Профессиональный олип редактора районной газеты «Лепельский край». 21.by

Профессиональный олип редактора районной газеты «Лепельский край»

18.10.2018 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Кажуць, што пры нараджэнні чалавека на небе з’яўляецца яркая зорка-анёл, якая спадарожнічае яму на працягу ўсяго жыцця, дапамагае пераадолець цяжкасці, дорыць веру і натхненне. Пад такой шчаслівай зоркай нарадзіўся Уладзімір Шаўчэнка — адораны журналіст, таленавіты паэт, здольны арганізатар і кіраўнік.

Рабоце ў друку Уладзімір Уладзіміравіч прысвяціў больш за сорак год, сямнаццаць з іх кіраваў раённай газетай “Лепельскі край”. Чалавек мэтанакіраваны і актыўны, Уладзімір Уладзіміравіч сам знаходзіцца ў творчым пошуку і сваёй энергіяй, ініцыятывай зараджае супрацоўнікаў. На старонках раённай газеты штогод з’яўляліся новыя рубрыкі: “У аб’ектыве — калектыў”, “Чалавек на сваім месцы”, “Буйным планам”, “Молада — не зелена”, “Асоба чалавека ў інтэр’еры часу”… Змястоўныя матэрыялы аб жыцці раёна, цікавых і неардынарных людзях заўсёды выклікалі цікавасць у чытачоў. На працягу многіх год газета з’яўлялася не толькі веснікам важных падзей сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, а і мудрым дарадчыкам, памочнікам у вырашэнні сацыяльных праблем. Асаблівую папулярнасць маюць рубрыкі “Чытач — газета: зваротная сувязь”, “Газета выступіла. Што зроблена?”.
— Газета — гэта жывы арганізм, які мацуецца на цесных стасунках з чытачамі, і наша асноўная задача — падтрымліваць іх, не спыняць плённы дыялог з жыхарамі раёна, — падкрэслівае Уладзімір Шаўчэнка.
Гэтыя мудрыя словы сталі асноўным накірункам работы журналістаў. Не парываць узаемасувязі з чытачамі, закранаць актуальныя тэмы, раскрываць негатыўныя з’явы, дапамагаць у вырашэнні надзённых пытанняў грамадзян — асноўныя аспекты работы творчых работнікаў рэдакцыі.
Час пралятае непрыкметна… У руплівай няспыннай працы мінаюць гады, дзесяцігоддзі, і надыходзіць час, калі хочацца азірнуцца назад і ўбачыць вынік самаадданай работы. А за гады працы ў рэдакцыі Уладзіміру Уладзіміравічу ўдалося зрабіць вельмі шмат. У клубе юных журналістаў, які быў створаны пры раённай газеце, у свой час атрымалі навыкі юныя творцы, якія зараз сталі прафесійнымі журналістамі і плённа працуюць на ніве журналістыкі. Першыя спробы пяра калісьці рабілі ў раённай газеце Алена Мальчэўская, Кацярына Асоўская, Кацярына і Яна Смарговіч, Вольга Мацкевіч… Алена Мальчэўская скончыла інстытут журналістыкі, аспірантуру Белдзяржуніверсітэта і зараз працуе галоўным рэдактарам рэспубліканскага часопіса “Полымя”. Кацярына Асоўская — карэспандэнт газеты Беларускай чыгункі “Чыгуначнік Беларусі”, працуюць у галіне журналістыкі Яна Смарговіч і Вольга Мацкевіч. На старонках раённай газеты з’яўляюцца новыя імёны юных творцаў, якія рыхтуюць публікацыі аб жыцці школы, і ёсць надзея, што маленькія творчыя зорачкі абавязкова разгарацца ярчэй.
На працягу многіх год рэдакцыя раённай газеты займае прызавыя месцы ў творчых абласных і рэспубліканскіх конкурсах, узнагароджвалася дыпломамі і граматамі, заахвочвалася грашовымі прэміямі. Па выніках працы, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў рэдакцыя ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу па асвятленні пытанняў фарміравання і рэалізацыі сацыяльнай, эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, заслугі ў развіцці мясцовага кіравання і самакіравання, Дыпломамі і Граматамі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь, Граматай Беларускай праваслаўнай царквы, трыма Дыпломамі абласнога выканаўчага камітэта і статуэткамі Францыска Скарыны ў намінацыі “Лепшая раённая газета” ў абласным конкурсе друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Ф.Скарыны. І гэта далёка не ўвесь пералік узнагарод, якія атрымала раённая газета.
Не меншую ўвагу ў сваёй рабоце Уладзімір Шаўчэнка ўдзяляў і паляпшэнню фінансава-эканамічнага становішча “Лепельскага краю”. Рэдакцыя газеты працуе з прыбыткам, на працягу апошніх васьмі гадоў функцыянуе ў рэжыме самаакупнасці і самадастатковасці. Уладзімір Уладзіміравіч шукаў і знаходзіў дадатковыя крыніцы ўстойлівай, стабільнай працы, павышэння даходнасці друкаванага выдання.
…У штодзённай няспыннай працы, калі знаходзіцца вольная хвілінка, Уладзімір Уладзіміравіч бярэ ў рукі альбом з фотаздымкамі, пераглядвае пажоўклыя старонкі артыкулаў, напісаных у школьныя гады. Так-так, менавіта ў юнацкім узросце Уладзімір пачаў супрацоўніцтва з газетамі. Друкаваўся ў газетах “Зорька”, “Піянерская праўда”, “Камсамольская праўда” і іншых.
-2-
Дзяцінства творцы прайшло ў вёсцы Пятніцы Ушацкага раёна. Агульную сярэднюю адукацыю Уладзімір атрымаў у Наваполацкай сярэдняй школе №3. Творчы ж шлях у журналістыцы пачаў у 1974 годзе. Працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела пісем і масавай работы рэдакцыі газеты “Шлях Ільіча” ў г. Дзямідаве Смаленскай вобласці. У 1975 годзе прадоўжыў працу на роднай Віцебшчыне. Быў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, адказным сакратаром рэдакцыі газеты “Герой працы” ў г.п. Шуміліна. За дзевяць год малады журналіст набыў значны прафесійны вопыт, удасканаліў свой творчы почырк. Не выпадкова ў 1984 годзе Уладзімір Шаўчэнка быў прызначаны намеснікам галоўнага рэдактара раённай газеты “Сцяг Ільіча” ў г.Талачыне Віцебскай вобласці. У гэтым жа годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна, Вышэйшую партыйную школу. З 1989-га па 2001 год Уладзімір Шаўчэнка кіраваў раённай газетай “Дняпроўская праўда” ў г. Дуброўна, а ў 2001 годзе ўзначаліў раённую газету “Лепельскі край”.
-3-
Рыхтуючы да друку матэрыялы, Уладзімір Уладзіміравіч знаходзіў час і для паэтычнай творчасці. Да дзясяткаў вершаў, прысвечаных вечнай тэме кахання, прыгажосці прыроды, мацярынству, у свой час напісаў музыку вядомы ў раёне кампазітар, прафесійны музыкант Эдуард Літвін. Так нарадзіліся песні, тэксты і ноты якіх не аднойчы друкаваліся на старонках раённай газеты. Некаторыя з іх спявала на сцэне і аўтар гэтых радкоў.
Чалавек з няспыннай творчай энергіяй, Уладзімір Шаўчэнка пастаянна знаходзіў новыя тэмы для матэрыялаў і сваімі ідэямі дзяліўся з творчымі работнікамі рэдакцыі. За выніковую, плённую працу ў друку Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама, Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Лепельскага раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, Беларускага саюза журналістаў і абласной журналісцкай арганізацыі, стаў лаўрэатам прэміі імя Францыска Скарыны ў намінацыі “Лепшы аглядальнік”, не аднойчы быў заахвочаны грашовымі прэміямі ў якасці лаўрэата абласных і рэспубліканскіх конкурсаў у іншых намінацыях.
У 2011 годзе Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджаны Дыпломам Беларускага саюза журналістаў з прысуджэннем ганаровага звання “Журналіст-настаўнік”. У 2017 годзе галоўнаму рэдактару “Лепельскага краю” прысуджана Ганаровае званне “Выдатнік друку Беларусі” з уручэннем адпаведнага знака. У гэтым жа годзе Уладзіміру Шаўчэнку прысвоена Ганаровае званне Беларускага саюза журналістаў “Заслужаны журналіст” за шматгадовую плённую працу і за асабісты ўклад у развіццё беларускай журналістыкі.
15 кастрычніка бягучага года мне, аўтару гэтых радкоў, дадзена права пераняць ва Уладзіміра Уладзіміравіча высокую місію кіравання раённай газетай “Лепельскі край”. Прызнаюся шчыра: у маім жыцці гэта этап вельмі хвалюючы і адказны. Абяцаю зрабіць усё магчымае, каб памножыць шматгадовыя творчыя здабыткі рэдакцыі, каб папулярнасць раённай газеты толькі ўзрастала і колькасць чытачоў, падпісчыкаў “Лепельскага краю” толькі павялічвалася.
Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, вялікі дзякуй вам за тое, што на працягу сямнаццаці год вы для мяне і маіх калег былі мудрым настаўнікам, ініцыятарам, дарадчыкам. Вялікі дзякуй вам за тое, што ў асобе кожнага дапамаглі выпрацаваць адказнасць, мэтанакіраванасць, імкненне да творчых поспехаў. Вашы вопыт і прафесіяналізм сталі для нас жыццёвай мудрасцю, якая абавязкова спатрэбіцца ў далейшай рабоце. Ад імя ўсяго калектыву шчыра жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту, далейшай несупыннай энергіі і бясконцага аптымізму, а нашай раённай газеце — далейшага росквіту і павагі сярод чытачоў.
Святлана ВАЗНЯК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кажуць, што пры нараджэнні чалавека на небе з’яўляецца яркая зорка-анёл, якая спадарожнічае яму на працягу ўсяго жыцця, дапамагае пераадолець цяжкасці,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика