Вёска Кожава, што ў Жухавіцкім сельсавеце, вядомая
Аляксандр Анатольевіч пачаў размову з вяскоўцамі з азнаямляльнай інфармацыі пра дасягненні сферы будаўніцтва раёна і пра задачы, якія сёння стаяць перад галіной. Асобна намеснік старшыні райвыканкама спыніўся на жыллёвым і дарожным пытаннях, добраўпарадкаванні і ЖКГ. Не гледзячы на спякотны жнівень, гаварылі і пра падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду і пра тое, што пашпарты гатоўнасці неабходна атрымаць да 1 верасня.
Жыхары Кожава таксама выказаліся па агучаных тэмах. У прыватнасці, іх хвалявала, калі нарэшце зробяць дарогу на Радунь. Бо варыянт 3-4 разы на год прагрэйдзіраваць дадзены ўчастак, як паказвае практыка, не працуе, тут патрэбны больш сур’ёзны рамонт. «Вы ведаеце, што сёлета каранавірус нанёс удар не толькі па здароўі нашых грамадзян, але і па эканоміцы краіны. Таму на бліжэйшы час задача стаіць падтрымаць тое, што зроблена. Гэта датычыцца і дарог. Але ваша пытанне пачутае і ўзятае на кантроль. Зараз усе мы спадзяёмся на добры ўраджай, каб з’явіліся ў бюджэце фінансы і магчымасці адрамантаваць па раёне такія ўчасткі дарог, як ваш», — адпавёў Аляксандр Быліч.
У сувязі з дарогамі ўзнікла пытанне і пра сельгастэхніку, якая перавозіць буракі. Часта машыны едуць перагружаныя і на высокай хуткасці, «губляюць» па шляху караняплоды, што стварае небяспечную абстаноўку для іншых вадзіцеляў. Дадзеная праблема актуальная, адзначыў намеснік старшыні райвыканкама, і будзе данесеная да органаў транспартнага кантролю.
Яшчэ адно надзённае для жыхароў Кожава пытанне — пустуючыя будынкі ды тэрыторыі, што параслі хмызняком. Так, сіламі вяскоўцаў зроблена валейбольная пляцоўка, а літаральна побач — кусты і зелле. Між тым, тут гуляюць дзеці і хочацца, каб было чыста і прыбрана. Некаторыя жыхары не супраць суботніка, каб навесці ў такіх кутках вёскі парадак, але просяць па магчымасці падключыцца і сельсавету. Талакой заўжды можна зрабіць больш і лепш. Прадстаўнікі сельсавета выказалі гатоўнасць падтрымаць вяскоўцаў.
А завяршылася сустрэча на пазітыўнай музычнай ноце, дзякуючы яркім і самабытным артыстам народнага ансамбля песні «Вечарынка» аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры».
Служба інфармацыі «Полымя»