У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры адбылося адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі і музыкі. Першы дзень веснавых канікул стаў сапраўдным святам для дзяўчынак і хлопчыкаў.
І сапраўды, што можа лепш узрушыць душу, нават дзіцячую, калі не яго Вялікасці Кніга і Музыка? Дзеці падарожнічалі па старонках кніг, чыталі вершы, спявалі песні, адгадвалі загадкі. Дапамагалі ім ў гэтым дарослыя, якія раздзялялі з імі радасць сустрэчы. Трэба было бачыць, колькі ўражанняў выклікала ў іх падчас тэтралізаванага прадстаўлення «У свеце добрай кнігі і музыкі»! Узняць настрой дзяўчынкам і хлопчыкам дапамагалі героі казак: Баба Яга і Кашчэй Бессмяротны.
Дзяўчынкі і хлопчыкі сустрэліся і з цудоўнай музыкай. Музычныя кампазіцыі падарылі Паліна Дзмітровіч, Платон Комар, Мікіта Чубрык, Міхаіл Манкевіч, удзельнікі дзіцячай вакальнай групы, кіраўніком якой з’яўляецца Таццяна Кулак. Шмат цудоўных нумароў прагучала і ў выкананні выкладчыкаў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў: Святланы Гавіна, Алены Кадуцкай, Вольгі Белай, Алены Жук, Ігара Санчука, Вольгі Кадлубай, дуэта Валерыі Гавіны і Вольгі Улан.
На свяце былі адзначаны ўдзельнікі фотаконкурсу «Зіпі Марсіянін», які праводзіўся з нагоды Года малой радзімы. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Санчук уручыла Мілане Манкевіч, Маргарыце Баярэнка, Аляксандры Клаўсуць дыпломы і памятныя падарункі.
Удзельнікамі свята былі і казачныя героі Маша і Мядзведзь, якія правялі гульнёвую праграму і розыгрыш сярод яе ўдзельнікаў, узнагародзлі яго пераможцу.
Праводзіўся майстар-клас па вырабу кніжных закладак, да паслуг маленькіх наведвальнікаў былі фотазоны і беспройгрышная латарэя — ва ўсім адчуваліся святочнасць і ўзнёсласць, дзіцячыя твары свяціліся ўсмешкамі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Лізаветы МУЦІЛОВІЧ