ужо збіраеце чамаданы? Выбралі, куды паляціце адпачываць?

– Не, чамаданы я не складваў. Аддаў білет дачцэ Таццяне, няхай ляціць куды хоча. А мне тут трэба быць. Самі бачыце: спраў вышэй галавы. Зараз у цяпліцах ідзе прыборка і падрыхтоўка да наступнага сезона. На тэрыторыі 10 гектараў усталёўваем новыя цяпліцы, спяшаемся да маразоў заліць. Да таго ж займаемся рэалізацыяй яблыкаў. Дзякаваць Богу, год выдаўся на іх ура-джайны.

– Іван Васільевіч, ці маглі вы ўявіць, стоячы 18 гадоў таму на абсалютна пустым месцы, што ваша гаспадарка стане адной з самых лепшых у рэспубліцы?

– Ведаеце, калі пачыналі, то аб нейкіх дасягненнях не думалі. У перспектыве дакладна не маячылі граматы і дыпломы. Было жаданне працаваць, дасягнуць дабрабыту, дапамагчы дзецям.  У нас атрымалася хутка стаць на ногі, таму мы пачалі развівацца далей. Паступова набывалі тэхніку, павялічвалі плошчу сельскагаспадарчых угоддзяў, сачылі за новымі тэхналогіямі, многа раіліся з замежнымі калегамі. Не ўсё атрымлівалася, дзесьці страчвалі, а дзесьці, наадварот, атрымлівалі. А як намучыліся з гэтымі цяпліцамі, пакуль зразумелі, што да чаго. Гэта была ідэя майго сына Мікалая, які зараз – мая правая рука. Раней я яго вучыў, цяпер – ён мяне, бо маладзейшы і больш дасведчаны ў сучасных тэхналогіях. Шчыра прызнаюся, каб мне сказалі ў маім дзяцінстве, што памідоры камп’ютар будзе вырошчваць, пэўна, палічыў бы таго чалавека звар’яцелым. А зараз камп’ютар і палівае, і падкормлівае, і асвятленне рэгулюе. Сын мой тады настаяў: трэба рызыкнуць. Гэтым мяне ў маладосці нагадвае. Ён часта ездзіў у Польшчу на вучобу і да нас палякі прыязджалі не раз. І самае прыемнае, што ён аказаўся правы. Паступова закрываем немалыя крэдыты, якія бралі. У нас працуюць зараз сто чалавек на пастаянных месцах, яшчэ сто плануем увесці да 2020 года, калі давядзём да ладу нашу будоўлю.

Акрамя цяпліц плануем павялічыць тэрыторыю пад буякі да 45 гектараў, на якія існуе вялікі попыт. Ну і працягнем вырошчваць яблыневыя сады. Дарэчы, не без гонару скажу, што нашы яблыкі лічацца аднымі з самых смачных на рынках і людзі часта пытаюцца пра іх наяўнасць.

– Наколькі ведаю, іншыя вашы дзеці таксама трымаюць свае гаспадаркі. Вам, як першаадкрывальніку ў гэтай справе, былі вядомы ўсе падводныя камяні. Што раілі ў першую чаргу?

– Мае дзеці тут жа гадаваліся. Я іх браў пастаянна з сабой, каб бачылі, чым я займаюся і адкуль бяруцца грошы. І калі яны зразумелі, як і я калісьці, што для дасягнення дабрабыту трэба шмат працаваць, значыць, я ўсё зрабіў правільна. Хачу падзякаваць сваёй жонцы Валянціне, якая для мяне і сяброўка, і дарадчыца. Яна – жанчына з вялікай літары, маці, якая душу аддае сваім дзецям. І ў атрыманні гэтай узнагароды ёсць і яе заслуга.

Але самы галоўны скарб для Івана Васільевіча – 14 унукаў і чатыры ўнучкі. У гэтым годзе самы старэйшы з іх – Іван, сын дачкі Марыі, ажаніўся. А значыць, слаўная дынастыя Грыбоў працягваецца. Зычым ёй і надалей славіць Палескі край.

Ганна

Мельнік

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  У офісе кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Альшаны” Івана Васільевіча Грыба, як заўсёды, мнагалюдна. Там трэба падпісаць дакументы на водпуск, там
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика