Палякі абрэзалі пэнсіі былым афіцэрам камуністычных спэцслужбаў
06.01.2010
—
Новости Мира
|
З пачаткам гэтага году ў Польшчы ўвайшоў у дзеяньне закон, які зьмяншае пэнсіі былым супрацоўнікам спэцслужбаў камуністычнай Польшчы (1944-1990) і сябрам гэтак званай Вайсковай рады нацыянальнага выратаваньня, якая ў сьнежні 1981 году ўвяла ваеннае становішча ў краіне. У сярэднім, пэнсія былога афіцэра камуністычнай Службы бясьпекі (або ўдавы па такім афіцэры) з 1 студзеня 2010 паменшае ўдвая. Некаторым былым генэралам рэпрэсіўнага апарату камуністычнай Польшчы пэнсія можа скараціцца і ўтрая.Дагэтуль былыя працаўнікі камуністычных спэцслужбаў належалі да прывілеяванай групы, у якой пэнсіі былі значна вышэйшыя, чым у звычайных пэнсіянэраў — у некаторых выпадках яны даходзілі да 5000 злотых (1700 даляраў). Закон аб абмежаваньні гэтых пэнсіяў быў прыняты польскім Соймам пад канец 2008 году і падпісаны прэзыдэнтам Лехам Качыньскім у студзені летась. Закон у асноўным падтрымалі Грамадзянская плятформа (партыя прэм’ер-міністра Дональда Туска) і Права і справядлівасьць (партыя братоў Леха і Яраслава Качыньскіх, якая знаходзіцца ў апазыцыі да цяперашняга ўраду). Гэтыя партыі аргумэнтавалі, што вышэйшыя пэнсіі былым афіцэрам спэцслужбаў парушаюць запісаны ў канстытуцыі "прынцып грамадзкай справядлівасьці", якога мае прытрымлівацца польская дзяржава. Закон быў абскарджаны ў Канстытуцыйным трыбунале дэпутатамі зь левых партый, якія аргумэнтуюць, што закон аб скарачэньні пэнсій выкарыстоўвае недапушчальны ў дэмакратычнай дзяржаве прынцып калектыўнай адказнасьці ўсіх афіцэраў спэцслужбаў за рэпрэсіўныя практыкі камуністычнага пэрыяду. Першае слуханьне справы адбудзецца на наступным тыдні. Ацэньваецца, што паводле закону меншыя пэнсіі атрымае больш за 40 тысяч былых супрацоўнікаў камуністычных спэцслужбаў. Грамадзянская плятформа заяўляла раней, што ашчаджаныя гэткім чынам бюджэтныя грошы (а гэта сума парадку 200 мільёнаў даляраў штогод) будуць выкарыстаныя як дапамога "пакрыўджаным Польскай народнай рэспублікай". Закон аб зьмяншэньні пэнсій датычыць таксама сямі былых вышэйшых вайскоўцаў, якія ўваходзілі ў Вайсковую раду нацыянальнага выратаваньня, сфармаваную генэралам Войцехам Ярузэльскім для абвяшчэньня ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981. Сёньня Войцех Ярузэльскі атрымлівае месячна 7000 злотых (2500 даляраў). Некаторыя польскія экспэрты лічаць, што няма дастатковых канстытуцыйных асноваў, каб паменшыць пэнсіі асобам, якія падпісаліся пад дэкрэтам аб увядзеньні ваеннага становішча. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З пачаткам гэтага году ў Польшчы ўвайшоў у дзеяньне закон, які зьмяншае пэнсіі былым супрацоўнікам спэцслужбаў камуністычнай Польшчы (1944-1990) і сябрам гэтак званай Вайсковай рады нацыянальнага выратаваньня, якая ў сьнежні 1981 году ўвяла ваеннае становішча ў краіне.
|
|