На сустрэчы з калектывам Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў у рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак расказаў аб планах па развіцці раёна на 2019 год.
— У сакавіку бягучага года Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь споўнілася 25 гадоў, — сказаў кіраўнік раёна. — Асноўны Закон беларускай дзяржавы працуе для людзей і ў імя будучыні краіны. Усё, што ствараецца ў Беларусі, робіцца людзьмі і для людзей.
Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады падрабязна спыніўся на тым, якіх змен чакаць карэліччанам у бягучым годзе. Так, у планах добраўпарадкаванне трох дваровых тэрыторый дамоў 3, 5, 7 па вуліцы Прытыцкага ў Карэлічах, дзе летась адбыўся капітальны рамонт жыллёвага фонду. Гэта значыць, што тут з’явіцца новае асфальтавае пакрыццё і тратуары. Таксама такія работы будуць праведзены на вуліцах 8 Сакавіка і Камсамольская ў райцэнтры. У новы асфальт апрануцца вуліцы Зарэчная і Набярэжная.
У г.п. Мір чакаецца далейшае добраўпарадкаванне вуліц Танкістаў і Першамайскай. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на добраўпарадкаванне і мадэрнізацыю вуліцы Першамайская, якая прайшла дзяржаўную экспертызу.
Згодна з інвестыцыйнай праграмай Гродзенскай вобласці на 2019 год прадугледжаны пачатак работ па водазабеспячэнні г.п. Мір. Завяршэнне плануецца ў 2020 годзе. У выніку ў пасёлку з’явіцца новы вадавод, станцыя абезжалезвання, тры артэзіянскія свідравіны.
Дваццаць сем’яў з Карэліцкага раёна змогуць справіць наваселле ў новым доме па вуліцы 8 Сакавіка ў райцэнтры (глядзіце праект ніжэй). Ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая зараз праходзіць дзяржаўную экспертызу. Будзе пабудавана 10 сацыяльных кватэр для шматдзетных сем’яў і дзяцей-сірот, яшчэ 10 кватэр атрымаюць карэліччане, якія маюць неабходнасць у паляпшэнні жыллёвых умоў. Дом змесціць пяць трохпакаёвых кватэр, 10 двухпакаёвых і 5 аднапакаёвых.
Дарэчы, у планах на бліжэйшую перспектыву будаўніцтва яшчэ аднаго шматпавярховіка ў раёне вуліцы 8 Сакавіка.
Акрамя таго, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на квартал індывідуальнай жылой забудовы Зорнай у г.п. Мір, дзе будуць прадугледжаны 23 зямельных участка пад будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў. У бліжэйшы час будзе праведзена грамадскае абмеркаванне гэтага праекта.
Іна ЛЕЙКА