Адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
Па выніках сустрэчы Ігар Шуневіч пагутарыў з журналістамі. На пытанне аб тым, чым будуць займацца расійскія паліцэйскія ў Беларусі падчас II Еўрапейскіх гульняў, ён заявіў наступнае:
«Супрацоўнікі паліцыі замежных дзяржаў могуць выступаць на нашай тэрыторыі толькі ў якасці экспертаў. Яны будуць ажыццяўляць камунікацыю паміж заўзятарамі гэтай канкрэтнай краіны з права-ахоўнымі органамі нашай дзяржавы. Яны будуць выступаць у якасці магчымай крыніцы інфармацыі адносна канкрэтнага парушальніка грамадскага парадку, выкарыстоўваючы базы даных свайго міністэрства. Гэта датычыцца не толькі паліцэйскіх Расійскай Федэрацыі, але і іншых краін».
Паўнамоцтваў ажыццяўляць праваахоўную дзейнасць замежнымі праваахоўнымі структурамі няма ні ў кога, падкрэсліў Ігар Шуневіч.
«Звязда».