«Навагодняя міля-2018»: старт у новы спартыўны сезон. 21.by

«Навагодняя міля-2018»: старт у новы спартыўны сезон

02.01.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Багатыя спартыўныя традыцыі Кіраўшчыны не абмяжоўваюцца правядзеннем разнастайных раённых спартатакіяд, турніраў, удзелам нашых прадстаўнікоў у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ёсць у нашым раёне і свае “изюминки”, якіх няма ў іншых рэгіёнах нашай краіны. Адна з такіх — “Навагодняя міля”, адлік якой пачаўся ажно ў 1996 годзе. Мэта лёгкаатлетычных забегаў — прыцягненне да здаровага ладу жыцця людзей самых розных узростаў. 

Вось і сёлета ў чарговы раз у адзін з апошніх дзён адышоўшага года на плошчы імя Кірава, дзе радуе вока кіраўчан і гасцей горада прыгажуня-ёлка, сабралія прыхільнікі здаровага ладу жыцця, аматары зімовага бегу, каб памерацца сіламі ў лёгкаатлетычных забегах у сямі ўзроставых групах. Да ўдзелу падалі заяўкі больш за 70 чалавек — прадстаўнікоў устаноў адукацыі, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Падтрымаць на дыстанцыі сваіх сяброў, знаёмых, родзічаў сабраліся балельшчыкі. Самымі масавымі аказаліся дэлегацыі з абедзвюх школ райцэнтра, Мышкавіцкай СШ, а таксама Жыліцкага сельгаскаледжа. Варта заўважыць, што прадстаўнікі апошняй з названых устаноў адукцыі выступілі асабліва ўдала, заваяваўшы ажно 10 прызавых месцаў.

Прысутных традыцыйна віталі галоўныя героі навагодніх святаў — Дзед Мароз са Снягуркай, якія пажадалі спартсменам лёгкіх стартаў і ўдалых фінішаў.

Забягаючы наперад, адзначым, што практычна ўсе ўдзельнікі ўпэўнена дабраліся да фінішнай рысы, а калі і здараліся ў каго лёгкія падзенні на коўзкай дарозе, на шчасце, абышлося без траўм. Дарэчы, за станам здароўя бегуноў ўважліва сачылі медыкі цэнтральнай райбальніцы. А сагрэцца пасля забегаў можна было гарачым чаем з пернікамі — гэта арганізаваў фізкультурна-спартыўны клуб раёна.

А пачалося ўсё са стартаў каля ёлкі. З правіламі спаборніцтваў, дыстанцыямі ўдзельнікаў азнаёміў галоўны суддзя мерапрыемства, старшыня ФСК раёна Віктар Бялянаў. Забегі праходзілі пры суправаджнні аўтамашыны аддзялення дзяржаўтаінспекцыі РАУС па двух кругах у залежнасці ад узроставых катэгорый. Вялікі круг, які праходзіў па вуліцах Кірава, Карла Маркса, Савецкай і Ленінскай пераадольвалі юнакі і мужчыны ва ўзросце ад 15 да 39 гадоў. Астатнія, у тым ліку і ўсе дзяўчаты і жанчыны скарачалі круг, паварочваючы на вул.Камсамольскую. Фініш, зразумела, быў на плошчы.

Ва ўзроставай катэгорыі 12-14 гадоў самымі спрытнымі аказаліся вучні Мышкавіцкай школы. У юнакоў першыя 2 месцы заваявалі яе прадстаўнікі Сяргей Бяляўскі і Уладзіслаў Каўрыга, замкнуў тройку прызёраў Антон Прэнз з Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева. Фінішавала першай і вучаніца Мышкавіцкай СШ Паліна Конрад. Дзяўчына, дарэчы, на працягу сезона паказвала выдатныя рэзультаты ў веласпорце, рыхтуецца павышаць майстрства ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Ну, а пакуль зіма, як бачым, спрыт праяўляе і ў міжсезонні. Другое і трэцяе прызавыя месцы былі за гараджанкамі — вучаніцамі СШ №1 Дар’яй Краснай і Юліяй Калінавай.

У юнакоў 15-17 гадоў перамогу з трывалым запасам святкаваў Ілья Бранішэўскі, які выступаў за райбальніцу. За ім фінішавалі адпаведна Вадзім Разумаў з Жыліцкага сельгаскаледжа і прадстаўнік СШ №2 імя К.П.Арлоўскага Дзмітрый Сцепановіч. У дзяўчат гэтай узроставай групы не было роўных Крысціне Грамыка з сельгаскаледжа, якая апярэдзіла сваіх бліжэйшых канкурэнтак з СШ №2 імя К.П.Арлоўскага Настассю Савельеву і Паліну Сінельнікаву.

На высокіх скарасцях прайшоў забег у мужчын ва ўзроставай катэгорыі 18-29 гадоў. Першым дасягнуў фінішу Кірыл Шамедзька з філіяла “Кіраўскі прафесійны ліцэй” Жыліцкага СГК. За ім размеркаваліся адпаведна Антон Рымараў з сельгаскаледжа і Аляксей Бычкоў з ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. У дзяўчат у гэтай групе было толькі двое спартсменак — абедзьве з сельгаскаледжа: Таццяна Курачкіна і Вікторыя Рассохава, у такім парадку яны і фінішавалі.

Ва ўзроставай катэгорыі 30-39 гадоў у мужчын пацвердзіў сваё рэнамэ самага хуткага неаднаразовы пераможца лёгкаатлетычных спаборніцтваў у раёне Васіль Цітарэнка, які прадстаўляў ААТ “Дабаснянскае”. Услед за ім фінішавалі прадстаўнік РАНС Андрй Харытонаў і рассветавец Яўген Пішчалін. А ў жанчын зноў наперадзе аказаліся бягунні з Жыліч: першай і другой адпаведна былі Вольга Міхайлюк і Вольга Макаронак. Замкнула тройку Аксана Вараб’ёва з раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Апошні забег быў, бадай што, самы цікавы, бо стартавалі адначасова самыя вопытныя ўдзельнікі “Навагодняй мілі” — прадстаўнікі адразу трох узроставых катэгорый. Праўда, у кожнай з іх было не дужа шмат заявак, таму і п’едсталы гонару аказаліся “няпоўнымі”.

Катэгорыя 40-49 гадоў: у мужчын жылічанін Міхаіл Міхайлюк быў адзіным прадстаўніком, ён спрачаўся сам з сабою і з дыстанцыяй. У жанчын перамогу атрымала Алена Сажко з РЦСАН, другое месца дасталося Паліне Шукан з сельгаскаледжа.

Ва ўзроставай катэгорыі 50-59 гадоў перамога дасталася зноў жа адзінаму прадстаўніку — Феафану Аляшкевічу з Баравіцкай СШ. У жанчын першай справілася з дыстанцыяй Вера Гаўрылава, якая прадстаўляла СШ №1. Другі рэзультат паказала Надзея Шалай з РЦСОН.

У катэгорыі 60 гадоў і старэй удзельнічалі толькі мужчыны — ветэраны спартыўнага руху раёна. Першым на фінішы быў Анатоль Клімовіч з Баравіцы. А вось другое месца падзялілі адразу трое яго сапернікаў: Уладзімір Пракопчык з Жыліч, Уладзімір Цішкоў з Добасны і Іван Дарафей з Гарадца.

Пасля падвядзення вынікаў адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў. Старшыня ФСК Віктар Бялянаў уручыў лепшым бегунам дыпломы адпаведных ступеней, Дзед Мароз са Снягуркай — прызы, якія, дарэчы, прадаставілі прафсаюзы. Двое ўдзельнікаў “Навагодняй мілі” атрымалі прызы ад рэдакцыі газеты “Кіравец”: самы вялікаўзроставы ўдзельнік Іван Дарафей і адна з самых актыўных спартсменак-аматараў раёна Вера Гаўрылава атрымалі падпісныя сертыфікаты на “раёнку” на першае паўгоддзе надышоўшага года.

“Навагодняя міля-2018” завяршылася, як заўсёды, на мажорнай ноце — з усмешкамі, добрым настроем і станоўчымі эмоцыямі яе ўдзельнікаў — і стала своеасаблівай эстафетнай палачкай у новы спартыўны сезон. У добры шлях да новых перамог!

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.





















 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Багатыя спартыўныя традыцыі Кіраўшчыны не абмяжоўваюцца правядзеннем разнастайных раённых спартатакіяд, турніраў, удзелам нашых прадстаўнікоў у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика