БАТЭ зноў у лідарах
21.04.2011
—
Новости Спорта
|
Футбол. Чэмпіянат Беларусі Перамозе барысаўчан дапамог гулец брэсцкага "Дынама", які забіў два аўтагалы за матч Пяты тур чэмпіянату Беларусі па футболе прымушае ўзгадаць чэмпіянат леташні: БАТЭ зноў займае першы радок турнірнай табліцы, зноў не ладзяцца справы ў мінскага "Дынама". БАТЭ і сам не чакаў такога выніку: супернік у туры — брэсцкае "Дынама" — зусім не тая каманда, якую можна з лёгкасцю разграміць. А вынік тым не менш атрымаўся — 3:0. Праўда, матч не абышоўся без кур'ёзаў. Два мячы ў свае вароты забілі брэсцкія дынамаўцы — дакладней, два аўтагалы на рахунку Аляксея Панкаўца (25, 57), і ўсяго аднойчы вызначыўся барысаўчанін Дзмітрый Бага. Адзначым, што дагэтуль два аўтагалы за матч у гісторыі чэмпіянатаў Беларусі не забіваў ніхто. Вось як пракаментаваў гульню сваіх падапечных галоўны трэнер брастаўчан Юрый Пунтус: — Быццам бы гулялі, было вялізнае жаданне, футбол не самай дрэннай якасці, быў рух, было ўсё...У БАТЭ і так ёсць каму забіваць, а мы яшчэ ўзялі і дапамаглі ім. Калі б мячы, якія мы забілі сабе, забіць у чужыя вароты, то, напэўна, была б перамога, быў бы добры настрой. А так я пакуль ў шоку. Прыкладна такія ж адчуванні, напэўна, зараз і ў галоўнага трэнера мінскіх дынамаўцаў Алега Васіленкі. Самыя гучныя трансферы ў міжсезонні, самае моцнае па імёнах нападзенне ў чэмпіянаце — гэта ўсё пра "Дынама" А ў выніку за чатыры апошнія туры з пяці каманда не забіла ніводнага гола. У другім і трэцім турах такую засуху можна было яшчэ растлумачыць газонам, які больш нагадваў бульбянае поле. У чацвёртым — хуткім голам БАТЭ і арганізаванасцю суперніка ў абароне. З "Нафтанам", здаецца, нічога з пералічанага не перашкаджала. А каманда не толькі не забіла, але і прапусціла кур'ёзны мяч ад навапалатчан. Падчас розыгрышу штрафнога мяч трапіў у штангу, ад яе — у Гарбачова, ад яго спіны — у вароты. Аднаклубнікам герой эпізоду прызнаўся, што гол — не выпадковасць. Настаўнік "Нафтана" Ігар Кавалевіч пагадзіўся, што гол атрымаўся кур'ёзным: — Добра і арганізавана згулялі з камандай, у якой шмат хуткіх футбалістаў. Выдатна дзейнічалі ў абароне, асабліва гэта тычыцца капітана Верхаўцова. Здолелі рэалізаваць адзін з момантаў, хоць гол атрымаўся крыху кур'ёзным. Але мелі магчымасці, каб павялічыць перавагу. Стартавыя мучэнні мінскага "Дынама" наўрад ці задаволяць уладальніка клуба Юрыя Чыжа, які не доўга разважае над трэнерскай будучыняй. Заўзятары мінскай каманды прадракаюць, што білет да роднага Сочы Васіленку можа быць куплены нават раней, чым у маі, часе традыцыйных трэнерскіх адставак у "Дынама". У астатніх сустрэчах "Тарпеда—БелАЗ" і "Гомель" згулялі ўнічыю — 1:1, з такім жа лікам разышліся "Днепр" і "Нёман". "Шахцёр" мінімальна (1:0) перайграў "Мінск", гэтак жа, як і "Белшына", была наймацней за "Віцебск". Становішча каманд: БАТЭ — 11 ачкоў, "Белшына" — 10, "Шахцёр" — 9, "Гомель" — 9, "Тарпеда-БелАЗ" — 8, "Нафтан" — 7, "Мінск" — 5, "Дынама" (Мн) — 5, "Нёман" — 5, "Дынама" (Бр) — 5, "Віцебск" — 4, "Днепр" — 2. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перамозе барысаўчан дапамог гулец брэсцкага "Дынама", які забіў два аўтагалы за матч
|
|