Хакейная магія лічбаў. 21.by

Хакейная магія лічбаў

21.05.2013 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У традыцыйным спартыўным аглядзе "Звязда" распавядае пра тое, чаму швейцарскія хакеісты перапісалі гісторыю, якімі рэкордамі адзначыліся "Дынама" і "Тарпеда-БелАЗ" і з кім хоча згуляць Вікторыя Азаранка ў фінале "Ралан Гарос".

1. Чэмпіянат свету па хакеі завяршыўся трыумфам шведаў. "Вікінгі" не проста аформілі перамогу на хатняй арэне, а зрабілі гэта вельмі прыгожа: фінальны лік 5:1, напэўна, мала хто чакаў. Нельга сказаць, што ў вырашальным матчы швейцарцы стушаваліся. Наадварот, "крыжаносцы" гулялі смела і актыўна, асабліва ў другім перыядзе, калі былі ў большасці. Пацвярджае гэта статыстыка — 27:25 па кідках на карысць швейцарцаў. Але ні колькаснай перавагі, ні рызыкоўнай гульні аказалася недастаткова, каб прабіць абарону скандынаўскіх хакеі- стаў.

Тым не менш падапечныя Шона Сімпсана заслужылі толькі хвалебныя словы. Швейцарскія хакеісты ўпершыню за 60 гадоў трапілі ў прызёры на чэмпіянаце свету і паўтарылі поспех амаль што векавой даўнасці (у 1935 годзе "крыжаносцы" таксама занялі другое месца на сусветным першынстве)! Але і шведы, акрамя таго, што ў дзявяты раз сталі чэмпіёнамі свету, запісалі на свой рахунак своеасаблівае дасягненне: упершыню з 1986 года краіна- гаспадыня чэмпіянату свету святкавала поспех. Бронзавым жа прызёрам стала зборная ЗША, якая ў серыі булітаў перайграла фінаў. Вырашальную шайбу ў вароты Фінляндыі, дарэчы, закінуў амерыканскі хакеіст з беларускімі каранямі Алекс Гальчанюк.

Нагадаем, што нашы хакеісты трэці раз запар пакінулі сусветны форум з чатырнаццатым месцам. Ва ўзнагароду за такую стабільнасць — 14-е месца ў міжнародным рэйтынгу. Магія лічбаў, аднак!

2. Цікавым выдаўся 9-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе. БАТЭ і "Шахцёр" згулялі ўнічыю. Па словах футбаліста "жоўта-сініх" Віталя Гайдучыка, барысаўчане заслугоўвалі перамогу, бо стварылі больш гульнявых момантаў. "Шкада, што не скарысталіся сваімі шанцамі, трапілі ў штангу, — пракаментаваў вынік матча спартсмен. — Праўда, і ў гарнякоў да перапынку былі шанцы вылучыцца. Вяртацца ў лідары будзем у наступных матчах!". Такім чынам салігорскі клуб застаецца на першым радку табліцы, тры ачкі саступаючы барысаўчанам.

З іншых вынікаў варта адзначыць перамогу "Белшыны" над "Тарпеда-БелАЗ" — 1:0. Жодзінцы на працягу сямі гадоў не могуць перамагчы бабруйчан! Іншы "рэкорд" — на рахунку мінскага "Дынама". "Бела-сінія" ўпершыню з 2002 года страцілі ачкі ў матчы са "Славіяй", згуляўшы ўнічыю з мазырскімі футбалістамі.

3. Беларуская гімнастка Меліціна Станюта працягвае папаўняць калекцыю ўзнагарод. На хатнім этапе Кубка свету наша "грацыя" стала першай у практыкаваннях з булавамі і стужкай. У мнагабор'і Меліта адзначылася "бронзавым" вынікам, прапусціўшы наперад дзвюх расіянак — Яну Кудраўцаву і Дар'ю Сваткоўскую.

4. Гандбольны клуб СКА атрымаў перамогу ў першым з двух фінальных матчаў еўракубка. У жорсткай барацьбе мінчане абыгралі люксембургскі "Эш" 31:26. Ужо ў суботу падапечныя Спартака Мірановіча будуць змагацца за чацвёрты тытул гандбольнай Лігі чэмпіёнаў (апошні раз СКА перамагаў на турніры ў 1990 годзе). Матч пройдзе 25 мая на "Мінск-Арэне".

5. Трэцяя ракетка свету Вікторыя Азаранка саступіла Серэне Уільямс у фінале турніра ў Рыме. Нягледзячы на лёгкі лік 1:6 3:6 барацьба ў матчы была самая што ні на ёсць сапраўдная. Пасля матча Вікторыя выказала думку, што Серэна зараз паказвае неверагодны тэніс і, напэўна, знаходзіцца ў лепшай форме за апошнія 1,5 года. Для амерыканкі тытул у Рыме стаў пятым у сезоне і трэцім на грунце. Што датычыцца нашай суайчынніцы, то Вікторыя адзначыла, што ўсё больш упэўнена адчувае сябе на земляным пакрыцці і вельмі спадзяецца зноў сустрэцца з Серэнай у фінале "Ралан Гарос". Ці здзейсняцца спадзяванні беларускай спарстменкі, паглядзім праз тры тыдні.

6. Гомельскі ВРЗ другі год запар стаў пераможцам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футзале. У паўфінале самага прэстыжнага клубнага турніру ВРЗ адолеў сваіх суайчыннікаў — мінскі клуб "Ахова-Дынама". У вырашальным матчы гамяльчане ўпэўнена ўзялі верх над маскоўскім "Дынама" — 2:0. Дарэчы, лепшым гульцом фінальнага турніру быў прызнаны гомельскі спартсмен Дзмітрый Лось. Нагадаем, што раней футбалісты ВРЗ таксама другі раз запар сталі чэмпіёнамі Беларусі.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У традыцыйным спартыўным аглядзе "Звязда" распавядае пра тое, чаму швейцарскія хакеісты перапісалі гісторыю, якімі рэкордамі адзначыліся "Дынама" і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика