Людзі Смаргоншчыны: Мар’ян і Ірына Коўганы з Аславянят
18.01.2019
—
Новости Общества
|
Вёска Аславяняты крыху нагадвае паўвостраў. Толькі з некалькіх бакоў яе акружае не вада, а густы, месцамі цяжкапраходны лес. Каб трапіць з недалёкай ад горада Бялкоўшчыны ў Аславяняты, праз гэты лес трэба пераадолець шлях у некалькі кіламетраў. А пасля лес паступова зменіцца рэдкалессем і застанецца за спінай, а наперадзе маўклівае прывітанне вымавіць каменны касцёл, які, на шчасце, і сёння дзейнічае ў Аславянятах.
Ужо многа гадоў у гэтым касцёле прыслугоўвае ксяндзу мясцовы жыхар Мар’ян Коўган. У католікаў жанчыны не служаць пры алтары, іх месца – у касцёле сярод прыхаджан. Заўсёды на першых лавах, бліжэй да святога табернакулума, выбірае сабе месца для супольнай малітвы жонка Мар’яна Коўгана Ірына. Муж і жонка не ўтойваюць: яны – веруючыя людзі. І якой бы шчодрай на снег не была зіма, як бы моцна не замяла яна шлях да таго ўскрайку вёскі, дзе стаіць іх хата, ёсць дарога, якую Мар’ян і Ірына заўсёды пратопчуць: гэта дарога да касцёла. Коўганы ведаюць: служыць людзям – служыць Богу. Многа гадоў таму Мар’яна Станіслававіча выбралі старастам вёскі. З жыццёвымі патрэбамі і просьбамі да яго нярэдка звяртаюцца вяскоўцы. Звяртаюцца найперш таму, што чалавек ён добрасумленны, шчыры і вельмі чулы да патрэб бліжняга. Пад стаць мужу і жонка Ірына. Неабыякавасць да іншых, імкненне жыць па законах сумлення – вось тое, што аб’ядноўвае гэту сямейную пару. І між тым муж і жонка па характару і тэмпераменту зусім не падобныя. Яна эмацыянальная, шпаркая, рухавая. Ён – ціхі, павольны, ураўнаважаны. На пытанне: “Хто ў сям’і галоўны?” – мужчына без сораму прызнаецца: “Жонка”. Але Ірына не згаджаецца, маўляў, “мы роўныя”. Проста муж прывык ва ўсім раіцца з ёй, прыслухоўвацца да сваёй другой палавінкі. Дарога іх сямейнага жыцця бярэ свой пачатак у 1958 годзе. Напрыканцы верасня закаханыя распісаліся. Не было ні вяселля, ні пярсцёнкаў, ні вэлюма… У сельсавет пайшлі цішком, ні з кім не раіліся, ні ў каго дазволу не пыталіся. Толькі гарачыя юнацкія сэрцы былі для іх адзінымі дарадчыкамі і адзінымі саюзнікамі. Бацькі Мар’яна не верылі ў даўгавечнасць гэтага шлюбу. Мар’яну было ўсяго 18, Ірыне – 20. Роўна праз тыдзень пасля вяселля жаніха на чатыры гады забралі ў войска. Ірына была сіратой. Бацьку і маці з самога дзяцінства ёй замяніў старэйшы брат.
Пра тое, што такое быць у хаце гаспадыняй, Ірына ведала з ранняга дзяцінства. Бацькі памерлі, калі ёй было сем гадоў, а старэйшаму брату - чатырнаццаць. У сям’і было яшчэ двое дзетак. Малодшай было каля годзіка. Чацвёра дзяцей засталіся адны. Цяжка ўявіць, але яны так і жылі без апекі дарослых. І карову трымалі, і кабанчыка. Сеяць і жаць дапамагаў дзядзька. З астатняй працай спраўляліся самі.
Ірынчыны пірагі вельмі любіў свёкар. Калі праз тыдзень пасля вяселля Мар’ян пайшоў у войска, жонка вярнулася ў бацькоўскую хату. Свёкар нярэдка заходзіў, цікавіўся справамі і прасіў: “Ірынка, пачастуй пірагом, такіх смачных, як ты, не пячэ ніхто”. Бацькі Мар’яна вельмі хутка пераканаліся, што з выбарам жонкі сын не памыліўся. Ужо ніхто не сумняваўся, што Ірына дачакаецца мужа з арміі. Салдат вярнуўся праз чатыры гады. І сям’я, нарэшце, уз’ядналася. Побач з хатай, дзе жылі бацькі Мар’яна, узвялі сваё жыллё. Мужчына ўсё жыццё адпрацаваў у саўгасе, неаднаразова прызнаваўся ўдарнікам працы. На розных работах давялося папрацаваць Ірыне. Работа ў паляводстве была не мёд. Сама жанчына была невялічкая, худзенькая, а мяшкі падымала нароўні з мужчынамі. Муж і жонка кажуць, што моцна за жыццё спрацаваліся. Спрацаваліся, але не стаміліся! І хоць сілы ўжо не тыя, яны як і раней застаюцца неабыякавымі да жыцця, нераўнадушнымі да людзей. Сёння у Коўганаў чацвёра дзяцей, 10 унукаў, 12 праўнукаў. Шчаслівыя яны, што сцежка да іх хаты не зарасла быллём забытасці і непатрэбнасці. Шчаслівыя, што 60 гадоў таму сустрэлі адзін аднаго і ўвесь гэты час ідуць па жыцці толькі ўдваіх, толькі разам. Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Аславяняты крыху нагадвае паўвостраў. Толькі з некалькіх бакоў яе акружае не вада, а густы, месцамі цяжкапраходны лес. Каб трапіць з недалёкай ад горада...
|
|