Былі мацюкі, удары па голым целе. Гэта невыносна было чуць.... 21.by

Былі мацюкі, удары па голым целе. Гэта невыносна было чуць...

08.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гучная справа: працяг тэмы

Генпракуратура працягвае настойваць на пакаранні кантралёраў бабруйскага СІЗА-5. Пасля іх удараў загінуў 29-гадовы Дзяніс Клімачоў, які трапіў у следчы ізалятар усяго на тры месяцы. Я сустрэўся з галоўнай сведкай злачынства. У тую ракавую ноч Надзея Хрушчынская сядзела ў суседняй камеры, чула, як здзекуюцца з вязня ашалелыя кантралёры. Некаторых яна разгледзела ў прыадчыненую "кармушку".

Хоць справа і расследуецца амаль дзевяць гадоў, кантралёраў у чарговы раз не змаглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Нагадаем, што Дзяніс Клімачоў загінуў пасля таго, як яго збілі ў бабруйскім СІЗА-5. Крымінальную справу праводзілі несумленна, але Генеральная пракуратура выявіла прынцыповую настойлівасць — пярэваратні ў пагонах павінны адказаць за злачынства.

У нумары "Звязды" за 11 снежня 2009 года мы пісалі пра тое, што Магілёўская абласная пракуратура ў чарговы раз завяла справу па артыкуле 426 Крымінальнага кодэкса ("Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў"). Падавалася, што службовых асобаў, якія збівалі Клімачова, выявяць, але зноўку да крымінальнай адказнасці ніхто прыцягнуты не быў.  

У сувязі з гэтым рэдакцыя "Звязды" атрымала афіцыйны каментар на рашэнне абласной пракуратуры прыпыніць справу.

<І>"У Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь праверана законнасць і абгрунтаванасць гэтага рашэння, — паведамляе начальнік аддзела па наглядзе за следствам у органах пракуратуры Ігар СЕЎРУК. — Рашэнне аб прыпыненні папярэдняга следства па справе адменена ў сувязі з непаўнатой праведзенага следства. Справа накіравана ў пракуратуру Магілёўскай вобласці для правядзення дадатковага следства".

Такім чынам, кропка ў гучным і даўнім злачынстве не пастаўлена. Але сваякі Дзяніса Клімачова баяцца, што з такімі тэмпамі тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці па артыкуле 426 сыдзе.

— Справу расследуюць амаль дзевяць гадоў. З самага пачатку мне сказалі, што я нічога не даб'юся, што такое наша жыццё і трэба змірыцца. З самага пачатку мяне запужвалі крымінальнай адказнасцю за дачу лжывых паказанняў, — узгадвае Алена АБРАМОВІЧ, стрыечная сястра загінулага. — Сёння ў мяне застаецца мала надзей на тое, што вінаватых атрымаецца пакараць. Не за гарамі той час, калі тэрміны прыцягнення да крымінальнай адказнасці сыдуць.

Па шчырасці, не хочацца верыць, што следства зойдзе ў тупік з-за "сканчэння тэрмінаў". Пра збіццё Дзяніса Клімачова ведаюць многія, і калі пярэваратні ў пагонах застануцца на волі, гэта будзе знішчальнае фіяска праваахоўнай сістэмы. Іначай што атрымліваецца? Грамадзянін можа пацярпець ад супрацьзаконных дзеянняў міліцыянера ў пагонах, а злодзей за гэта не адкажа?

Тым часам надзея на асуджэнне былых кантралёраў СІЗА-5 яшчэ не згасла. Тым больш што галоўная сведка злачынства цвёрда і адважна дае паказанні. У снежні 2001 года жанчына знаходзілася ў лічаных метрах ад месца, дзе ашалелыя кантралёры здзекаваліся з Дзяніса Клімачова. "Раптам чуем крыкі: "Ты што, б.., хацеў мне нябожчыка на змену перадаць?"                                                         

 Дзяніс Клімачоў (злева) трапіў у СІЗА ўсяго на тры месяцы. Пасля збіцця "нявызначанымі супрацоўнікамі ізалятара" мужчына загінуў.       У 51-гадовай жыхаркі Бабруйска Надзеі Хрушчынскай — цяжкая стадыя ракавага захворвання. Двойчы на дзень да яе прыходзіць медсястра і робіць абязбольваючыя ўколы.

Тады, у 2001 годзе, жанчына ўпершыню трапіла ў следчы ізалятар. Ноч з 19 на 20 снежня яна памятае, нібы гэта здарылася ўчора.

—Такое не забудзеш, — запрашае мяне Надзея Фёдараўна прысесці на старэнькі фатэль. — Тады ў мяне памерла маці, я страшна перажывала. Да таго ж я чакала свайго прысуду: следчы не стаў разбірацца ў маёй сітуацыі, хоць нават пацярпелы цвердзіў, што я невінаватая, мне ўсё адно шылі справу... Да ўсяго яшчэ і гэтае жахлівае здарэнне.

— Што адбылося ў бабруйскім СІЗА-5 у ноч з 19 на 20 снежня 2001 года?

— Ён (Дзяніс Клімачоў, — Я.В.) быў у суседняй камеры № 39. Калі ісці па калідоры, наша камера № 37 была апошняя па левым баку, яго — апошняя прама. Адлегласць паміж дзвярыма — меншая за метр. Там шэптам скажы — усё чуваць. А тут чалавек крычаў усю ноч, клікаў нейкую Ларысу. Відавочна, што ў хлопца дах паехаў. Першы раз у турме, не трэба быць алкаголікам ці наркаманам, каб гэта здарылася. Калі ён крычаў адзін, мы асабліва не пратэставалі. Але тое, што адбылося пасля, перапужала ўсіх.

Яго вывелі на калідор. Яны пачалі здзекавацца. Пачалі праганяць яго скрозь строй. Было ўражанне, што, як мячык, перакідалі з боку ў бок. Гэта былі не плескачы, а ўдары па голым целе. Падлога там была засланая лістамі бляхі. Было чуваць, як ён бег, спатыкаўся, яго вярталі, зноў удары...

— За што яго білі?

— Ён іх вывеў з цярпення, такімі мацюкамі бруднымі яго крылі, што вушы вялі. Такі шум стаяў, што падыходзілі іншыя дзяжурныя, пыталіся: "Што ў вас тут адбываецца?" "Вось, дурня вывелі, спаць не дае". А ён крычаў розную лухту і плакаў, і прасіўся, клікаў Ларысу. Пры гэтым не грубіў, а прасіў дапамогі. А яны тупалі нагамі: "Ту-ту, паехалі, цягнік прыехаў!" Смяяліся, піхалі. Было невыносна чуць гэтыя здзекі. Мы паднялі крык: "Што вы робіце, што гэта такое?" Пасля гэтага кантралёры прыадчынілі нашу "кармушку". І ў шчыліну я пабачыла тых, хто быў на калідоры. Адразу ж пазнала здаровага паставога Сашу, які тады дзяжурыў на паверсе. Рэчы Дзяніса чамусьці валяліся ў куце, не ведаю, чаму іх вывалаклі. Потым гэты шум сціх.

— Калі вы зразумелі, што хлопец з суседняй камеры загінуў?

— Прыкладна а 8-й раніцы змену прымаў кантралёр Коля. Яны яму пра забітага кажуць: "Ай, ён спіць, нават есці не браў, не чапай яго". А Коля ім: "Ты мне адамкні, я хачу паглядзець". Раптам чуем крыкі, мацюкі: "Ты што, б.., хацеў мне нябожчыка на змену перадаць?" Там жа рады не рады, а ўсё чуеш. І тут пачалася беганіна, мацюкі, размовы, усё на вушы стала...

Шакіраваны аповедам Надзеі Фёдараўны яшчэ раз перапытваю: няўжо яна так добра памятае ўсе дэталі?

—Так, і да апошняга буду казаць праўду. Калісьці ў мяне забілі брата, і калі яны здзекаваліся з гэтага хлопца, я нібы наноў усё ўзгадала. Гэта ўсё пакінула страшны адбітак. Нават іншыя жанчыны з камеры, якія многае пабачылі за жыццё, не вытрымалі, крычалі...

Дададзім, што словы Надзеі Хрушчынскай былі пацверджаныя следчым эксперыментам.

Яўген ВАЛОШЫН,

загадчык аддзела журналісцкіх расследаванняў "Звязды".

ХРОНІКА ЗЛАЧЫНСТВА

Дзяніс Клімачоў раптоўна загінуў у бабруйскім СІЗА-5 у ноч з 19 на 20 снежня 2001 года. Справу хутка прыкрылі. Судмедэксперты "высветлілі", што 29-гадовы мужчына памёр з-за... недахопу алкаголя ў арганізме (кардыяпатыі алкагольнага генезу).

Тым часам на труп Дзяніса перад пахаваннем не маглі нацягнуць штаны: цела было знявечана шматлікімі траўмамі — гематомамі, пераломамі. Спачатку судмедэксперты сцвярджалі, што 33-35 удараў па целе Клімачоў... нанёс сабе сам. І гэта ў камеры для неспакойных, дзе сцены абшыты гумай.

Сваякі знайшлі ў сабе смеласць сфатаграфаваць труп і пачаць дабівацца праўды. Сталі вядомыя новыя страшныя факты. Пасля дадатковых экспертызаў высветлілі, што мужчына атрымаў не менш за 33 удары па целе тупым прадметам.

Аднак да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты толькі двое — начальнік медыцынскай службы СІЗА-5 і дзяжурны памочнік начальніка следчага ізалятара. Яны атрымалі ўмоўныя тэрміны за "несвоечасовае аказанне дапамогі". Але чаму не пакаралі непасрэдных фігурантаў, якія збівалі Дзяніса?

Сваякі звярнуліся да журналістаў. Пасля публікацый у прэсе была распачата новая крымінальная справа. Толькі ў кастрычніку 2008 года кантралёр Мазгавой, пры ўдзеле якога адчынялі камеру № 39, быў прызнаны вінаватым у "бяздзеянні службовай асобы", але не трапіў у турму з-за сканчэння тэрмінаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Пасля серыі публікацый у "Звяздзе" Генпракуратура ў чарговы раз запатрабавала ў Магілёўскай абласной пракуратуры выявіць вінаватых. Адзін са следчых, які расследаваў справу раней, атрымаў дысцыплінарнае спагнанне за цяганіну. Справу перадалі іншаму спецыялісту. Застаецца апошняя надзея.

Прозвішчы кантралёраў вядомыя. Чаму ім не могуць прад'явіць абвінавачванні?

Пра грубыя парушэнні закона, якія дапусціла ў 2002 годзе следства, не ведае, напэўна, толькі лянівы.

Напрыклад, у першай судова-медыцынскай экспертызе не былі зафіксаваныя... пераломы носа, некаторых рэбраў. І калі б не фотаздымкі трупа, якія зрабілі сваякі, пра траўмы многія б і не даведаліся.

Вопратка, якая належала Дзянісу Клімачову, увогуле знікла. Хоць яна і была пазначана ў апісанні судмедэксперта.

Фігуранты крымінальнай справы, супрацоўнікі СІЗА-5, сцвярджалі, што рэбры Дзянісу Клімачову яны зламалі, калі рабілі масаж сэрца. Але зноўку відавочная нестыкоўка: "хуткую дапамогу" тады ніхто не выклікаў.

З моманту злачынства мінула амаль дзевяць гадоў, а яго ўдзельнікі дагэтуль на волі. І добра, калі за гэты час яны не знявечылі яшчэ каго-небудзь.

Чаму вінаватых не могуць выявіць? Магілёўская абласная пракуратура сутыкнулася з праблемай. Фактычна імёны тых, хто адчыняў камеру Дзяніса Клімачова і мог удзельнічаць у збіцці, вядомыя. Але ў адносінах да некаторых крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў ужо заводзілася, і тады ім адказнасці ўдалося пазбегнуць. А па беларускім заканадаўстве крымінальная справа не можа быць заведзена ў адносінах да асобы, якая мае прысуд па тым жа абвінавачванні.

Але пакараць вінаватых, прынамсі некаторых, магчыма. Напрыклад, існуе пастанова Пленума Вярхоўнага суда за 16 снежня 2004 года. У дакуменце пазначана, што службовыя асобы, якія не сталі перашкаджаць злачынству (а такія ў гісторыі Клімачова ёсць), лічацца саўдзельнікамі і павінны адказваць на роўных з тымі, што непасрэдна чынілі злачынства. Але, каб скарыстацца гэтым законам, патрэбна адвага.

Спадзяёмся Магілёўская абласная пракуратура зможа выявіць вінаватых у збіцці Дзяніса Клімачова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Генпракуратура працягвае настойваць на пакаранні кантралёраў бабруйскага СІЗА-5. Пасля іх удараў загінуў 29-гадовы Дзяніс Клімачоў, які трапіў у следчы ізалятар...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика