Чаму вы ідзяце на выбары?
14.11.2019
—
Новости Общества
|
Напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі мы вырашылі задаць жыхарам раёна два пытанні:
– Чаму вы ідзяце на выбары?
– Ваш наказ дэпутату Парламента?
Валянціна, аг. Слабада:
1. Упэўнена ў важнасці галасавання любога ўзроўню. Ва ўсе часы, пачынаючы з паўналецця, з’яўляюся актыўным выбаршчыкам, бо лічу, што кожнаму чалавеку вельмі важна выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Выбіраем жа дэпутатаў для сябе, дзеля будучага сваёй краіны.
2. Мой наказ дэпутату – быць уважлівым да людзей і справядлівым, дапамагаць у вырашэнні праблем як прыватнага парадку, так і грамадскага. У Слабадзе вельмі спадзяюцца на новага дэпутата. Верым, што ён дапаможа вырашыць наступнае пытанне: каб рэйсавы аўтобус са Слабады да Шуміліна хадзіў кожны рабочы дзень, а не тры разы на тыдзень, як зараз, каб у любы дзень мы без праблем змаглі даехаць да райбальніцы.
Сяргей, кіраўнік:
1. У многіх краінах удзел у выбарах, у галасаванні не права, а абавязак грамадзяніна. І гэта правільна. Бо ад грамадзянскай пазіцыі кожнага, яго адказнасці залежыць лёс дзяржавы. А выбары – гэта прамая магчымасць для кожнага грамадзяніна ўдзельнічаць у дзяржаўным кіраванні.
2. Неабходна на дзяржаўным узроўні падтрымліваць вёску, усе прадпрыемствы незалежна ад формы ўласнасці: і прыватныя, і дзяржаўныя, і фермераў. Па гэтым шляху паспяхова ідзе ўвесь свет. А дэпутаты павінны ствараць для гэтага заканадаўчую базу.
Уладзімір, прадпрымальнік:
1. Лічу, што кожны грамадзянін, які паважае сябе і сваю краіну, павінен прымаць удзел у мерапрыемствах, якія тычацца дзяржавы. Мне не абыякавы лёс маіх дзяцей. Можа, мой голас і не вельмі паўплывае на карціну ў цэлым, грамадзянскі абавязак я свой выканаю. І волю сваю выкажу. І буду маральна заспакоены.
2. Хацелася б, каб дэпутаты працавалі справядліва, адкрыта, смела, па розуму, былі як мага бліжэй да простага чалавека. Многа не абяцалі, а калі абяцалі, абавязкова выконвалі б. І больш увагі ўдзялялі праблемам малога бізнесу. Бо за ім, мне здаецца, будучыня.
Вікторыя, г.п. Шуміліна
1. На выбары пайду ўпершыню. У нашай сям’і гэта – асаблівы дзень. Добра памятаю, як мае бацькі ішлі на выбарчы ўчастак, гэта было цэлае свята, часам і мяне бралі. А калі давалі ўкінуць бюлетэнь – ад шчасця была на сёмым небе. Так хацелася і самой прагаласаваць, паставіць «птушачку» за свайго кандыдата.
Для мяне выбары – гэта асаблівая адказнасць, бо і ад майго голасу залежыць будучыня маёй краіны. Тым больш, што ўпершыню сама, па свайму сумленню, буду рабіць свой выбар.
2. Зразумела, што мне, маладой, хочацца, каб наш дэпутат цікавіўся праблемамі моладзі, каб уносіў інавацыйныя думкі ў сферы маладзёжнай палітыкі.
Апублікавана ў №89 ад 15.11.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Два пытанні выбаршчыку Напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі мы вырашылі задаць жыхарам раёна два пытанні: – Чаму вы ідзяце на... |
|