Арандатар двух карэліцкіх вадаёмаў Максім Кучук расказаў пра асаблівасці тутэйшай рыбалкі (фота). 21.by

Арандатар двух карэліцкіх вадаёмаў Максім Кучук расказаў пра асаблівасці тутэйшай рыбалкі (фота)

15.07.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэліцкі раён створаны як для плённай працы, так і для выдатнага адпачынку. Пра асаблівасці рыбалкі ў нашым краі і як ператварыць хобі ў бізнес распавёў Максім Кучук, які ўжо чатыры гады арандуе вадаёмы ў нашым раёне.


Ваколіцы аграгарадка Краснае славяцца прыроднымі багаццямі і маляўнічымі краявідамі. Таму ў 2015 годзе пры выбары возера для арэнды лідчанін Максім Кучук (на здымку справа) спыніўся менавіта на гэтых мясцінах.


– Каб займацца такой справай, трэба любіць яе і быць гатовым траціць шмат часу, сіл і сродкаў. Выпадковыя людзі тут надоўга не затрымліваюцца, – дзеліцца вопытам прадпрымальнік. – Нават жартую, што з 36 сваіх гадоў 33 я правёў на рыбалцы. І як толькі з’явілася магчымасць арандаваць вадаём, вырашыў – чаму бы не паспрабаваць. Нейкі час я працаваў у Грэцыі, і гэта мне дапамагло фінансава рэалізаваць сваю мару ў жыццё. Але тым, хто плануе пайсці маім шляхам, адразу скажу, што спатрэбяцца не толькі грашовыя сродкі. Значны час вы будзеце траціць і на розныя паперы, без бізнес-плана, справаздач і іншых дакументаў у розныя інстанцыі – нікуды. Да таго ж арэнда вадаёма пастаянна патрабуе ад цябе новых рашэнняў. Напрыклад, трэба штогод зарыбліваць возера, звычайна дзеля гэтага я купляў рыбапасадачны матэрыял, але сёлета ўзяў у арэнду сажалку паблізу вёскі Кальчычы, дзе і буду вырошчваць малькоў (а гэта, у асноўным, карп, белы амур, таўсталобік), што павінна знізіць мае затраты. Дарэчы, пэўныя грошы ідуць і на корм для рыбы, каб яна добра прыбаўляе ў вазе. Такім чынам атрымоўваецца немаленькая сума. Адна толькі платная рыбалка не кампенсуе мае выдаткі, таму я спускаю возера і займаюся таварным рыбаводствам. Як бачыце, нюансаў хапае, але гэтая справа прыносіць задавальненне мне і людзям, якія прыязджаюць сюды, што і з’яўляецца найлепшым стымулам працягваць.


Сапраўды, за апошнія гады возера каля Краснага палюбілі рыбакі не толькі з Беларусі. Мы прайшліся па беразе і пазнаёміліся з жыхарамі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў, Мінска і нават Калінінграда, якія пахваліліся добрым уловам і адзінадушна паставілі тутэйшай рыбалцы адзнаку “выдатна”.




Кінулася ў вочы і тое, што тэрыторыя дагледжаная, стаяць альтанкі і лаўкі, а ў планах ініцыятыўнага прадпрымальніка узяць у арэнду прылягаючую тэрыторыю і арганізаваць домікі для начоўкі.




З такім падыходам ёсць і вынік. Калі ў мінулым годзе на возеры рыбачылі толькі два месяцы, то сёлета – ад пачатку сезона ўжо тры. Паклапаціўся прадпрымальнік і пра тое, каб зменшыць страты ад браканьераў, – цяпер на тэрыторыі ўстаноўлены відэапасткі. Ёсць і сімпатычны ахоўнік – чорны сабака Дзік.


Як паведаміла галоўны юрысконсульт упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Таццяна Новік, на дадзены момант у раёне арандаваны 36 водных аб’ектаў, застаюцца свабоднымі яшчэ 7. Арандатараў на Карэліччыне – 14, гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, асабістыя вытворча-гандлёвыя ўнітарныя прадпрыемствы і адзін са “старажылаў” у гэтай справе – КСУП “Царука”. Выкарыстоўваюцца вадаёмы аднолькава як для таварнага рыбаводства, так і для рэкрэацыйных мэтаў – г. зн. для платнай рыбалкі. Мінімальны тэрмін, на які заключаецца дагавор, складае 5 год. Асноўны дакумент, які рэгулюе дадзеную дзейнасць, – “Палажэнне аб парадку прадастаўлення паверхневых водных аб’ектаў у арэнду для рыбаводства”, зацверджанае Пастанаўленнем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 333 ад 25 красавіка 2015 года.

Такім чынам, за добрай рыбалкай не патрэбна ехаць у тую ж Нарвегію. Наша Карэліччына таксама прапануе прывабныя варыянты прыемнага адпачынку з вудай. Адны рыбакі, у процівагу так званым “саламяным” – звыклым да камфорту, ідуць у самы гушчар на дзікія берагі Нёмана, а іншыя з задавальненнем праводзяць час на такіх вадаёмах, як у ваколіцах аграгарадка Краснае. У любым выпадку, улоў добрых уражанняў вам забяспечаны!





Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэліцкі раён створаны як для плённай працы, так і для выдатнага адпачынку. Пра асаблівасці рыбалкі ў нашым краі і як
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика