У раёне пачалася масавая сяўба зерневых. Старт пасяўной дадзены ў ААТ “Шайцерава”.
Ва ўрочышчы “Аэрадром” кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў абмеркавалі надзённыя праблемы і асаблівасці сёлетняй пасяўной, тактыку і стратэгію дзеянняў хлебаробаў. Удзел у мерапрыемстве прынялі генеральны дырэктар ААТ “Віцебскі аблаграсервіс” Віктар Заікін і галоўны спецыяліст аддзела раслінаводства ААТ “Віцебскмясамалпрам” Тамара Фраленка.
У гэтай справе важна ўсё: і тэхніка, і тэхналогіі, і якасць зерня, і чалавечыя рукі. Аб гэтым нагадаў прысутным кіраўнік раёна Ігар Марковіч. Ён настроіў кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў на інтэнсіўную працу.
— Усе гаспадаркі раёна прыступілі да пасяўной. Паўсюль кіпіць работа. Актывізаваць людзей на высокія яе тэмпы – наша галоўная задача. У максімальна сціслыя тэрміны неабходна пасеяць зерневыя, правесці падкормку азімых зерневых і рапсу, хімпраполку, падрыхтаваць глебу для сяўбы шматгадовых траў і кукурузы.
На семінары гаварылася і аб захаванасці паліва, якое ў гэтым годзе абмежавана, і аб кантролі ўсіх этапаў сельгасвытворчасці, арганізацыі і аплаты працы, аб пытаннях бяспекі. Прысутным нагадалі правілы рэгуліроўкі тэхнікі, агратэхнічныя прыёмы.
ААТ “Шайцерава” з году ў год радуе ўраджаямі, набывае новую тэхніку, укараняе высокапрадукцыйнае земляробства.
Якім будзе ўраджай 2019 года, якія задачы стаяць перад хлебаробамі, — расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Гумнянкоў:
— Зерневыя і зернебабовыя сёлета займаюць 2500 гектараў. Каля 1600 га – азімыя, неабходна пасеяць 1000 га яравых. Працуем з фондам насення. Другі год запар сеем азімую пшаніцу “Мулан”, якая парадавала ўраджаем у мінулым годзе. Пасля зімоўкі добра адчуваюць сябе расліны гатункаў “Патрас”, “Аўгусціна”, “Ядвіся”. Надзеі на добры ўраджай ёсць.
Вопытам з прысутнымі падзяліліся галоўны аграном ААТ “Шайцерава” Вольга Вялюга і аграном Віктар Галавач.
Калі і чым падкарміць расліны, як зберагчы ўраджай ад шкоднікаў і пустазелля, расказалі спецыліст мясамалпрама Тамара Фраленка і галоўны аграхімік раёна Георгій Ушакоў. Каштоўныя парады прысутным дала спецыяліст аграпрама Люцыя Грэсько. Разам з начальнікам аддзела эканамічнага рэгулявання сельгасвытворчасці райсельгасхарчу Аннай Шандзер абмеркаваны пытанні аплаты і ўмовы, кантролю працы.
Асаблівасці рэгуліроўкі тэхнікі нагадалі загадчык майстэрань “Шайцерава” Вадзім Петухоў, галоўны інжынер Уладзімір Шыманскі і намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці райсельгасхарчу Яўген Зуй. На ўмовах раённых спаборніцтваў і асноўных момантах аховы працы спынілася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Зуй.
Для правядзення абраду засевак гаспадары сабраліся ва ўрочышчы “Рэктарава”. Са святам прысутных павіншаваў генеральны дырэктар ААТ “Віцебскі аблаграсервіс” Віктар Заікін:
— Я прыемна ўражаны, што верхнядзвінцы так рупліва ставяцца да зямлі. Праязджаючы па палях раёна, бачыў, што паўсюль працуе тэхніка, рыхтуецца глеба, вядуцца ворыва і сяўба. Сёлета я прызначаны адказным за раён і ўпэўнены, што з такім гаспадарскім падыходам да справы своечасова адсеемся і будзем з хлебам.
Абрад адкрыцця зямлі запрасілі выканаць Люцыю Грэсько. Ключы ад поля яна ўручыла кіраўніку раёна Ігару Марковічу.
— У сонечны пагодлівы дзень на гэтым полі дадзены масавы старт пасяўной, — сказаў Ігар Іванавіч. — Я ўпэўнены: у нас усё атрымаецца, і зямля аддзячыць хлебаробам за самааданую працу.
Па традыцыі перад выхадам у поле айцы Уладзімір, Валянцін і Аляксандр благаславілі збожжа і зямлю.
Сёлета калектывы сельгас-прадпрыемстваў раёна папоўнілі-ся маладымі спецыялістамі. З першымі засеўкамі начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васіль Шылаў павіншаваў в. а. галоўнага інжынера Дзяніса Яфрэмчыка і галоўнага агранома Вольгу Барысаву з СП “Верхнядзвінскі”, галоўнага інжынера Андрэя Мітчанка з СП “Боркавічы”.
Каб ураджай і ў гэтым го-дзе быў багатым, гаспадарам уручылі важкія караваі з зерня мінулага года і галінкі вярбы. Добры настрой і святочнасць мерапрыемству надалі артысты Асвейскага ГДК і Шайцераўскага СДК.
У добры шлях, пасяўная-2019! Ксенія ТАМАШЭВІЧ. Фота аўтара.
> У раёне пачалася масавая сяўба зерневых. Старт пасяўной дадзены ў ААТ “Шайцерава”. Ва ўрочышчы “Аэрадром” кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў...