За плячыма карэліччан залатога ўзросту – вялікае жыццё, якое часцей кружыла іх у віхуры будняў. І радасна, што зараз, на заслужаным адпачынку, святаў у іх календары становіцца ўсё больш. 4 кастрычніка баль “Восеньскі вальс” у Карэліцкім РЦКіНТ стаў яшчэ адной прыемнай нагодай для старэйшага пакалення незабыўна правесці час і падзеяй-прэм’ерай у межах сёлетняй абласной дэкады “Залаты ўзрост”.
Жывая музыка, атмасферная фотазона, восеньскія ноткі ў інтэр’еры, вядучыя і артысты ў рамантычным ўбранні ды лірычная праграма зрабілі сваю справу: шаноўныя госці свята забыліся пра гады і вярнуліся ў маладосць. А разам з імі і прастаўнікі малодшага пакалення адчулі магію мінулага.
Прывітальным словам ад мясцовай улады баль адкрыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Валянціна Вішнеўская, якая пажадала ўсім не глядзець у пашпарт, а зазірнуць ў вечна маладую душу і выдатна правесці час. Прысутныя з радасцю прыслухаліся да парады.
Святочная праграма распачалася чароўным падарункам ад Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў – кампазіцыяй “Вальс” у выкананні юных гусараў і падобных да лёгкакрылых матылькоў прыгажунь.
Працягнулі восеньскі творчы марафон замалёўкамі і вершамі жыхаркі райцэнтра Галіна Навіцкая і Антаніна Аўчыннікава.
Выключнае задавальненне прынеслі гасцям свята спевамі і музыкай Сняжана і Аляксандр Каляда, Алеся Глацько, Аляксандр Чарапанаў, Наталля Шпакоўская. А вядучыя Рыта Яроцкая і Ірына Бондарава хораша зладзілі на восеньскім балі з абавязкамі цырымоніймайстраў.
Сплялі ўдзельнікі ўрачыстасці і вянок народных танцаў разам з калектывам “Спадчына”. А яго кіраўнік Васілій Чартко яшчэ даў бадзёры майстар-клас.
Выдатна прадэманстравалі свае таленты карэліччане залатога ўзросту і падчас танцавальнага папуры, тэмп якога, дарэчы, яшчэ не кожны малады пацягне. Больш таго, пасля ім яшчэ хапіла сіл звонкімі галасамі заспяваць даўнія хіты пра восень.
Завяршыўся баль фуршэтам, падчас якога ішло гарачае абмеркаванне падзеі. Пара Галіна і Баляслаў Навіцкія казалі, што нібы пабывалі на першым спатканні: “Накіроўваліся сюды і не ведалі, што тут нас чакае. І раптам – сюрпрыз! На сэрцы – добра, радасна, лёгка. Даўно такога не адчувалі!”
Антаніна Аўчыннікава таксама натхнілася балем: “Так цёпла ўсё правялі, святочна. У мяне цудоўны настрой! А як спяваюць нашы артысты, залатыя галасы! Дахаты буду ісці як на крылах і з нецярпеннем чакаць наступнага балю”.
З аднаго свята на другое трапілі Таіса Краўцова і Лідзія Малашэнкава: “Мы – педагогі на пенсіі. Вярталіся са школьнай урачыстасці да Дня настаўніка і вырашылі заглянуць на баль. І, ведаеце, даўно так не танцавалі, некалькі дзесяцігоддзяў дакладна. Шчыра кажам, што свята атрымалася на 200 адсоткаў!”
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара