У СЭРЦА СТУКАЕ НЕСЦІХАЮЧЫ БОЛЬ. 21.by

У СЭРЦА СТУКАЕ НЕСЦІХАЮЧЫ БОЛЬ

25.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Якраз сёння Таццяна Пятроўна Ігнаценка разам з сынам Мікалаем і нявесткай Ліліяй у дарозе з Беразіно ў Кіеў. Адтуль яны адправяцца ў Маскву, дзе на Міцінскіх могілках пахаваны сын  і брат Васіль Іванавіч Ігнаценка –  ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, які ў ліку першых пажарных уступіў у бой з ненасытным жэрлам рэактара. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Украіны, згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР  за мужныя і самаадданыя дзеянні, праяўленыя пры ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ён узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, “за гераічны подзвіг у імя жыцця цяперашніх і будучых пакаленняў, за асабістую мужнасць  і самаахвярнасць  – украінскім ордэнам “Залатая Зорка”, крыжам “За мужнасць”, мноствам іншых узнагарод.

Ignatenko_VIЯкраз сёння Таццяна Пятроўна Ігнаценка разам з сынам Мікалаем і нявесткай Ліліяй у дарозе з Беразіно ў Кіеў. Адтуль яны адправяцца ў Маскву, дзе на Міцінскіх могілках пахаваны сын  і брат Васіль Іванавіч Ігнаценка –  ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, які ў ліку першых пажарных уступіў у бой з ненасытным жэрлам рэактара. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Украіны, згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР  за мужныя і самаадданыя дзеянні, праяўленыя пры ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ён узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, “за гераічны подзвіг у імя жыцця цяперашніх і будучых пакаленняў, за асабістую мужнасць  і самаахвярнасць  – украінскім ордэнам “Залатая Зорка”, крыжам “За мужнасць”, мноствам іншых узнагарод.

Кожны год у красавіку Таццяна Пятроўна атрымлівае запрашэнне з Кіева. Там, ва ўкраінскай сталіцы, яны сустракаюцца з жонкай Васіля – Людмілай, з роднымі першых загінуўшых ліквідатараў, і ўжо ўсе разам на цягніку едуць у Маскву, на жаданую сустрэчу. На жаль, выява на помніку такога роднага і дарагога твару не можа замяніць самога сына, брата і мужа. І сёння, праз 25 гадоў, несціхаючым болем у сэрцы адбіваецца калакольны звон царквы, пабудаванай на Міцінскіх могілках побач з 27-ю магіламі пажарных і атамшчыкаў з Прыпяці, іх самаахвярны подзвіг тут жа ўвекавечаны ў мемарыяле. Агнём у душы гараць словы, якія вымаўляюцца ў час мітынгаў 26 красавіка.
04- Ужо не атрымліваецца ездзіць кожны год, падводзіць здароўе, – гаворыць Т. П. Ігнаценка.  – Летась у Маскву ездзіла дачка Наташа, а сёлета сама сабралася з сіламі. Ва Украіне ў гонар загінуўшых ліквідатараў чарнобыльскай аварыі кожны год праходзяць спаборніцтвы па пажарна-прыкладным спорце, таксама пастаянна запрашаюць на адкрыццё. Васіль, дарэчы, быў майстрам спорту, уваходзіў у зборную Украіны.
Мы сядзім з Таццянай Пятроўнай на канапе, над якой узвышаецца партрэт сына – маладога, прыгожага, з іскрынкай у вачах. Такім ён застаўся назаўсёды. Жанчына  беражліва дастае дыпламат і ў каторы раз бярэ адтуль фотаздымкі, дакументы, пасведчанні аб узнагароджанні і самі ўзнагароды – усё, што засталося ад сына.
Якім быў Васіль?  А якім для маці можа быць сын?
Заўсёды вясёлы, ён  вельмі сур’ёзна ставіўся да жыцця, да службы і абавязкаў.
Сям’я Ігнаценкаў жыла ў вёсцы Спярыжжа Брагінскага раёна. Васіль пасля заканчэння сярэдняй школы паехаў вучыцца ў Гомельскае вучылішча электратэхнікі, пасля працаваў па спецыяльнасці ў Бабруйску. На службу ў армію трапіў у адну з пажарных часцей Масквы. Менавіта там захапіла пажарная справа і стала справай жыцця. І… смерці.
Пасля службы юнак адразу падаўся ў Чарнігаў, аднак там не аказалася свабодных месцаў. А вось у Прыпяці  яго з задавальненнем прынялі ў спецыялізаваную ваенізаваную пажарную часць № 6 па ахове горада атамшчыкаў. Гэта быў адзін з райскіх куточкаў на зямлі, дзе хараство прыроды перапляталася з дасягненнямі прагрэсу. Там Васіль сустрэў сваё каханне і ажаніўся. Разам з жонкай Люсяй яны павінны былі прыехаць 26 красавіка да Васілёвых бацькоў садзіць бульбу. Але  прыехала толькі Люся і паведаміла, што Васіля адвезлі на лячэнне ў Маскву. Да гэтага пра аварыю на атамнай станцыі Ігнаценкам расказала дачка Людміла, якая працавала фельчарам хуткай дапамогі ў Брагіне.
Два выбухі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыліся ў ноч з 25 на 26 красавіка пасля 1 гадзіны ночы. Першым на дапамогу каравулу ВПЧ-2 па ахове станцыі на чале з лейтэнантам Уладзімірам Правікам прыбыў каравул СВПЧ-6 па ахове Прыпяці, якім камандаваў лейтэнант Віктар Кібянок. 28 пажарных былі ў эпіцэнтры аварыі і прынялі на сябе галоўны ўдар ядзернага пекла і смертаноснае дыханне рэактара. “Ад высокай тэмпературы расплаўляўся і сцякаў на зямлю поліўрэтанавы ўцяпляльнік, гарэў бітум, распаліліся металічныя канструкцыі. Боты байцоў уліпалі ў гарачую бітумную масу…
Своечасова пададзеныя пажарнымі лафетныя ствалы дапамаглі пазбегнуць развіцця пажару ў машыннай зале, абаранілі металічныя канструкцыі даху. І ненасытны агонь адступіў, пагроза распаўсюджвання агню далей, на працуючы трэці энергаблок, была ліквідавана”.
Адважныя байцы ўтаймоўвалі агонь на даху рэактара да апошняга. “Больш за дзве з паловай гадзіны, ва ўмовах высокага радыеактыўнага выпраменьвання,  правёў там старшы сяржант Васіль Ігнаценка і атрымаў смяротную дозу”. “Ён быў чэмпіёнам, ён быў мацнейшым за іншых і паспяваў дапамагчы ўсім. Вынес да лесвіцы Мікалая Вашчука і Мікалая Ціцянка, якія страцілі прытомнасць, дапамог выйсці з зоны агню Уладзіміру Цішуру… першым кідаўся ў самыя небяспечныя месцы”.
Пажарныя ведалі, на што ідуць, але іншага выбару ў іх не было: за плячыма сем’і, маленькія дзеці, бацькі, Айчына. Шасцёра з гэтых прыгожых, маладых хлопцаў – самаму старэйшаму было толькі 26 гадоў – атрымалі найвышэйшую дозу апраменьвання.
Васілю Іванавічу Ігнаценку толькі 13 сакавіка споўнілася 25 гадоў.
- Адзначалі дваццаціпяцігоддзе сына 15 сакавіка, – гаворыць Таццяна Пятроўна, – а праз два месяцы яго не стала. Памёр 13 мая, а хавалі 15 мая. Хлопцы ўсе паміралі адзін за адным: Уладзімір Цішура, Уладзімір Правік, Віктар Кібянок. У той дзень, калі хавалі Віктара,  не стала Васіля. Мікалай Вашчук і Мікалай Ціцянок памерлі праз два дні.
Цяжка ўявіць, што прыйшлося перажыць сям’і Ігнаценкаў да гэтага часу і пасля.
Каб знайсці Васіля ў Маскве, прыйшлося выходзіць на генерала пажарнай службы ў Кіеў. У той жа дзень бацька Іван Тарасавіч і жонка Люся адправіліся ў Маскву, у 6-ую клініку інстытута біяфізікі. Потым у Маскву выклікалі сясцёр і брата: Людмілу, Наталлю і Мікалая. Мікалай у той час служыў у Ленінградзе. Стан адважных пажарных пагаршаўся з кожным днём, але яшчэ цеплілася надзея на іх выратаванне, і з ліку родных патрэбна было падабраць донара касцявога мозгу. Донарам стала старэйшая сястра Людміла.
- Сустрэў нас доктар медыцынскіх навук, – успамінае Людміла, –  і адразу папярэдзіў; не абнімацца і не цалавацца, у брата высокая радыяцыя. 2 мая праходзіла аперацыя па перасадцы касцявога мозгу, была вялікая надзея, што ён выжыве. У той жа час, калі я ўбачыла брата пасля аперацыі, чамусьці зразумела, што больш не ўбачу яго жывым.
Усё перанесенае не прайшло безвынікова і для Людмілы. Яна не можа пахваліцца добрым станам здароўя, жыве ў Брагіне, але вельмі часта бывае ў Беразіно. У гэтыя красавіцкія дні Людміла тут, разам з усімі роднымі. Здаецца, няма таго, чаго б яна не ведала пра чарнобыльскую катастрофу. Перачытала на гэту тэму нямала кніг, перажыла бяду сама.
Пасля смерці сына і брата сям’ю Ігнаценкаў чакала перасяленне, іх вёска Спярыжжа трапіла ў зону адсялення.
- Усё, што адбывалася тады, здавалася вайной без баявых дзеянняў, – працягвае ўспамін Людміла. – Адразу вывезлі дзяцей. Наша малодшая сястрычка Наташа, якой тады было 14 гадоў, трапіла адразу пад Гомель, а пазней мы знайшлі яе ў Маладзечанскім раёне. Уся сям’я перасялілася ў іншую вёску Брагінскага раёна, потым – у Буда-Люшава Буда-Кашалёўскага раёна,  вярнулася ў Брагін. Пазней у пошуках пастаяннага месца жыхарства  аб’ехалі многія мясціны Беларусі, спыніліся на Беразіно, куды пераехалі ў 1992 годзе.
- З лесу выязджаеш – і адразу горад, рака, – гаворыць Таццяна Пятроўна.  – А значыць,  рыбалка, паляванне, паходы за грыбамі, якія вельмі любілі бацька і сыны.
Ужо няма ў жывых бацькі Івана Тарасавіча. У Беразіно, па суседству з маці,  жыве з сям’ёй сын Мікалай, які працуе ў “Райаграсэрвісе”. Пераехала ў Беразіно і Наталля, яна працягвае справу брата – працуе інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Плануе канчаткова перабрацца бліжэй да родных і Людміла.
Кожную вясну, кожны красавік нібы нанава ўспыхвае боль, які няспынна тлее ў душы маці, у душах усіх родных. Іх Васіль ратаваў сваю краіну і ўвесь свет. Неаднойчы прыходзілася чуць: калі б агонь у час аварыі на Чарнобыльскай АЭС перакінуўся на іншыя энергаблокі, то катастрофа магла б стаць планетарнай. Нездарма героі-чарнобыльцы ўвекавечаны ў многіх месцах, і не толькі былога СССР. Помнік, мемарыял і царква ў Маскве, царква і вуліца Ігнаценкі ў Мінску, бюст, імянная вуліца і чарнобыльскі куток у мясцовым музеі ў Брагіне, царква, курган і музей у Кіеве, помнік у Хакасіі, нават, абеліск у далёкай  Канадзе і бюст В. Ігнаценкі ў беларускай вёсачцы Буда-Люшава… У Беразіно ў гонар Васіля Ігнаценкі названа вуліца, на якой устаноўлены памятны знак. Чорная быль тут перамяжоўваецца з адвагай і мужнасцю. Таццяна Пятроўна Ігнаценка боль па сыне заўсёды заглушала працай і любімым захапленнем – вышыўкай крыжыкам. На яе вышываных карцінах, якія развешаны ў пакоях кватэры, насуперак усяму, ззяюць  рознакаляровыя кветкі.
Ала АЛЬФЕР.
Фота з архіва і аўтара.
 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якраз сёння Таццяна Пятроўна Ігнаценка разам з сынам Мікалаем і нявесткай Ліліяй у дарозе з Беразіно ў Кіеў. Адтуль яны адправяцца ў Маскву, дзе на Міцінскіх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика