Галкіпер ФК “Шуміліна”
Футбольны клуб “Шуміліна” зараз удзельнічае ў двух спаборніцтвах па міні-футболе – Альтэрнатыўнай лізе г. Віцебска па міні-футболе (10 каманд-удзельніц) і адкрытым турніры па міні-футболе на прызы аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама (29 каманд-удзельніц). Пасля матчу “Шуміліна” – “Ал-ніксталь”, які завяршыўся з лікам 6:5, лепшым іграком тура стаў галкіпер шумілінскай каманды Павел Барысаў.
Футболам Павел Барысаў захапіўся ў школе. У сёмым класе трапіў на трэніроўкі да Сяргея Сахончыка, які ў той час быў кіраўніком футбольнага аб’яднання па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Хто б мог падумаць, што гэтае памкненне Паўла паўплывае на ўсё яго далейшае жыццё.
“Футбол у маёй сям’і – гэта святое, – расказвае Павел. – Колькі сябе памятаю, пастаянна збіраліся разам ля тэлевізара на прагляд футбольных матчаў. Ды і старэйшы брат гуляў за шумілінскую каманду. Так што, відаць, гэта сямейнае”.
Толькі трэніровак з аднагодкамі Паўлу яўна было недастаткова і хлопец пачаў трэніравацца з дарослымі футбалістамі. Будучы дзесяцікласнікам, дэбютаваў у ФК “Шуміліна” на абласным першынстве па футболе. Зразумела, ён не быў у камандзе асноўным галкіперам, але ўпарта трэніраваўся і чакаў. Апошнія два гады Барысаў – асноўны варатар ФК “Шуміліна”.
Зразумела, з такой любоўю і адданасцю футболу ў хлопца не стаяў выбар, куды паступаць: толькі факультэт фізічнага выхавання (спецыялізацыя “футбол”) Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Сёння Павел Барысаў – малады спецыяліст, інструктар-метадыст фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Яго працоўны стаж яшчэ зусім невялікі: да работы прыступіў у жніўні мінулага года. Як сам адзначае, яму вельмі пашанцавала, што фізкультурна-аздараўленчы цэнтр стаў для выпускніка ВДУ першым працоўным месцам. Павел Барысаў вучыць футбольным азам дзяцей. Калі ў верасні ў групе ў маладога спецыяліста займалася 15 чалавек, то зараз на трэніроўках бывае і да трыццаці.
“Увогуле, мне падабаецца работа ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, – прызнаецца хлопец. – Акрамя інструктара па футболе, я і інструктар у трэнажорнай зале. Справа новая для мяне, цікавая. Ва ўніверсітэце далі асновы атлетычнай гімнастыкі, але ж без самападрыхтоўкі плённа працаваць немагчыма. А яшчэ пастаянныя спаборніцтвы. Добра разумею, што ёсць чаму вучыцца і ў плане арганізацыі спаборніцтваў, і па судзейству”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2018 г.
Галкіпер ФК “Шуміліна” Футбольны клуб “Шуміліна” зараз удзельнічае ў двух спаборніцтвах па міні-футболе – Альтэрнатыўнай лізе г. Віцебска па міні-футболе (10...