Ва ўстанове адукацыі за гэты час шмат чаго змянілася да лепшага. Свой адметны твар набыў унутраны інтэр’ер школы, праведзена істотнае добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі, пастаянна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база школы.
Да работы па штогадовым рамонце вучэбных кабінетаў актыўна далучаюцца бацькі. Сёлета згодна з новымі патрабаваннямі СанПіНа адрамантавана 11 класаў: шпалеры на сценах заменены на фарбу. Два класы цалкам сваімі сіламі адрамантавалі бацькі. На працягу шэрагу гадоў працэнт паступлення выпускнікоў першай сенненскай перавышае сярэднераённы.
— Галоўная задача дырэктара – ствараць спрыяльныя ўмовы для работы педагагічнага калектыву і камфортную абстаноўку для навучання і выхавання дзяцей. А вынікам гэтага павінна стаць высокая якасць адукацыйнага працэсу, — лічыць Аляксандр Ладыжын, які прыйшоў у гарадскую ўстанову адукацыі пасля дырэктарства ў Расненскай і Сінягорскай школах. Дарэчы, у хуткім часе пасля таго, як пакінуў апошнюю, аўтару гэтых радкоў па нейкіх журналісцкіх справах давялося пабываць там. Педагагічны калектыў вельмі шкадаваў, што прыйшлося развітацца з Аляксандрам Іванавічам – умелым кіраўніком і чулым чалавекам.
— Роля дырэктара школы адрозніваецца ад ролі кіраўніка, напрыклад, прамысловага прадпрыемства ці сельгасарганізацыі, — упэўнены Ладыжын. – Дырэктар установы адукацыі павінен не прымушаць падначаленых, а пераконваць у правільнасці прынятых кіраўніцкіх рашэнняў. Наогул, творчыя людзі, а педагогі і ёсць такія, бо кожны ўрок – гэта прадукт творчасці настаўніка, патрабуюць асаблівых падыходаў. Прымусіць тварыць немагчыма, — дзеліцца мой суразмоўца сваімі думкамі. У гэтым пераконвае ўласны вопыт. Настаўнік фізікі Аляксандр Ладыжын выкладаў прадмет шмат гадоў.
На пытанне: “Дырэктар школы больш педагог ці гаспадарнік-адміністратар?” Ладыжын разважліва адказвае:
— Чалавек, які займае такую пасаду павінен спалучаць у адной асобе і гаспадарніка, і педагога, бо і тыя, і іншыя ўменні і веды патрэбны яму для выканання службовых абавязкаў. Не будзеш гаспадарнікам – прыйдзе ў заняпад матэрыяльная база, не зможаш стаць на пункт гледжання педагогаў – страціш узаемаразуменне з калектывам, а гэта нічога добрага для выхаваўча-адукацыйнага працэсу не абацяе.
Ці любяць дырэктара дзеці? Пытанне крыху бянтэжыць:
— Хочацца спадзявацца, што дзеці мяне паважаюць. А катэгорыя “любяць – не любяць”, на маю думку, крыху іншага парадку…
Што ж самаму дырэктару больш за ўсё не падабаецца ў яго рабоце?
— Не падабаецца караць падначаленых, калі гэта часам здараецца рабіць. Настаўнік павінен ісці да дзяцей з добрым настроем, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае. А пасля непрыемнай гутаркі ці нейкага пакарання, які ж можа быць станоўчы і творчы настрой.
…І яшчэ некалькі “штрыхоў да партрэта” дырэктара школы Ладыжына. Аляксандр Іванавіч прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Ён дэпутат, з’яўляецца намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў, уваходзіць у раённы савет апорных пунктаў аховы правапарадку, узначальвае школьную “пярвічку” РГА “Белая Русь”, член прэзідыума раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання. А ў апошні час у сувязі з маючымі адбыцца ў краіне выбарамі да іншых грамадскіх абавязкаў Аляксандра Ладыжына далучылася работа ў Сенненскай акруговай выбарчай камісіі, членам якой ён з’яўляецца.
Таццяна БУРАКОВА.
Фота аўтара.