XV абласная зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу прайшла 24-25 студзеня ў Магілёўскім раёне, на базе аграгарадка Усход. У ёй прымалі ўдзел 25 каманд сельскіх раёнаў, холдынгаў, аб’яднанняў, арганізацый, прадпрыемстваў, у тым ліку і каманда Кіраўскага раёна.
Традыцыйна наша зборная прадэманстравала высокі клас і трапіла на п’едэстал гонару: заняла 2 месца пасля гаспадароў спаборніцтваў. Дарэчы, гэтае “срэбра” – дзясятае па выніках усіх спартакіяд. Кіраўская каманда лічыцца самай тытулаванай: на яе рахунку былі і пераможныя дасягненні, і, як ужо адзначана, другія месцы, і “бронза” — у пераважнай большасці – лідарскія пазіцыі.
Як адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. Больш 500 удзельнікаў, як заўжды, спрачаліся ў валейболе, шашках, кулявой стральбе, гіравым спорце, дартсе, перацягванні каната. Вось толькі сёлетняя зіма не дазволіла правесці лыжныя гонкі і эстафету, яны былі заменены на лёгкаатлетычны крос на эстафету. У снежні ў залік спартакіяды прайшоў навагодні турнір па плаванні. Загадзя праводзіліся занальныя адборачныя спаборніцтвы па валейболе, у тым ліку і на базе нашага раёна, з удзелам каманд Асіповіцкага, Бабруйскага, Глускага, Клічаўскага, Быхаўскага раёнаў і гаспадароў. Па выніках гульняў кіраўчане занялі першае месца. Але далей фартуна звяла нас з мацнейшымі камандамі спартакіяды – Магілёўскага і Чавускага раёна, і трапіць у фінал, на жаль, не ўдалося.
Наша каманда на гэты раз стала лепшай у гіравым спорце, на другіх пазіцыях — у лёгкаатлетычнай эстафеце, перацягванні каната, на трэціх – у дартсе і лёгкаатлетычным кросе. Увогуле выступалі стабільна і па іншых відах спаборніцтваў, займаючы дастойныя месцы.
Лепшымі ў індывідуальным заліку былі ўсе нашы гіравікі: першыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі Віктар Бялянаў, Аляксандр Ермалаеў, Мікіта Рабцэвіч.
Другія месцы – на рахунку Марыі Васілеўскай (настольны тэніс), Яўгена Пішчаліна (кулявая стральба), Анастасія Русанава (лёгкаатлетычны крос).
Віктар Ставер падкрэсліў, што чарговае паспяховае выступленне на спартакіядзе работнікаў АПК – заслуга ўсяго раёна: уклад у падрыхтоўку і арганізацыю паездкі ўнеслі ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, кіраўніцтва сельгасарганізацый, дапамогу аказвалі СДЮШАР, Жыліцкі сельгаскаледж і, безумоўна, вялікая заслуга саміх сельскіх спартсменаў.
Кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў АПК папрасіў праз газету выказаць словы падзякі прадстаўнікам зборнай, якія ўсе 15 сезонаў удзельнічалі ў спартакіядзе, і іх можна назваць ветэранамі гэтага яркага спартыўнага мерапрыемства, а таксама навічкам каманды, дастойна паказаўшым сябе. Добра, што ёсць пераемнасць пакаленняў у зборнай! І ўвогуле, падкрэсліў Віктар Ставер, радуе камандны дух: усе ў адзіным парыве імкнуцца да перамогі, хварэюць адзін за другога.
Пераможцы і прызёры чарговай спартакіяды работнікаў АПК, арганізатарамі якой, як заўжды, былі камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама і абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, вызначаны, атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Наперадзе – летняя спартакіяда. Як адзначыў галоўны суддзя спаборніцтваў Яраслаў Грамыка, традыцыі правядзення спартакіяды сярод работнікаў АПК прыжыліся, і цяжка пераацаніць іх значэнне. Узровень каманд з кожным годам расце. Хочацца дадаць, што галоўную перамогу святкуе здаровы лад жыцця, які дадае энергіі, энтузіязму, узнімае працоўны настрой!
Падрыхтавала Наталля ХАДАКОВА.
Фота з сайтаў zilmogilev.by, www.sb.by, Яўгена Пішчаліна.