Цягнікі беларускай чыгункі аснасцяць унікальным тэхнічным рашэннем да Еўрапейскіх гульняў
Афіцыйны аператар сувязі Еўрапейскіх гульняў кампанія vеlсоm і Беларуская чыгунка (БЧ) ў рамках падрыхтоўкі да мультыспартыўнага форуму прадставілі ўнікальнае для Беларусі тэхнічнае рашэнне сувязі для пасажырскіх цягнікоў. Новая распрацоўка дазваляе адначасова забяспечыць пасажыраў бясплатным інтэрнэт-доступам па тэхналогіі Wі-Fі і ўстойлівай мабільнай 3G-сувяззю пры любой хуткасці руху цягніка.
Цяпер такое рашэнне запушчана ў адным электрацягніку рэгіянальных ліній бізнес-класа, а да пачатку ІІ Еўрапейскіх гульняў бу-дзе разгорнута яшчэ ў 17 цягніках. Уздоўж чыгуначнага палатна пабудуюць каля 100 новых базавых станцый на асноўных чыгуначных магістралях: Гомель — Гудагай і Брэст — Орша. Пакрыццё мабільнай сувяззю істотна палепшыцца і на памежных пераходах, і на інфраструктурных аб’ектах: трэніровачных базах, у гасцініцах і іншых лакацыях. «Усё гэта робіцца для таго, каб госці і ўдзельнікі Гульняў былі забяспечаны звышвыразнай галасавой сувяззю і ўстойлівым інтэрнэт-злучэннем незалежна ад месца свайго знаходжання», — адзначае начальнік аддзела планавання радыёсеткі кампаніі vеlсоm Аляксей Карніцкі.
Ва ўсіх вагонах цягнікоў будуць устаноўлены пункты доступу Wі-Fі, падключаныя да маршрутызатара з бесправадным мадэмам. Узмацняльнае абсталяванне рэтранслюе атрыманы ад базавых станцый сігнал 3G-сеткі праз пракладзены ў вагонах кабель. А для паляпшэння прыёму сігналу як сістэмы Wі-Fі, так і ўзмацняльнікаў сігналу выкарыстоўваюцца спецыяльныя антэны, устаноўленыя на даху цягніка. Тэхнічная распрацоўка дазваляе забяспечыць устойлівую мабільную сувязь у цягніках, нягледзячы на металічныя сценкі вагонаў, якія дрэнна прапускаюць сігнал, высокую хуткасць руху цягнікоў і аддаленасць ад базавых станцый.
Важна, што скарыстацца Wі-Fі, знаходзячыся ў дарозе, змогуць бясплатна абаненты ўсіх мабільных аператараў. Для гэтага пасажырам неабходна будзе прайсці рэгістрацыю праз партал аўтарызацыі, а пасля — атрымаць код доступу з дапамогай sms на свой нумар мабільнага тэлефона.
Адзначым, што за мінулы месяц ужо каля пяці тысяч пасажыраў рэгіянальных ліній скарысталіся Wі-Fі у дарозе.
Для рэалізацыі згаданага праекта Беларуская чыгунка выдзеліла тэлекам-аператару ўчасткі для ўстаноўкі вышак сотавай сувязі, а таксама забяспечыла доступ да тэхналагічнага электра-сілкавання. «Доступ да бесправаднога інтэрнэту ў цягніках і якаснай сувязі з’яўляюцца важным складнікам сэрвісу для пасажыраў нароўні з бяспекай, камфортам і скарачэннем часу ў дарозе, — адзначае намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Аляксандр Сырцоў. — Акрамя таго, павышэнне якасці сувязі дазволіць аптымізаваць спадарожныя тэхналогіі і сэрвісы БЧ, забяспечыўшы ўстойлівую работу прылад кантролю пасадкі пасажыраў, продаж білетаў праз інтэрнэт і безнаяўныя разлікі ў цягніках».
Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ.