Місія для ката Леапольда
16.06.2012
—
Новости Спорта
|
Вылучыць з агульнай карціны буйных спартыўных форумаў галоўную падзею часам бывае цяжка. Тым больш, калі сенсацыя поруч з фартунай пакуль толькі выбірае, з каго жорстка пажартаваць, а каго ўзнесці. З польска-ўкраінскім Еўра-2012 зараз прасцей. Бо не футбол, на жаль, на гэтым тыдні валодае "розумамі". З фаварытаў пакуль расчароўваюць толькі галандцы. Завадны апельсін, напэўна, проста не паспелі завесці. Адчуванне такое, што "аранжавыя" зараз існуюць у іншай рэчаіснасці. Два паражэнні ад датчан і немцаў на старце — і яны амаль з квіткамі ў амстэрдамскі аэрапорт "Схіпхол". Каб змяніць становішча, галандцам неабходна перамагаць партугальцаў і спадзявацца на вікторыю Германіі ў матчы з датчанамі. А пакуль у Харкаве галандскі коўч Берт ван Марвік вырашае дылему Чарнышэўскага "Што рабіць?", у Варшаве мясцовыя "інтэлектуалы" з асяродку ультрас 12 чэрвеня вырашылі не разважаць, а дзейнічаць... Кулакамі і нагамі. Аб'ектам іх вялікай і шчырай увагі прадказальна сталі рускія балельшчыкі, якія прыехалі падтрымаць сваю зборную на матч з гаспадарамі. Пра дзівосы "руса турыста" ў Еўропе ўжо можна здымаць фільм, не горшы за разанаўскі "Неверагодныя прыгоды італьянцаў у Расіі". Гісторыя пра тое, як расійскія заўзятары калісьці ў маленечкай і кволай на сельгаспадарку Андоры пазбавілі фермера Пепэ яблычнага ўраджаю, а пасля кідаліся яблыкамі — дзіцячыя жарты. Нядаўна група "храбрых" маладых людзей наогул расправілася з валанцёрамі на стадыёне ва Уроцлаве пасля гульні з чэхамі. Аднак маразм мацнеў. Яшчэ загадзя руская фан-армада вырашыла правесці марш балельшчыкаў да Нацыянальнага стадыёна ў Варшаве ў дзень гульні з Польшчай. Ідэя, між іншым, з шэрагу тых, пра якія круцяць пальцам каля скроні. Які марш? Марш каго? Трыумфатараў-пераможцаў? І дзе? У Маскве, Піцеры? Адчулі ўвесь драматызм сітуацыі госці толькі на сваіх рэбрах, калі ашалелыя палякі ганялі па мосце Панятоўскага з большага звычайных бяскрыўдных балельшчыкаў, а не рускіх бузацёраў. Нагадала ўсё гэта старыя сельскія танцы, калі мясцовыя дурні кідаліся з кулакамі на нечаканых візіцёраў з гарадка. Увесь жах сітуацыі выклікала і тое, што сярод "маршыруючых" былі і жанчыны, і дзеці, што набывае зусім іншы каленкор. На шчасце, усе жывыя, а паліцыя затрымала больш за сотню ашалелых малодчыкаў. Цяпер іх судзяць. Але ўсё роўна гэта не стапрацэнтная гарантыя таго, што рускіх не працягнуць пераследаваць і надалей. Тым больш зборнай Расіі яшчэ гуляць на польскай зямлі. Уся сітуацыя мне нагадала 1997-ы год, Мінск. Тады разам з татам я ўпершыню трапіў на матч беларускай зборнай з камандай Шатландыі. Балельшчыкі на поўначы Брытаніі таксама не цукровыя. Толькі канфрантацыя там на ўзроўні канфесіянальным: пратэстанты супрацьстаяць каталікам. Але галоўная праблема шатландцаў была ў тым, што ад выпітага піва ім даводзілася шукаць прыбіральні ў бліжэйшых ад "Дынама" дворыках — а гэта выклікала абурэнне ў мінчан. І чамусьці яны не верзлі бязглуздзіцу, фаеры на поле не кідалі, з беларусамі не біліся. Выглядалі добрымі дзядзькамі ў клетчатых кілтах, гатовымі ісці на кантакт з кожным стрэчным. Вобраз п'яных дэбашыраў і хуліганаў рускім трэба мяняць адназначна. Паўсюль знойдуцца тыя, хто за жорсткасць адкажа падвоенай жорсткасцю. Варшаўскія радыкалы гэта даказалі. Правілы жыцця даволі простыя... Для ката Леапольда з'явілася сапраўдная праца. Мацуйся! Тарас ШЧЫРЫ. Р.S. У чацвер стаў вядомы першы няўдачнік чэмпіянату. Іспанцы ў групе С адправілі ў накдаўн Ірландыю — 4:0. У выніку падапечныя Джавані Трапатоні згубілі ўсе шанцы, каб прайсці далей. Італьянцы згулялі ўнічыю з харватамі — 1:1. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вылучыць з агульнай карціны буйных спартыўных форумаў галоўную падзею часам бывае цяжка. Тым больш, калі сенсацыя поруч з фартунай пакуль толькі выбірае, з каго... |
|