Заўсёды з любоўю ўзгадвае пра сваю малую радзіму — Шаркаўшчыну — вядомы беларускі спартсмен Віктар Гінько
28.06.2018
—
Новости Спорта
|
Родны мой горад — любоў мая… Такімі словамі з верша беларускага паэта Уладзіміра Някляева выказаўся пра сваю малую радзіму — гарадскі пасёлак над Дзісной — наш зямляк, майстар спорту міжнароднага класа, старшы трэнер нацыянальнай сборнай Рэспублікі Беларусь Віктар Гардзеевіч Гінько. Са знакамітым спартсменам, удзельнікам Алімпійскіх гульняў мы сустрэліся падчас яго чарговага прыезду ў Шаркаўшчыну. — Віктар Гардзеевіч, як часта вы бываеце на сваёй малой радзіме? — На жаль, рэдка. Прычынай таму вялікая занятасць і недахоп свабоднага часу. У мінулым годзе я наведаў раённы чэмпіянат па лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў. Вось і сёлета па запрашэнні сваіх даўніх сяброў пабываў на аналагічных спаборніцтвах. — Раскажыце, калі ласка, чытачам нашай газеты, з чаго пачынаўся ваш шлях у вялікі спорт? — Яшчэ з дзяцінства я марыў стаць спартсменам, гледзячы на поспехі свайго стрыечнага брата Дзмітрыя, які займаўся лыжамі і біятлонам. У адзінаццацігадовым узросце запісаўся ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, якой у той час кіраваў Вячаслаў Васільевіч Кабелка. А першым маім трэнерам стаў Рыгор Аляксандравіч Сапсон. Ён быў накіраваны да нас выкладчыкам фізвыхавання з горада Віцебска. У той час мы, вучні, многа гулялі ў хакей, займаліся бегам, лыжнымі гонкамі, прыжкамі ў вышыню. Праз тры гады працы ў Шаркаўшчыне Рыгор Аляксандравіч вярнуўся ў абласны цэнтр. У хуткім часе ён прапанаваў мне, трынаццацігадоваму юнаку, пачаць заняткі спортам у Віцебску. Мае бацькі далі на гэта сваю згоду. Так я стаў выхаванцам Віцебскай школы-інтэрната спартыўнага профілю, дзе і вырашыў заняцца спартыўнай хадзьбой. — Напэўна, не адразу прыйшлі першыя поспехі і перамогі? — Пасля двухгадовых трэніровак станоўчыя вынікі не прымусілі сябе чакаць. У 1982 годзе на першынстве БССР я выканаў разрад кандыдата ў майстры спорту сярод юніёраў. А яшчэ праз год, пасля заканчэння школы-інтэрната, стаў сярэбраным прызёрам юніёрскага першынства СССР. Затым я быў прызваны ў рады Савецкай Арміі, падчас праходжання службы ў якой не думаў, што ў будучым зноў вярнуся ў вялікі спорт. — Па ўсім відаць, што лёсам вам было наканавана і пасля дэмабілізацыі займацца любімай справай на прафесійнай аснове. — Аднойчы ў вайсковую часць, дзе я служыў, прыйшоў трэнер Мінскага спартыўнага клуба арміі Станіслаў Шапечка і прапанаваў па заканчэнні службы перайсці ў іх клуб. Так завязаліся нашы спартыўнае сяброўства і сумесная работа, якія расцягнуліся ажно на дваццаць год. Ужо ў верасні 1986 года я заняў пятае месца на Кубку СССР сярод моладзі. Вялікую ролю ў дасягненні высокіх рэзультатаў адыгрывалі нашы спартсмены-армейцы. Гледзячы на іх, нельга было трэніравацца не на поўную сілу. Мэта стаяла толькі адна — увайсці ў лік прызёраў Чэмпіяната СССР, што давала магчымасць выступаць на чэмпіянатах Еўропы, Свету, Алімпійскіх гульнях. — І вы дасягнулі пастаўленай мэты? — Упершыню адлегласць даўжынёй 50 км я прайшоў на Чэмпіянаце Узброеных Сіл СССР у Адэсе ў 1988 годзе і стаў тады чацвёртым на дыстанцыі. А ў 1990 годзе на аналагічным Чэмпіянаце я стаў пераможцам і выканаў разрад майстра спорту міжнароднага класа. — Як склалася ў далейшым ваша спартыўная кар’ера