Туманныя перспектывы: БАТЭ саступіў "Вікторыі" і амаль страціў шанцы на Лігу Еўропы. 21.by

Туманныя перспектывы: БАТЭ саступіў "Вікторыі" і амаль страціў шанцы на Лігу Еўропы

25.11.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...У сераду вечарам балельшчыкі БАТЭ пакідалі стадыён, праглынуўшы чарговую няўдачу, — вылет з Лігі Еўропы. Перада мной ідзе хлопчык гадоў 10-11 у майцы Максіма Скавыша.

— Максім Скавыш... І што ж ты, Скавыш, не забіў? — задае хлопцу рытарычнае пытанне нехта з натоўпу. — Мы цябе кормім, поім, а ты... — падключаецца бацька хлопчыка, паддаючы яму ззаду жоўтым дажджавіком, якія прыгатаваў барысаўскі клуб для сваіх заўзятараў на сядзеннях "Дынама". Што і казаць, пройгрыш БАТЭ "Вікторыі" быў нечаканым. Як жа, мы ўнічыю згулялі з "Міланам", а тут нейкія чэхі...

Зразумела, нам верылася ў перамогу. І нават нічыя магла лічыцца станоўчым вынікам. Яна пакідала б БАТЭ на трэцім месцы, якое гарантуе працяг еўрабаталій у лютым у Лізе Еўропы. Але паўтаруся, усе марылі пра перамогу — першую ў групе ў Лізе чэмпіёнаў. Аднак "Вікторыя", якую мы перад пятым турам на ачко апярэджвалі, цяпер на два апярэдзіла нас. І шанцы, што ў апошнім матчы 6 снежня БАТЭ выйграе ў "Барселоны" (пры тым, што "Вікторыя" саступіць "Мілану"), даволі ўяўныя.

Ці то перамога здавалася такой рэальнай, ці то занадта доўгі сезон (самы доўгі ў сваёй гісторыі правёў сёлета БАТЭ, дзе ўжо вырашыў шэраг задач і магчыма, крыху перагарэў), але выйграць і нават згуляць унічыю не атрымалася. Задача "Вікторыі" была куды больш складанай — турнірнае становішча абавязвала чэхаў гуляць толькі на перамогу. І з першых хвілін наш супернік пачаў рэалізоўваць свой план. Нічым добрым гэта скончыцца не магло, і не скончылася. За тры хвіліны да перапынку, калі барысаўчане дагульвалі і думкамі былі ў раздзявальні, Петржэла прарваўся па правым флангу і зрабіў выдатную перадачу Бакашу — 1:0.

У другім тайме каманды прадказальна памяняліся ролямі. "Вікторыя" збіралася захаваць пераможны лік, а БАТЭ ўзяўся гуляць першым нумарам. Шанцы былі... Аднак вырашыць задачу застацца на трэцім радку хаця б атрымаўшы нічыю, не давялося. Віктар Ганчарэнка імкнуўся выправіць становішча, увёўшы ў гульню Гардзейчука, Рудзіка і Кежмана, аднак і гэта аказалася безвыніковым.

— Больш за ўсё непакоіць тое, што ідзём па слядах мінулага года, калі выдалі такую ж бляклую серыю паражэнняў у канцоўцы. Гэта больш за ўсё не падабаецца. Расчараванне ад выніку матча з "Вікторыяй" вялізнае. Нам не хапае рэзерву для таго, каб узмацніць гульню заменамі. А на такім узроўні вельмі важна, каб з лаўкі выходзілі футбалісты, якія могуць унесці пералом у ход матча, узмацніць гульню. Што датычыць самога матча, то мы дазволілі ўцягнуць сябе ў гульню на сустрэчных курсах, што ў канцы сезона было непажадана. Мы пацярпелі паражэнне, пасля якога на душы вялізнае расчараванне...

Што ж, 6 снежня БАТЭ і ўсіх нас чакае завяршэнне чарговай еўракубкавай восені — матч з "Барселонай". Віктар Ганчарэнка заклікае рэальна глядзець на рэчы:

— 30 лістапада мы вылятаем на збор у Барселону, дзе і будзем рыхтавацца да апошняга матчу. Тэарэтычна шанцы, вядома, застаюцца. Але трэба быць рэалістамі: у апошнім туры мы едзем у госці да "Барселоны", якая на дадзены момант найлепшая каманда свету. Таму калі рэальна глядзець на рэчы, то будзе неймаверна цяжка разлічваць на патрэбны нам вынік.

Так, працягу ў лютым у Лізе Еўропы ў БАТЭ не будзе, затое будзе лішнія паўтара месяца міжсезоння. За гэты час удасца і падрыхтавацца лепш, і закрыць праблемныя пазіцыі.

У паралельным матчы ў нашай групе "Мілан" двойчы адыгрываўся падчас сустрэчы з "Барселонай", аднак у выніку саступіў — 2:3. Становішча ў групе: "Барселона" — 13, "Мілан" — 8, "Вікторыя" — 4, БАТЭ — 2.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

Вынікі астатніх матчаў:

(група Е) "Баер" — "Чэлсі" — 2:1, "Валенсія" — "Генк" — 7:0. "Баер" — 9, "Чэлсі" — 8, "Валенсія" — 8, "Генк" — 2. (Група F) "Арсенал" — "Барусія" — 2:1, "Марсэль" — "Алімпіякос" — 0:1. Становішча ў групе: "Арсенал" — 11, "Марсэль" — 7 , "Алімпіякос" — 6 , "Барусія" — 4. (Група G) "Зеніт" — АПАЭЛ — 0:0, "Шахцёр" — "Порту" — 0:2. Становішча ў групе: АПАЭЛ — 9, "Зеніт" — 8 , "Порту" — 7, "Шахцёр" — 2.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...У сераду вечарам балельшчыкі БАТЭ пакідалі стадыён, праглынуўшы чарговую няўдачу, — вылет з Лігі Еўропы. Перада мной ідзе хлопчык гадоў 10-11 у майцы Максіма...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика