Купалаўская Камуна над ракой Арэсай
21.01.2012
—
Новости Общества
|
Так пісаў у паэме "Над ракою Арэсай" Янка Купала. Сёння толькі два найстарэйшыя жыхары Камуны памятаюць, як з'явілася вёска — першае на Любаншчыне паселішча камунараў, — на свае вочы бачылі асушэнне балот, як па вёсцы хадзіў наш пясняр. 92-гадовай Настассі Шарманавай ішоў дзявяты год, калі ўвесну на хутар, перад самым Вялікаднем прыехала паўтаратонка з дэмабілізаванымі чырвонаармейцамі Самарскай і Чынгарскай дывізій, тымі, што не паехалі дамоў, а падаліся на неабжытыя мясціны і бязлюддзе. Салдаты сядзелі ў кузаве і дружна спявалі пад гармонік вясёлы марш паветранага флоту. Настасся Андрэеўна дагэтуль добра памятае словы песні і зусім няблага іх напявае. У 1929 годзе пачалася будоўля першай камуны. Калгас, які ўзвялі армейцы, дагэтуль носіць імя Беларускай Ваеннай Акругі. 7 лістапада 1929 года — у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — у Камуну прыйшло электрычнае святло — першае на Любаншчыне. — Адразу салдаты пабудавалі сабе дом. Напачатку ў ім жыло 6 чалавек, потым — 30, а яшчэ пазней — нават сто вайскоўцаў, — кажа дачка колішніх камунараў.— Салдаты ўзяліся за асушэнне балот. Асабліва за непраходнае Мар'інскае.
— Раней у мястэчка Любань людзі дабіраліся толькі зімою, калі балоты закоўваліся ў лёд. Солі і запалак набіралі з запасам, каб хапіла на цэлы год. А як дарогу пабудавалі, дык добра нам стала. Прашу бабу Настассю прыгадаць пра Купалу. Яна доўга не задумваецца: "Чаму ж не помню? Ён хадзіў па Камуне летам 1933-га. Гадоў гэтак на сорак пяць выглядаў. Апрануты быў у пінжак, белую кашулю з гальштукам, на нагах — боты. Цікавіўся, як працуюць салдаты, як людзі жывуць". Настасся Шарманава зазначыла, што паэт падчас прыезду дзве ці тры ночы начаваў у камунара-калгасніка Валодзі Дубовіка, а той катаў Купалу на лодцы па Арэсе. На якой лодцы, я не ўдакладніў. Магчыма, гэта быў човен. Магчыма, нават "маторка", бо ў паэме Купала пісаў: <І>"А па рэчцы па Арэсе, Бегае "маторка"; Стары човен, як карыта, Пазірае горка. Купалу камандзіравалі да камунараў для стварэння літаратурнага шырокамаштабнага палатна — жывога і непасрэднага водгуку на барацьбу з балотамі, спрадвечным пракляццем Палесся, як лічылася раней. Асушэнне балот у 30-я гады ўспрымалася як нечуваная, глыбока рэвалюцыйная з'ява. Гэта вызначала і гераічны пафас паэмы "Над ракой Арэсай": Апяюць у песнях Працу, гераізм, Як на край балотны Йшоў сацыялізм... Упершыню купалаўская паэма была надрукавана 29 і 30 чэрвеня 1933 года ў нашай "Звяздзе". Да пачатку вайны паэма зведала ажно пяць асобных выданняў. Першае паселішча камунараў праіснавала нядоўга — 22 ліпеня 1941 года вёска была спалена фашысцкімі карнікамі. Баба Настасся кажа, што гэта была помста за параненага нямецкага вайскоўца. З 209 будынкаў ад Камуны засталіся толькі два — цагляныя ФАП і сіласная вежа.. На руках Настассі тады была дачка, якой споўніўся ўсяго адзін тыдзень. У вайну Настасся аўдавела. Муж, з якім пабраліся ў 1939-м (быў з тых самых камунараў-вайскоўцаў), загінуў на фронце. Яшчэ адзін рубец, але ўжо на твары жанчыны пакінула гэтая вайна: у 1945-м, ці не ў самы Дзень Перамогі, падвода, на якой ехалі сяляне, зачапіла старую міну. Загінула некалькі чалавек, а Настасся пазбавілася правага вока. Пасля вайны Камуна паўстала нанова. Больш за 20 гадоў Настасся працавала даяркай — даіла і ўручную, і машынамі. За высокія надоі ездзіла ў Маскву на выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі, атрымала некалькі ордэнаў. Цяпер старэйшую жыхарку даглядае ўнук Іван. У 1957 годзе камунараўскай сярэдняй школе надалі імя Янкі Купалы. Спачатку ў школе быў куток, а цяпер — літаратурны пакой-музей у гонар народнага паэта. У школе наогул тры музеі — акрамя літаратурнага, ёсць музей гісторыі калгаса і музей этнаграфіі. А побач з будынкам навучальнай установы знаходзіцца адзіны ў краіне музей меліярацыі. Год таму мне давялося зрабіць здымак кампазіцыі з камянёў-валуноў у славутых мясцінах песняра. Сёлета школа рыхтуецца адзначаць 130-годдзе паэта. — Радуе, што нашы дзеці стараюцца больш ведаць мінулае вёскі, вывучаюць творы Купалы, могуць самастойна праводзіць экскурсіі па музеі, — кажа намеснік дырэктара школы, кіраўнік музея, настаўніца роднай мовы і літаратуры Людміла Варабей — колішняя выпускніца камунараўскай школы. Да ракі Арэсы ад вёскі з добры дзясятак кіламетраў. Мясцовы паляўнічы і пчаляр Васіль Яскевіч ведае самы кароткі шлях да некранутых меліярацыяй берагоў услаўленай паэтам ракі. Недалёка ад Васілёвай хаты расце дуб-асілак, які не мог не трапіць на вочы Купалу. Дрэву сама меней трыста гадоў, і яно, несумненна, сведка асушэння Мар'інскага балота. Як толькі ацалела дрэва, як не трапіла пад камунараўскую сякеру? Васіль не праміне магчымасці, каб не паказаць гэту рэліквію. А на беразе ракі, за вёскай Купранка, расце яшчэ адзін прыгажун-асілак. Сёння, бадай, гэта адзіны куточак, які дае ўяўленне пра колішнюю прыгажосць Арэсы. Нездарма яго любяць наведваць нашчадкі першых меліяратараў — камунараў. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так пісаў у паэме "Над ракою Арэсай" Янка Купала. Сёння толькі два найстарэйшыя жыхары Камуны памятаюць, як з'явілася вёска — першае на Любаншчыне паселішча... |
|