пасля распаду СССР? — У 1991 годзе са стварэннем Беларускай Нацыянальнай спартыўнай зборнай я стаў яе ўдзельнікам. Восенню 1992 года прыняў удзел у Чэмпіянаце Швейцарыі ў хадзьбе на 100 км і выйграў яго з рэкордным часам — 9 гадзін, 6 хвілін і 15 секунд. Безумоўна, гэтаму дасягненню спрыялі штодзённыя трэніроўкі. У сярэднім за год я праходзіў больш за 7.000 км, а за сваю спартыўную кар’еру больш чым 140.000 км. — Мара любога спартсмена — удзел у Алімпійскіх гульнях. Ваша мара збылася? — Мой дэбют у Алімпійскіх гульнях прыйшоўся на Алімпіяду 1996 года ў Атланце. Там я стаў пятым. Шчыра кажучы, тады хацеў пакінуць вялікі спорт, але, на шчасце, падтрымалі сябры і ўгаварылі застацца дзеля дасягнення новых вышынь. На чэмпіянаце Італіі на дыстанцыі 100 км у мяне было лепшае дасягненне — 8 гадзін, 43 хвіліны. А ў 2002 годзе я свой асабісты рэкорд давёў да 8 гадзін 38 хвілін. — Віктар Гардзеевіч, магчыма, вы маеце нейкі асабісты сакрэт высокіх спартыўных дасягненняў? — Сакрэт? Не, ні ў якім разе. Сакрэтаў і хітрасцей няма ніякіх. Галоўнае, правільна размеркаваць свае сілы на ўсю дыстанцыю і задаць правільны тэмп хадзьбы. А яшчэ трэба навучыцца цярпець, калі здаецца, што ўсё прапала, калі сілы сканчваюцца. — Але ж немалаважную ролю ў падрыхтоўцы спартсмена, выхаванні яго маральных і фізічных якасцей адыгрывае і трэнер? — Безумоўна. Менавіта трэнер у самым пачатку, з дзяцінства, нібы з маленькіх цаглінак, фарміруе трывалы фундамент у чалавека дзеля будучай спартыўнай кар’еры. І тут многае залежыць ад яго маральна-дзелавых якасцей, яго заахвочанасці любімай справай для дасягнення пастаўленых мэт і задач. Тут ён для свайго выхаванца павінен быць і настаўнікам, і псіхолагам, і, канечне, добрым сябрам. Толькі тады можна разлічваць на поспех. — Віктар Гардзеевіч, ці сумуеце вы па сваёй малой радзіме? — Канечне, бо тут мае карані. Тут я рабіў свае першыя крокі ў жыццё. У Шаркаўшчыне і ў раёне ў мяне многа родных, сяброў, з якімі я не парываю сувязі, і пры першай магчымасці прыязджаю сюды зноў і зноў. У сярэдняй школе № 1, дзе я вучыўся, настаўнікамі працавалі мае бацькі — тата Гардзей Аляксандравіч і мама Мая Васільеўна. Матуля цяпер пражывае ў горадзе Жодзіна, але прасіла мяне праз раённую газету перадаць прывітанне сваім землякам-шаркаўчанам, з кім пражыла шмат год побач, з кім разам працавала і сябравала. Жадаю роднай Шаркаўшчыне і яе жыхарам ў юбілейны год далейшага росквіту, дабрабыту, здароўя і шчасця. Упэўнены, маю малую радзіму ў хуткім будучым праславіць яшчэ не адзін спартсмен на рэспубліканскай і міжнародных арэнах. — Вялікі вам дзякуй за размову, Віктар Гардзеевіч! Даведка Віктар Гардзеевіч Гінько — нарадзіўся 7 снежня 1965 года ў г. п. Шаркаўшчына. Займаўся ў сярэдняй школе райцэнтра. 1982г. — кандыдат у майстры спорту па спартыўнай хадзьбе. 1990г. — майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай хадзьбе. Удзельнік, прызёр і пераможца Чэмпіянатаў СССР, Еўропы і Свету. Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996 г.) і Сіднеі (2000 г.). У цяперашні час — старшы трэнер Беларускай Нацыянальнай зборнай па спартыўнай хадзьбе. Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК. НА ЗДЫМКУ: Віктар Гінько ўзнагароджвае пераможцу раённага спаборніцтва па лёгкай атлетыцы з Германавіцкай СШ Мікіту Крыўко. Фота Алены АНАНІЧ. Оставить комментарий
|
|