Віталь Гуркоў: са спортам я не завязаў, а творчасцю і так займаўся ўсё жыццё. 21.by

Віталь Гуркоў: са спортам я не завязаў, а творчасцю і так займаўся ўсё жыццё

27.11.2014 14:06 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Чэмпіён свету па муай-тай і ўдзельнік BRUTTO расказвае пра перспектыву наступных баёў і адукацыю музыкаў са свайго гурта.




Герой “Байцоўскага гену” Віталь Гуркоў працягвае сваімі справамі ствараць новыя і новыя інфармацыйныя нагоды. У пачатку восені стала вядома пра тое, што ён увайшоў у склад гурта BRUTTO. Пры гэтым праспяваў у першым альбоме калектыву два беларускамоўныя трэкі і ўжо актыўна гастралюе.

Пра ўдзел у BRUTTO чэмпіёна свету па муай-тай шмат напісана і абсмактана на форумах ды ў сацсетках. Паўтарацца не будзем. Задамо Віталю тыя пытанні, на якіх мала дзе рабіліся акцэнты. Напрыклад, ці застанецца ён у прафесійным спорце.




— Насамрэч з муай-тай я не завязаў і працягваю трэніравацца, — супакойвае Віталь. — Пакуль гэта ўдаецца спалучаць. Наколькі гэта будзе атрымлівацца праз год, два, тры — пабачу. Але сыходзіць не планую. Спорт — гэта вялікая частка майго жыцця, і ёсць жаданне працягваць. У сакавіку будзе чэмпіянат Беларусі, далей — чэмпіянат Еўропы, чэмпіянат свету. Па прафесійных баях пакуль планаў няма. Я перайшоў у больш цяжкую вагавую катэгорыю. Нават калі я выступаў у 70 кг, баёў было няшмат. Гэта праз тое, што не меў менеджара, які б рабіў прапановы па прафесійных турнірах. Амаль усе сур’ёзныя баі — гэта былі мае ўласныя кантакты.

— У прафесійным муай-тай, як кажуць, кожны бой можа стаць апошнім. Ці пагодзіцеся вы ў сённяшніх умовах выступаць супраць самых топавых байцоў?

— Так. Для гэтага мне патрэбна чатыры тыдні падрыхтоўкі, каб я выйшаў на пік формы. Прытым што сёння я працягваю трэніравацца і рэжыміць.

— Ці ёсць на будучыню яшчэ нейкія асаблівыя ўмовы для вялікіх баёў?

— Час, месца, ганарар. Усё.





Пра гурт BRUTTO: прафесійныя музыкі, спартоўцы, эканамісты і рэжысёр

Віталь Гуркоў з юнацтва граў і спяваў у разнастайных гуртах. Ды не ўсе пра гэта ведаюць. Пасля стварэння BRUTTO інтэрнэт-тролі абрынуліся на чэмпіёна з крытыкай, маўляў, добра можна рабіць толькі адну справу. Але гурт за некалькі месяцаў стаў адным з самых раскручаных у Беларусі і пачаў даваць паспяховыя жывыя канцэрты за мяжой. На справе аказалася, што ў BRUTTO практычна ўсе — прафесійныя музыкі. Ну а пра біяграфію мастацкага кіраўніка Сяргея “Sergio Brutto” Міхалка і так ведае кожны.




— Хачу адразу расцярушыць міф пра “качкоў” і “спяваючых гантэляў”, — працягвае Віталь Гуркоў. — Раскажу пра нашых хлопцаў. Дыня і Шуруп — музыкі з рытм-секцыі — маюць добрую музычную адукацыю, перайгралі ў шмат якіх прафесійных гуртах. У тым ліку і ў “Ляпісе Трубяцкім”. Паша “Rude Boy” Траццяк — мультыінструменталіст, якога ў свой час узялі ў Акадэмію музыкі без экзаменаў. У нас ён грае на клавішах, гітары і мандаліне. Лэфт — гэта вядомы андэграўнд-дзеяч і класны гітарыст з Украіны, які ў сябе дома ўдзельнічаў у топавых хардкор-гуртах. У Лэфта вышэйшая эканамічная адукацыя. Да таго ж ён мае дыплом, які дае права выкладаць ангельскую мову ў ВНУ. Пеця “AIST” таксама з Адэсы.

— Дзіўная мянушка для ўкраінца.

— Калі ён прыехаў у Беларусь, то першае, што яму спатрэбілася — гэта ровар AIST. Яго здзівіла, што ў нас нельга набыць гэты апарат у старым кузаве, скажам так. А ён прызвычаіўся на ім ездзіць у Адэсе і вельмі сумаваў. За гэта мы яго празвалі AIST. Пеця скончыў Адэскую мастацкую вучэльню па спецыяльнасці спевы, таксама граў у розных гуртах на бубнах. То бок раней да музыкі не мелі прафесійнага дачынення толькі я і Бразіл. Але і мы заўжды былі каля нашай хардкор-сцэны. Я насамрэч увесь час займаўся творчасцю, але тады гэта не вылівалася ў нешта сур’ёзнае.




— Пра Бразіла ведаем, што ён праспяваў песню “Гіры”. Больш нічога.

— У мінулым жыцці ён працаваў эканамістам у банку. У галіне спорту Бразіл сёння займаецца змяшанымі адзінаборствамі. Тапор — бізнесовец і рэжысёр.

Ён здымаў кліп “Андэрдог”, браў удзел у запісе альбома. То бок людзі сабраліся далёка не дурныя.

— Не паспрачаешся. Вось яшчэ што цікава: дзе рабілі фірмовы гук для BRUTTO?

— Альбом запісаў беларус Андрэй “Бабёр” Баброўка. Зводзіць і майстарыць даслалі ў ЗША да крутых хлопцаў. Яны двойчы перароблівалі, але вынік не задаволіў. Таму Бабёр сам усё звёў і даслаў амерыканцам на майстарынг. Аказалася, што наш беларус — топавы гукарэжысёр. Таму сінгл “ADИDAS” яго папрасілі зрабіць самастойна. У альбоме, дарэчы, усё выслухоўвалі мільён разоў, пралічвалі кожны момант. Ад некаторых слухачоў былі каментары, нібыта дзесьці недасканала праспявалі. Як разумееце, маючы такі магутны касцяк музыкаў, недакладнасці можна было выправіць умомант. Але гэта быў наўмысны мастацкі прыём. У нейкіх момантах наш імідж многія прынялі за чыстую манету. Але ў мастацтве не ўсё так проста.





Пра скандальны сінгл “ADИDAS”: арт-правакацыя дапамагла расставіць прыярытэты — хто далей ідзе разам з намі

Першы жывы канцэрт BRUTTO далі ў сярэдзіне лістапада ў Краснадары. За некалькі дзён да гэтага Віталь Гуркоў правёў там свой байцоўскі семінар.

— Мяркуючы па фотаздымках, людзей прыйшло вельмі шмат. Хто арганізаваў майстар-клас? Што там адбывалася?

— Прэзідэнт Федэрацыі тайскага бокса Расіі даведаўся аб маім падарожжы ў Краснадар. Ён прапанаваў правесці шэраг навучальных заняткаў у тых гарадах, куды мы паедзем з канцэртамі. Семінар праходзіў у новым, вельмі сучасным і фірмовым клубе. Здзівіла, што туды прыйшло каля 150 чалавек, каб паглядзець на мяне як на спартоўца, які пакінуў след у муай-тай. Былі людзі з усяго Краснадарскага краю, а таксама з Растова і нават з Сібіры. Палова проста фатаграфавалася і гутарыла. Іншыя ўдзельнічалі ў занятках. Былі і дарослыя мужчыны, і дзяўчаты, і юніёры. Дарэчы, у гэтым клубе да мяне праводзіў семінар легендарны баксёр Рой Джонс. Я таксама адчуў сябе Роем Джонсам, бо так шмат аўтографаў ніколі нідзе не даваў.




— Калі выйшаў сінгл “ADИDAS”, ён многіх агаломшыў. Мабыць, некаторыя слухачы пакрыўдзіліся.

— Першы альбом Underdog і сінгл “ADИDAS” — гэта была арт-правакацыя, частка нашага плану. У нейкім сэнсе мы хацелі закрануць публіку, якая енчыла пра “Ляпіса Трубяцкога” на форумах і ў сацсетках. Гэта як Мухамед Алі задзіраў сваіх апанентаў перад боем. Ён мог казаць непрыемныя рэчы, каб вывесці саперніка з раўнавагі, але тым самым прыцягваў увагу публікі. Таксама наша пазіцыя дапамагла расставіць прыярытэты — хто далей ідзе разам з намі. BRUTTO — новы гурт і не трэба атаясамліваць яго з мінулым і пускаць соплі. Гэта быў адказ людзям, якія могуць толькі п……. і заяўляць пра намеры, але нічога вартага не робяць. А ў BRUTTO аб’ядналіся людзі, якія ўвесь час знаходзяцца ў віры дзейнасці, шмат працуюць і выдаюць прадукт. Ставім задачы і іх дасягаем. Тыя, хто пакрыўдзіўся, — з імі нам, пэўна, не па дарозе. Мэта была гэтых людзей справакаваць і прымусіць думаць.




— Цікава, а што вы думаеце пра нашу вечную ментальную праблему? Што ў Беларусі мала прасторы для манеўраў і рэалізацыі. Вы стартавалі з усімі ў аднолькавых умовах, але стрэльнулі і ў музыцы, і ў спорце.

— Павінная быць уласная матывацыя чымсьці займацца і нешта змяніць перш-наперш у сабе. Па вялікім рахунку, больш вам ніхто не дапаможа. Трэба адшукаць свой зніч, які павядзе наперад.

“Байцоўскі ген” — праект кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мэта якога — пазнаёміць грамадства з нашымі выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым дома. А яны зазвычай маюць унікальныя лёсы, пра якія варта ведаць. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй, ганарыцеся імі, заўзейце за нашых!


Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча




 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чэмпіён свету па муай-тай і ўдзельнік BRUTTO расказвае пра перспектыву наступных баёў і адукацыю музыкаў са свайго гурта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика