Аляксандра Герасіменя: "Я не супраць, каб мяне называлі сярэбранай рыбкай"
07.08.2012
—
Новости Спорта
|
У заключны дзень усёй плавальнай праграмы жаночы заплыў на 50 метраў вольным стылем значыўся пад першым нумарам. Яго ўдалося паглядзець ужывую, а вось астатнія дысцыпліны — ужо на вялікіх экранах, якія знаходзяцца ў мікс-зоне, дзе журналісты могуць на некалькі хвілін прыцягнуць для сябе спартсмена для гутаркі. — Саша, з новым поспехам цябе! Задаволена вынікам? — Я рада, што так атрымалася і змагла двойчы ўпісаць у спартыўную старонку гісторыі Беларусі сярэбранай ніццю сваё імя. — Ты не будзеш супраць, калі дома цябе будуць называць "сярэбранай рыбкай"? — А чаму б і не. Хоць лепш было б называцца "залатой". — На твой погляд, дзве сярэбраныя ўзнагароды можна прыраўнаваць да аднаго залатога медаля? — Які ж спартсмен не марыць мець у сваёй скарбонцы залаты алімпійскі медаль! Таму, безумоўна, я аддала б перавагу званню чэмпіёна і залатому медалю. — На твой погляд, што пашкодзіла табе дагнаць галандку Рамоні Кромавіджоджа, якая апярэдзіла цябе на 0,23 секунды? — Не ведаю. Фактараў можа быць некалькі. Відаць, вельмі хацела заваяваць золата і перахвалявалася. — Магчыма, з-за не вельмі хуткага старту. З першых метраў гэтай кароткай дыстанцыі было відаць, што ты адстаеш. Але ж потым удалося ўсіх нагнаць і амаль дастаць наваспечаную чэмпіёнку. — Ну, значыць, я самая хуткая. Увогуле, як ужо казала раней, у плыўцоў можа быць праблема са стартам, хоць рэакцыю трэніруем пастаянна. Але чаго цяпер казаць пра тое, што прайшло. Будзем жыць новымі марамі. — Як ставішся да ўзаемных празрыстых намёкаў кітайскіх і амерыканскіх плыўцоў адзін да аднаго наконт тайнага прымянення прадстаўнікамі гэтых краін нейкіх энергетычных прэпаратаў-анаболікаў, якія пакуль не трапілі ў поле зроку сучаснай міжнароднай антыдопінгавай лабараторыі? — Я не хачу каментаваць тое, хто і пра што гаворыць. Кожны спартсмен у адказе за тое, якім чынам ён дабіваецца вынікаў. — Ты два старты на працягу некалькі дзён праляцела на адным дыханні. Старая траўма спіны не нагадвала пра сябе? — Дзякуй Богу, пакуль са здароўем усё ў парадку і скардзіцца няма на што. — Як збіраешся патраціць прэмію Прэзідэнцкага спартыўнага клуба? — Грошы аддаю на карысць сталічнай СДЮШ "Старт". Яна ўжо даўно патрабуе рамонту. Трэба ж у Беларусі плаванне развіваць, каб мы маглі ва ўсіх водных дысцыплінах на роўных канкурыраваць з вядучымі краінамі свету. — У цябе ёсць кумір у спорце? — Ніколі нікога не ідэалізавала і не абагаўляла. Але ж імкнуцца да лепшага неабходна. За арыенцір я ўзяла б амерыканскіх плыўцоў Фелпса і Лохтэ. Яны ў лонданскім аквацэнтры паказалі, якім павінен быць узровень сённяшняга плавання. — Як збіраешся распарадзіцца вольным часам, які застаецца пасля выступлення? — Яго не так шмат. Думаю здзейсніць экскурсію па Лондане, зрабіць якія-ніякія пакупкі, набыць сувеніры. А потым — дадому. Праўда, перад гэтым збіраюся на пару дзён наведаць Маскву, дзе мяне чакаюць знаёмыя. У Мінску мяркую быць 8-9 жніўня. — Бліжэйшыя рабочыя планы — якія яны? — Калі ўсё будзе добра, то ў канцы года прыму старты на чэмпіянатах Еўропы і свету. А потым хачу ўзяць невялікі перадых і закончыць навучанне ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. — Па якой спецыяльнасці будзе дыплом у зорнай студэнткі? — Збіраюся пазнаць тайны працы эканаміста-менеджара. Думаю, лішняй у маім жыцці гэтая адукацыя не будзе. Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Лондан. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дасягненне беларускай плыўчыхі Аляксандры Герасімені на плавальных дарожках лонданскага "Аквацэнтра" з разраду сенсацыйных. Бо за мінулыя 20 гадоў... |
|