Аўтара гімна Беларусі нарадзіла докшыцкая зямля. 21.by

Аўтара гімна Беларусі нарадзіла докшыцкая зямля

05.11.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аўтара гімна Беларусі нарадзіла докшыцкая зямля

 

Несцер Сакалоўскі.

 

9 лістападаспоўніцца 110 гадоўзднянараджэннябеларускагакампазітара, хормайстраіфалькларыстаНесцераСакалоўскага.

 

Нарадзіўся ён у вёсцы Вешкі Докшыцкага раёна ў сям’і малазямельных сялян. Маці Зінаіда Іванаўна славілася ў наваколлі як пявуння, родны дзядзька Міхаіл Адамавіч быў цудоўным скрыпачом, таму з маленства Несцеру запала ў душу хараство народных мелодый. Калі пачыналася зіма, а працы па гаспадарцы менела, жанчыны ледзь не з усіх Вешак збіраліся вечарамі ў Сакалоўскіх – пры лучыне прасці кудзелю. Занятак гэты – аднастайны, нудны, каб весялей было, хто-небудзь запяваў, часцей гаспадыня. Жанкі ахвотна падхоплівалі, і мелодыя напаўняла хату. Песні былі  і вясёлыя, і такія сумныя, што слёзы маглі навярнуцца. Душа малога Несцера адгукалася і на радасць, і на боль. Маляўнічае наваколле Вешак таксама ўплывала на ўражлівага хлопчыка, які гадаваўся ўлюбёным у прыгажосць.

 

Але здарылася бяда. І так Сакалоўскія асаблівым дастаткам пахваліцца не маглі, а тут раптам пазбавіліся ўсяго, што было нажыта цяжкай працай – згарэла хата.  Спадзявацца на дапамогу не выпадала, таму вырашылі перабрацца ў Мінск – можа ў губернскім горадзе прасцей наноў абжыцца.

 

Паколькі адукацыі Сакалоўскія не мелі, бацька Фёдар Адамавіч уладкаваўся дворнікам, а маці – прачкай. Клапаціцца пра будучыню сына ім не было калі, таму Несцер пачаў вучыцца толькі ў пятнаццацігадовым узросце, пасля кастрычніцкіх падзей. У Першай працоўнай школе Мінска, куды ён паступіў, давалі шырокую падрыхтоўку. Даволі значная ўвага ўдзялялася і музычнай грамаце. Гэта ўзрадавала Несцера, бо яго душа ляжала да песні, музыкі. Развітаўшыся з Вешкамі, ён сумаваў па любімых мелодыях дзяцінства. Калі ў  школе ўзніклі гурткі мастацкай  самадзейнасці, запісаўся ў адзін з іх. Спяваў, навучыўся іграць на балалайцы і стаў адным з актыўных школьных артыстаў.

 

Даведаўшыся, што ў  Мінску працуе «Беларуская хатка», хутка асвойтаўся ў гэтым творчым клубе, дзе арганізоўвалі спектаклі і канцэрты члены Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. Потым Сакалоўскі пачаў спяваць у хоры пад кіраўніцтвам  Уладзіміра Тэраўскага. Па заканчэнні школы Несцер ужо не мог ўявіць свой далейшы жыццёвы шлях без прафесійнага мастацтва. Два гады выступаў з рознымі калектывамі.

 

У 1923 г. Сакалоўскага прызвалі ў Чырвоную Армію. Ён быў ротным запявалам, удзельнічаў у салдацкай мастацкай самадзейнасці, а потым і ўзначаліў яе. Звольніўшыся ў запас, працаваў у Беларускім перасоўным драматычным тэатры пад кіраўніцтвам выдатнага рэжысёра і знаўцы сцэнічнага мастацтва Уладзіслава Галубка. Будучы акцёрам, Сакалоўскі неўзабаве стаў і хормайстрам гэтага калектыву. Пастаянныя працяглыя гастролі спрыялі сустрэчам з  носьбітамі аўтэнтычнага фальклору. З задавальненнем слухаў іх, запамінаючы выканальніцкія адметнасці. Аднак адчуў, што нестае ведаў для належнага асэнсавання гэтага багацця. Паступіў на  тэарэтыка-кампазіцыйнае аддзяленне тагачаснага Беларускага дзяржаўнага музычнага тэхнікума, які скончыў у 1931 г. На гэтую пару прыпадае пачатак актыўнай  кампазітарскай дзейнасці Н. Сакалоўскага.

 

Тады творчая інтэлігенцыя шмат рабіла дзеля развіцця народных талентаў, мастацкай самадзейнасці  ў вытворчых калектывах. Сакалоўскі стварыў аматарскія хоры ў некалькіх калгасах непадалёк ад сталіцы. Найбольшага поспеху дасягнуў той, што быў у вёсцы Рогава тагачаснага Заслаўскага раёна. Самадзейныя артысты ў ліпені 1936 г. трапілі ў Маскву на Усесаюзную алімпіяду харавой творчасці і нават удастоіліся выступіць у заключным канцэрце перад кіраўніцтвам партыі і ўрада.

 

Новы этап у творчасці Н. Сакалоўскага пачаўся з 1937 г., калі быў створаны Дзяржаўны ансамбль песні і танца Беларускай ССР – унікальны калектыў па прапагандзе ўзораў айчыннага вакальнага, інструментальнага і харэаграфічнага мастацтва. Кіраўнікамі сталі вядомыя дзеячы, талент якіх раскрыўся менавіта ў гэтых галінах, – Ісак Любан, Несцер Сакалоўскі, Канстанцін Алексютовіч. Нашага земляка прызначылі хормайстрам. Слухачы змаглі пазнаёміцца з многімі народнымі песнямі ў яго апрацоўцы. Цікавасць да асобных з іх – «А ў полі каліна», «Салавейка», «Лён» – не аслабла і па сёння.

 

Выступленні ансамбля ў чэрвені 1940 г. у Маскве выклікалі поўныя захаплення водгукі ў прэсе. Трапіць на канцэрты беларусаў было няпроста, бо ўсе білеты распрадаваліся загадзя.

 

А перад вайной Н.Ф.Сакалоўскаму было даручана стварыць Палескі ансамбль песні і танца. Ён паклапаціўся пра належны падбор артыстаў, цікавы і разнастайны рэпертуар. Дзеля гэтага звярнуўся да паэтаў Петруся Броўкі, Артура Вольскага, Міхася Машары, запрасіў да супрацоўніцтва шэраг кампазітараў, у тым ліку Рыгора Пукста. Вялікую ўвагу надаў народным песням, абрадам, якія даюць шырокае ўяўленне пра беларускія традыцыі, – «Вяснянка», «Дажынкі», «Вяселле Цярэшкі».

 

Калі фашысты акупіравалі Беларусь, Н. Сакалоўскі апынуўся ў чувашскім горадзе Алатыры. Працаваў на заводзе, пасля быў мабілізаваны ў гвардзейскую часць. Але служба працягвалася нядоўга, бо адклікалі для творчай     працы.

 

У 1943 г. Несцер Фёдаравіч стаў мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца, які тады знаходзіўся ў Заволжы. Працаваў, пакуль не пачалося вызваленне Беларусі. З 1944 па 1946 г. Сакалоўскі ўзначальваў аддзел мастацкай самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР, а ў 1946-м стаў старшым рэдактарам рэдакцыі музычнай літаратуры Белдзяржвыдавецтва.
Н.Ф.Сакалоўскі – аўтар музыкі Дзяржаўнага  гімна Рэспублікі Беларусь (верш М.Клімковіча і У.Карызны), знакамітай «Песні пра Нёман» (на словы А. Астрэйкі), многіх хораў і песень на вершы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, М. Чарота, М. Машары, А. Русака і іншых знаных паэтаў, а яшчэ – інструментальных мініяцюр, вакальных сюіт на тэмы беларускіх народных песень. Ён запі­саў і апрацаваў больш за паўтысячы такіх песень і найгрышаў. Дзякуючы Н. Сакалоўскаму пабачылі свет многія зборнікі  твораў беларускіх кампазітараў, спеўнікі для аматараў музыкі.

 

Не стала Несцера Фёдаравіча 13 лістапада 1950 г. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры, і Беларусь даражыць яго музычнай спадчынай.

 

 

ФёдарПалачанін, членСаюзапісьменнікаўБеларусі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
9 лістапада споўніцца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага кампазітара, хормайстра і фалькларыста Несцера Сакалоўскага. Нарадзіўся ён у вёсцы Вешкі Докшыцкага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика