Тут пачыналася ПЕРАМОГА. 21.by

Тут пачыналася ПЕРАМОГА

22.12.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тут пачыналася ПЕРАМОГА.

Брэсцкая крэпасць для кожнага, хто прыходзіць сюды, — лакмусавая паперка Памяці, Чалавечнасці і Гонару.

Брэсцкая крэпасць увайшла ў сямёрку цудаў дзякуючы вашаму галасаванню зусім невыпадкова. Як сведчаць вашы водгукі падчас галасавання, пераможцамі сталі менавіта тыя аб’екты, што выклікаюць найбольш моцныя ўражанні. Прычым зусім розныя: на Нарачы і ў Белавежскай пушчы ніякавееш перад прыгажосцю прыроды, ля Мірскага замка, Будслаўскага касцёла і полацкай Сафіі стаіш у замілаваным захапленні ад таго, што гэтыя скарбы захаваліся на нашай зямлі, руіны Бабруйскай крэпасці будзяць фантазію пра прывіды ў казематах... Брэсцкая крэпасць — гісторыя асобная. Тут хочацца маўчаць, плакаць і думаць. А як яшчэ інакш слухаць звонкую цішыню, у якой на шэрых плітах рэхам аддаецца кожны твой крок, чытаць на пахавальных плітах гэта бясконцае — “Неизвестен”, “Неизвестен”, “Неизвестен”, усведамляючы, што там ляжаць людзі, якія да лета 41-га мелі імя, пра нешта марылі, кагосьці любілі, мераць вачыма такую невялікую адлегласць — усяго некалькі дзясяткаў метраў — ад казематаў да Мухаўца, ведаючы, што там, у казематах, у спякотным чэрвені нейкіх семдзесят гадоў назад людзі гінулі ад смагі? Як інакш, калі не моўчкі, не з камяком у горле, не з вільготнымі вачыма? Кожны, хто хоць аднойчы быў у Брэсцкай крэпасці, пацвердзіць: інакш — нельга. Яна для кожнага, хто прыходзіць сюды, — лакмусавая паперка Памяці, Чалавечнасці і Гонару...

 Ці ведаеце вы, што...

Брэсцкая крэпасць сёлета адзначыла адразу чатыры знакавыя юбілейныя даты

175 гадоў таму, 1 чэрвеня 1836 года, у падмурак цытадэлі, якую ўзяліся будаваць па загаду расійскага імператара Мікалая I на месцы старажытнага Бярэсця, закладзены першы камень. 70 гадоў таму, 22 чэрвеня 1941 года, пачалася гераічная абарона крэпасці над Бугам. 55 гадоў таму, 8 лістапада 1956 года, на першым паверсе казармы сапёрнага батальёна 128-га стралковага корпуса расчыніў дзверы музей абароны Брэсцкай крэпасці. 40 гадоў таму, 25 верасня 1971-га, у памяць абаронцаў крэпасці адкрыты мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”.І яшчэ да адной даты тут ставяцца з трапяткім шанаваннем — паўстагоддзя таму, у чэрвені 1961 года, адбылася першая сустрэча абаронцаў Брэсцкай крэпасці, на якую з розных куточкаў Савецкага Саюза з’ехаліся больш за сто чалавек. З тых 1300, што засталіся жывымі і пасля вайны атрымалі такі статус афіцыйна, сёння з намі менш за  дваццаць.

Як фарпост пасунуў горад

Гісторыя ў крэпасці цікавая, і пачалася яна ў пачатку ХІХ стагоддзя... з перасялення цэлага горада. Брэст да гэтага прастаяў на зліцці Заходняга Буга і Мухаўца васямсот гадоў, але інжынеры пераканалі Мікалая І, што дзеля ўмацавання рубяжоў пашыранай пасля падзелу Рэчы Паспалітай Расійскай імперыі лепшага месца не знайсці, што дзеля гэтага можна “перасунуць” на некалькі кіламетраў дзесяцітысячны горад. Сказана — зроблена. Старажытнае Бярэсце практычна было сцёрта з твару зямлі. Людзям выплачвалася кампенсацыя, але перасяленне ўсё ж ішло няпроста.Праект цытадэлі на месцы горада зацвердзілі ў 1830 годзе, а ўжо праз шэсць гадоў у яе падмурак былі закладзены першы камень, бронзавая дошка і куфэрак з манетамі (дарэчы, усе гэтыя рэліквіі былі знойдзены пасля вайны пры разборы завалаў, зараз іх можна ўбачыць у музеі). Крэпасць на працягу стагоддзя не раз дабудоўвалася, удасканальвалася і заўсёды заставалася важным абарончым аб’ектам для краіны.Ад старога Бярэсця ў крэпасці захавалася ўсяго некалькі будынкаў. Белы палац быў узведзены ў XVIII стагоддзі, у крэпасці яго спачатку прыстасавалі пад будынак афіцэрскага сходу, пасля шыкоўны трохпавярховы палац быў штабам, пазней — гэткім афіцэрскім “Домам культуры”: у пачатку ХХ стагоддзя там былі рэстаран, більярдная, глядзельная зала, бібліятэка...У 1918 годзе менавіта ў гэтым будынку быў падпісаны Брэсцкі мір. Кажуць, на адной са сцен Белага палаца адзін з падпісантаў гэтага дакумента Леў Троцкі пакінуў надпіс, у якім вельмі трапна ахарактарызаваў сітуацыю: “Ні вайны, ні міру”... Ці быў той надпіс насамрэч, ці не — пераканацца, на жаль, немагчыма. Летам 41-га Белы палац зраўнялі з зямлёй, як і яшчэ адзін будынак таго, першага горада — былы езуіцкі калегіум, які ў крэпасці стаў інжынерным корпусам. Менавіта пад руінамі Белага палаца загінулі апошнія абаронцы цытадэлі — пазней тут знайшлі астанкі ста трыццаці чалавек...

Цытадэль мужнасці

Што гэта было семдзесят гадоў назад, летам 41-га? Як тры тысячы чалавек (з васьмітысячнага гарнізона ў першыя дні вайны, спрабуючы прарвацца да сваіх — яны не ведалі, што знаходзяцца ўжо ў тыле ворага, — загінулі каля пяці тысяч) маглі супрацьстаяць васямнаццацітысячнай дывізіі больш за месяц? Без вады, без ежы, без медыкаментаў? Што гэта было? Адчай тых, каму наканавана загінуць? Надзея, што вось яшчэ крыху пратрымацца — і непераможная савецкая армія пагоніць захопнікаў назад? Вернасць Радзіме і воінскай прысязе? Гэта цяпер, праз семдзесят гадоў, у цёплым утульным пакоі ў цэнтры вялікага мірнага горада можна задаваць такія пытанні і шукаць на іх адказ. Салдатам крэпасці было не да разважанняў аб сэнсе жыцця. Вораг напаў на Радзіму, і яны павінны былі яе абараняць. Бо гэта была іх Радзіма. Менавіта дзякуючы гэтаму разуменню мы і перамаглі ў той страшнай вайне. І нядзіўна, што гісторыкі называюць абарону Брэсцкай крэпасці кропкай адліку Перамогі. Тут, у раёне Цярэспальскіх варот побач з дарослымі абараняў цытадэль выхаванец музыканцкага ўзвода 44-га стралковага палка, цяпер падпалкоўнік у адстаўцы Пётр Паўлавіч Кацельнікаў, які сёння жыве ў Брэсце. Памяць, якая навечна захавала страшныя эпізоды першых гадзін і дзён вайны, часта прыводзіць яго ў крэпасць.— Тады мне было 12 гадоў. Толькі ўсё як зараз памятаю, — расказвае Пётр Паўлавіч. —У ноч на 22 чэрвеня разбудзіў нас неймаверны грукат. Здавалася, падлога ходзіць пад нагамі, навокал усё абрушвалася, у столі ўтварыліся дзіры, казарма гарэла, ад пылу і дыму не было чым дыхаць. Не разумеючы, што адбываецца, байцы разгубіліся. Нехта крычаў: “Трывога! Разабраць зброю і спускацца ўніз!” Але хутка байцы ўжо рыхтавалі зброю, зараджалі кулямёты. Мне было загадана падносіць патроны і кулямётныя стужкі. Вельмі хацелася паглядзець у акно, як нашы б’юць фашысцкіх гадаў. Ды не было калі — байцы раз-пораз крычалі мне: “Малыш, патроны!” Не адчуваючы стомы, я цягаў і падаваў боепрыпасы... Паўзком прабіраліся да склада боепрыпасаў, набіралі поўныя процівагазавыя сумкі і кішэні патронаў і вярталіся назад. З хлопцамі адпраўляліся да Буга па ваду. Пад кулямі галаву было падняць немагчыма, але ў крэпасці знемагалі ад смагі цяжкапараненыя, малыя дзеці... Змагаліся нават падлеткі. Змагаліся ўсе, хто мог трымаць зброю. І гэта славутае “Паміраю, але не здаюся...”, напісанае на адной са сцен крэпасці, — не гучныя словы, не патэтыка. Яны так адчувалі. Для іх гэта было адзінае прымальнае выйсце. Без кампрамісаў і без варыянтаў....У дакументах Трэцяга рэйха факт узяцця Брэсцкай крэпасці так і не быў зафіксаваны. У верасні 41-га Гітлер і Мусаліні прыехалі ў крэпасць. Фашысты на свае вочы хацелі пабачыць і зразумець прычыну такога працяглага супраціўлення. Дзеля гэтага наладзілі нават інсцэніроўку. Тлумачэння так і не знайшлі. Калі ж нехта са світы нагой адсунуў абломак і адтуль паказалася рука мёртвай жанчыны, Гітлер сказаў: маўляў, тут ваявалі жанчыны-смертніцы. Трэба ж было неяк апраўдаць правал “бліцкрыга” ў першыя дні вайны...

Мемарыял — каб помнілі

Рашэнне аб стварэнні мемарыяла на месцы гераічнай абароны крэпасці было прынята толькі праз дваццаць гадоў пасля вызвалення Беларусі. Аб тым, што крэпасць так доўга змагалася, не засталося фактычна ніякіх дакументаў, таму доказы самога факта абароны давялося збіраць па крупінках. Пісьменнік Сяргей Смірноў, напісаўшы ў 1957 годзе дакументальную аповесць “Брэсцкая крэпасць”, звярнуў на подзвіг яе абаронцаў увагу і грамадскасці, і ўлады...Над стварэннем мемарыяла працавала ўся вялікая краіна. Работа сапраўды была грандыёзная. Напрыклад, дзеля таго каб паставіць і ўмацаваць штык-абеліск вышынёй больш за сто метраў, капалі катлаван глыбінёй сорак метраў. А канструкцыі штыка, сабраныя ў Маладзечне, дастаўлялі на спецыяльным аўтапоездзе, пасля іх збіралі ў гарызантальным становішчы і ставілі вертыкальна ўжо ўсе сто з лішнім метраў. Спачатку на 45 градусаў ад паверхні, пасля — на ўсе 90, на працягу пяці з паловай гадзін!Падчас разбору завалаў знаходзілі шмат рэчаў з мінулага, якія цяпер — вартыя ўвагі музейныя экспанаты. А яшчэ знаходзілі астанкі абаронцаў, што засталіся ляжаць у зямлі, якую яны абаранялі. Яны і цяпер там — пад мемарыяльнымі плітамі. Усяго 962 чалавекі. Імёны ёсць толькі ў 273. Над усімі астатнімі надпіс: “Неизвестен”...У апошнія гады мемарыял перажыў капітальную рэстаўрацыю, а сёлета, 22 чэрвеня, у 70-ю гадавіну пачатку гераічнай абароны, Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адкрыў новы помнік — “Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у бяссмерце ступілі”. З’явіўся ён насупраць Цярэспальскіх варот, акурат у тым самым месцы, дзе роўна 70 гадоў таму ў няроўны бой з фашыстамі ўступілі пагранічнікі легендарнай дзявятай заставы пад камандаваннем лейтэнанта Андрэя Кіжаватава...— Найгалоўнейшая задача для нас, супрацоўнікаў мемарыяла, — захаваць памяць пра тыя дні ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, данесці гэтую суровую праўду, трагічную і гераічную, найперш да падрастаючага пакалення, каб, сілкуючыся ёю, юнакі і дзяўчаты станавіліся сапраўднымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, гатовымі самааддана працаваць на карысць нашай Радзімы, а калі спатрэбіцца — стаць на яе абарону, —  гаворыць дырэктар мемарыяльнага комплексу генерал-маёр у адстаўцы Валерый Губарэнка. — Мы ўсё гэта павінны захаваць для дзяцей, унукаў, для тых, хто прыйдзе потым, каб ведалі яны, які жах нясе вайна і на што здатны чалавек, баронячы сваю зямлю ад ворага. Знайсці, захаваць і данесці, не расплюхаўшы, праўду пра тыя нечалавечыя выпрабаванні, праз якія гераічна ішлі 20-гадовыя хлопцы, — гэта наша задача. І мы стараемся выконваць яе сумленна. Наперадзе — вялікія задумкі. У паўднёва-ўсходняй казарме ёсць яшчэ незанятыя памяшканні — каля 900 квадратных метраў, якія мяркуем адрамантаваць і выкарыстаць для новай экспазіцыі. У сховішчы фондаў сёння знаходзіцца 84 тысячы музейных прадметаў, якія таксама павінны працаваць...

“Дзякуй за праўду”

Штогод 9 Мая і на досвітку 22 чэрвеня ў цытадэлі збіраецца не адзін дзясятак тысяч брэстаўчан і гасцей. Не пустуе мемарыял і ў іншыя дні: кожны, хто прыязджае ў Брэст, лічыць сваім абавязкам наведаць крэпасць. “Дзякуй за тое, што зберагаеце Памяць.” Гэты запіс паўтараецца на рускай, беларускай, украінскай, польскай, англій-скай, арабскай, кітайскай і іншых мовах у кнізе водгукаў музея абароны Брэсцкай крэпасці... “Экскурсія закранула ўсе самыя глыбокія чалавечыя пачуцці. Нашы вучні мяняліся на вачах, суперажывалі героям-абаронцам. Гэта была самая яркая падзея ўсёй нашай паездкі. Пабываўшы тут і пабачыўшы ўсе жахі вайны, мы будзем больш цаніць мірны час, у якім сёння жывём,” — пішуць педагогі і вучні з горада Касцярова Уладзімірскай вобласці. “Збіраючыся ў музей, думала, што зноў будуць хлусіць пра вайну. Прыемна здзіўлена пададзенай інфармацыяй. Вялікі дзякуй супрацоўнікам, асабліва экскурсаводу Ганне Гольдман. Маладая і вельмі прафесіянальная, яна здолела закрануць струны маёй душы, якія даўно маўчалі,” — дзеліцца масквічка  М. Фаміна.“Даўно хацелі трапіць у Брэсцкую крэпасць, каб адчуць дух таго часу. Але тое, што мы пабачылі, пераўзышло ўсе нашыя спадзяванні. Карціны, рэчы, партрэты маладых хлопцаў... 18-гадовыя, яны быццам глядзяць на нас і гавораць: захавайце мір, за які мы аддалі свае жыцці. А вочы маці, якая трымае ў руцэ ордэн загінуўшага сына, ці могуць яны пакінуць раўнадушным!” — перадае ўражанні сям’я Курловіч са Слуцка....Сёння панядзелак, не самы музейны дзень. Але залы не пустуюць. У адной, затаіўшы дыханне, слухаюць аповед экскурсавода брэсцкія школьнікі. У другой ад экспаната да экспаната з сур’ёзнымі тварамі пераходзіць пара закаханых. Масквіч Аляксандр Фінюцін прыехаў у Брэст упершыню па справах. — Я не мог не прыйсці сюды, — гаворыць Аляксандр. — Абодва мае дзяды ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай, адзін дайшоў да Берліна. Тут, у Брэсцкай крэпасці, ахоплівае нейкае асаблівае пачуццё — міжволі спрабую паставіць сябе на месца тых маладых людзей, якія фактычна ішлі на гібель, проста нечалавечымі намаганнямі адбіваючы атакі фашыстаў. Не ведаю, ці здолеў бы так я...

Пра Брэсцкую крэпасць сёння можна пачытаць у кнігах або інтэрнэце. Можна паглядзець аднайменны фільм. І з гэтага скласці пэўнае ўяўленне аб легендарнай цытадэлі. Але яно будзе няпоўным, калі вы сюды не прыедзеце. Каб пачуць гэту цішыню, пабачыць пакалечаныя кулямі і снарадамі сцены, падлічыць вачыма адлегласць ад Мухаўца да казармаў. Задаць самому сабе пытанне: ці здолеў бы я так? Паспрабаваць знайсці на яго адказ і ўздыхнуць з палёгкай, выхо-дзячы з варот цытадэлі ў сваё мірнае спакойнае жыццё...

Куды яшчэ варта зазірнуць, трапіўшы ў Брэст

*Археалагічны музей “Бярэсце”Гэта ўнікальны, адзіны ў Еўропе музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада. Тут можна пабачыць рэшткі больш як 30 драўляных збудаванняў другой паловы ХІІІ стагоддзя.

*Музей гісторыі горадаТут можна пазнаёміцца з усімі этапамі развіцця Брэста ад зараджэння да нашых дзён і пабачыць макет Брэст-Літоўска з усімі яго збудаваннямі, якія былі зруйнаваны ў 30-я гады ХІХ стагоддзя дзеля будаўніцтва крэпасці.

*Зімні садУ аранжарэі Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя Пушкіна, якая адчынена для наведвальнікаў, прадстаўлены дзясяткі відаў экзатычных раслін усіх шырот нашай планеты.

*Музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”Роўнага яму няма ва ўсёй Беларусі. Фонды музея папаўняюцца выратаванымі мытнікамі ад кантрабандыстаў рарытэтамі — старажытнымі абразамі, жывапіснымі палотнамі, шэдэўрамі ювелірнага мастацтва.

*Гарадскі парк культуры і адпачынкуГэта любімае месца баўлення вольнага часу для жыхароў і гасцей горада. Пяць гадоў таму парк адзначыў сваё стагоддзе. Тут налічваецца каля сотні каштоўных парод дрэў, створана азёрная сістэма з фантанамі, перападамі, масткамі.

*Музей чыгуначнай тэхнікіТут сабрана больш за паўсотню ўнікальных экспанатаў двух стагоддзяў, у якіх спраўныя ўсе механізмы, рэстаўраваны знешні выгляд.

*Вуліца СавецкаяСэрца гістарычнага цэнтра горада. Тут вельмі прыемна прагульвацца пешшу, а ўвечары назіраць, як адмыслова апрануты ліхтаршчык, узбіраючыся па лесвіцы, запальвае жывыя агеньчыкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Брэсцкая крэпасць для кожнага, хто прыходзіць сюды, — лакмусавая паперка Памяці, Чалавечнасці і Гонару.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика