Імя шасцікласніка СШ №1 Рамана Хадунова добра вядома сярод аматараў грэка-рымскай барацьбы. Ён неаднаразовы пераможца і прызёр абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Трэнеры адзначаюць як талент юнага барца, так і яго падрыхтоўку і жаданне перамагаць.
“Хлопец займаецца барацьбой шэсць год, – расказвае трэнер Юрый Сцяпанаў. – Рамана вызначаюць стараннасць і ўпартасць.”
Упершыню на спаборніцтвах Раман выступіў два гады назад, на обальскім турніры па грэка-рымскай барацьбе, дэбют выдаўся “бронзавым”. Пасля гэтага былі шматлікія старты, на якіх адным з асноўных прэтэндэнтаў на перамогу быў і Раман Хадуноў. Важна тое, што Раман правільна ставіцца як да перамог, так і да паражэнняў. “Прыемна, калі ты атрымліваеш перамогу на дыване, – дзеліцца хлопчык. – Разумееш, што штодзённыя трэніроўкі даюць плён. Толькі вось адных перамог у спорце не бывае. Кожнае паражэнне, як кажа мой трэнер, паказвае твае мінусы, тое, дзе недапрацаваў на трэніроўцы.”
Сёлета Раман Хадуноў зарэкамендаваў сябе і ў дзяржаўным фізічным комплексе Рэспублікі Беларусь. Спартсменам тут неабходна паказаць максімум фізічнай падрыхтоўкі ў адцісканні і падцягванні, скачках і бегу. “Раман Хадуноў – адзін з лепшых спартсменаў у сваім узросце, – расказвае настаўнік фізкультуры Юрый Мясаедаў. – Ён спачатку выйграў раённы этап спаборніцтваў, затым – абласны. А нядаўна ў складзе зборнай Віцебшчыны абараняў гонар вобласці на фінальным рэспубліканскім этапе, які праходзіў у Брэсце. Дарэчы, у зборнай вобласці быў і яшчэ адзін вучань Шумілінскай СШ №1 – 14-гадовы Мікіта Скараход. Раман Хадуноў заняў выніковае другое месца”. Сам жа Раман не зусім задаволены сваім выступленнем, кажа, што крыху «падвяла» лёгкая атлетыка. “Мог прабегчы лепш, – расказвае хлопец. – Вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе стану чэмпіёнам”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №29 ад 13.04.2018 г.
Перамогі пачынаюцца на трэніроўках Імя шасцікласніка СШ №1 Рамана Хадунова добра вядома сярод аматараў грэка-рымскай барацьбы. Ён неаднаразовы пераможца і...